Замежныя СМІ пра Беларусь: 31 мая — 7 чэрвеня

Прабеларускае лобі ў Еўрапейскім саюзе прысутнічала заўсёды, аднак у апошні час, пасля ўзмацнення жорсткасці санкцый, яно, здавалася б, паступова прыйшло ў заняпад. Тым не менш, сімпатызанты ў Беларусі ўсё яшчэ застаюцца. Гэта прыбалтыйскія дзяржавы, цесна звязаныя з Мінскам, перш за ўсё, на ўзроўні эканомікі. Палецкіса, умоўна, можна назваць адным з такіх прадстаўнікоў. «Политком.ру» (Расія)



smi4.jpg

Сярод еўрапейскіх краін, гатовых задаволіць імкненне беларусаў ездзіць у Еўропу, лідзіруе Польшча. На яе долю прыпадае каля 40% выдадзеных віз. Далей ідуць Літва (27%) і Германія (9%). Чэргі ў польскія консульствы выкліканыя тым, што толькі гэтая краіна гатовая выдаваць беларусам візы проста з мэтай шопінгу. Яны так і называюцца — «за пакупкамі». Гэта эканамічна выгадна самой Польшчы, дзе беларусы пакідаюць мільёны долараў. Па дадзеных польскага боку, толькі за дзевяць месяцаў мінулага года беларусы вярнулі па сістэме ТaxFree каля 22,5 мільёна долараў. Гэта прыкладна дзясятая частка ад той сумы, якую яны пакінулі там. Цалкам верагодна, што ў краіне з адмоўным плацежным балансам, дзе барацьба з імпартам — частка дзяржаўнай палітыкі, спецслужбы маглі б прыкладаць намаганні да таго, каб абмежаваць вываз валюты. Акрамя таго, Польшча ў вачах афіцыйнага Мінска і асабіста прэзідэнта Лукашэнкі — краіна, якая хоча заразіць беларусаў «чужымі» ім ідэаламі.

«Независимая газета» (Расія)

Казахстан і Беларусь на самай справе зацікаўленыя ў тым, каб у адносінах да Украіны праводзілася больш гнуткая палітыка. Яна і эканамічна мэтазгодная, і палітычна. Тым больш, калі ў прэзідэнтаў Беларусі і Казахстана з’явіцца яшчэ трэці сябар і саюзнік, з якім у іх нядрэнныя асабістыя адносіны. Такое трыа зможа супрацьстаяць манапольнаму ўплыву Расіі ў Мытным саюзе. Сёння прынцып размеркавання галасоў МС будуецца на адноснай велічыні ВУП трох краін: у выніку «буйная» Расія мае 57%, а «маленькія» Беларусь і Казахстан — па 21,5%. Удзел Украіны забярэ ў Расіі кантрольны пакет — ён стане меншым за 50%.

«News 24» (Украіна)

Для Беларусі следствам адмовы ад перамоваў з ЕС стане зацягванне ўсіх этапаў і без таго доўгага працэсу паслаблення візавай палітыкі: ад падпісання асноўных дамоўленасцей — да ўвядзення біяметрычных пашпартоў і стварэння базы дадзеных аб асобах, якія перасякаюць мяжу з Еўрасаюзам. Гэта значыць, што краіна па волі беларускага кіраўніцтва можа надоўга затрымацца на задворках еўрапейскай стратэгіі спрашчэння і наступнай адмены візавага рэжыму. Але візавая лібералізацыя з Еўропай больш патрэбна беларусам, а не рэжыму. Магчыма, таму Брусэлю не варта ўвязваць зніжэнне кошту шэнгенскіх віз з чаканнем пераменаў з боку афіцыйнага Мінска і самому зрабіць першы крок насустрач жыхарам Беларусі.

Deutsche Welle (Германія)

На беларускім тэлебачанні пачалі трансляваць ролік, які інфармуе пра небяспекі працоўнай міграцыі. Характэрна, што героямі гэтага агітацыйнага матэрыялу сталі мужчыны інтэлігентнай знешнасці ва ўзросце за 40 гадоў. Усе яны апынуліся перад выбарам: паехаць на замежную будоўлю або застацца ў сябе ў краіне. Асабісты пафас гэтаму роліку надае тая чыстая беларуская гаворка, на якой размаўляюць паміж сабой патэнцыйныя працоўныя мігранты. Нягледзячы на ўсе перагібы такой агітацыі, заўважым, што яна з’явілася вельмі своечасова. Так ужо склалася, што афіцыйны Мінск ужо зараз усведамляе, што ў Беларусі пачынаецца глабальны дэфіцыт кваліфікаванай рабочай сілы на так званым «ўнутраным рынку працы».

«Концептуал» (Расія)