ЗША могуць атрымаць доступ да інфармацыі пра аперацыі ГРУ

Экстрадаваны ў ЗША расійскі бізнэсмен Уладзіслаў Клюшын можа валодаць інфармацыяй пра ўзлом сервераў Дэмакратычнай партыі ЗША ў 2016 годзе і атручванне Сяргея Скрыпаля ў 2018 годзе, паведамляе dw.com.

Сакрэтная інфармацыя ГРУ Расіі можа трапіць у рукі амерыканскіх уладаў

Сакрэтная інфармацыя ГРУ Расіі можа трапіць у рукі амерыканскіх уладаў


Расійскі бізнесмен Уладзіслаў Клюшын, якога экстрадавалі са Швейцарыі ў ЗША, магчыма, валодае доступам да інфармацыі пра сакрэтныя аперацыі Галоўнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі (ГРУ) за мяжой. Пра гэта ў панядзелак, 3 студзеня, паведамляе агенцтва «Bloomberg» са спасылкай на крыніцы, блізкія да Крамля і расійскай выведкі.
Паводле іх слоў, у прыватнасці, у Клюшына ёсць доступ да дакументаў, што тычацца ўзлому сервераў Дэмакратычнай партыі ЗША ў 2016 годзе. Акрамя таго, паводле слоў крыніц «Bloomberg», Клюшын мае доступ да іншых сакрэтных дакументаў, уключаючы інфармацыю пра атручванне былога двайнога агента Сяргея Скрыпаля ў брытанскім Солсберы ў 2018 годзе.
Сувязі Клюшына з Крамлём праз яго фірму «М13», якая пастаўляла паслугі маніторынгу СМІ і сацсетак Адміністрацыі прэзідэнта РФ і іншым дзяржорганам Расіі, могуць зрабіць яго «карыснай крыніцай інфармацыі» для ўладаў ЗША. Асабліва ў тым выпадку, калі Клюшын пойдзе на здзелку з амерыканскім правасуддзем.

Абвінавацілі ў інсайдарскім гандлі


Бізнэсмена арыштавалі ў Швейцарыі ў сакавіку 2021 года па запыце ЗША, куды яго экстрадавалі ў снежні. Амерыканскія праваахоўныя органы абвінавачваюць яго ў інсайдарскім гандлі на дзясяткі мільёнаў долараў. Сам ён сваю віну адмаўляе. Адвакат Клюшына Олівер Сірык распавёў тэлекампаніі NBC, што да арышту яго падабароннага ў 2019 і 2020 годзе спрабавалі завербаваць брытанскія і амерыканскія спецслужбы.
У сваю чаргу, прэс-сакратар амбасады Расіі ў Швейцарыі ў інтэрв'ю ТАСС назваў экстрадыцыю бізнэсмена ў ЗША «чарговым эпізодам "палявання" на расійскіх грамадзян у трэціх краінах, якое працягвае Вашынгтон».