Замежныя СМІ пра Беларусь: 28 красавіка — 3 мая
Беларусь хоча далучыцца да Сусветнай гандлёвай арганізацыі, прычым як мага хутчэй. Аднак не сакрэт, што галоўнай перашкодай на шляху да гэтага застаюцца нацягнутыя адносіны краіны з ЗША і Еўрапейскім саюзам, якія рэзка крытыкуюць беларускі ўрад за яго аўтарытарныя паводзіны. Але зараз беларускія афіцыйныя асобы настроены аптымістычна. На іх думку, заходнія краіны гатовыя даць Беларусі зялёнае святло. «The Financial Times» (Вялікабрытанія)
У Беларусі, дзе больш за мільён чалавек, і кожны дзясяты населены пункт знаходзяцца на тэрыторыі, забруджанай радыенуклідамі, улады прынялі рашэнне развіваць ядзерную энергетыку. Яны не раіліся з беларусамі, проста паставілі іх перад фактам. Уласная АЭС у Астраўцы будуецца з апярэджаннем графіка, у парушэнне беларускага заканадаўства — без архітэктурнага праекта і эканамічнага абгрунтавання, за расійскі крэдыт у 10 мільярдаў долараў. Прапаганда паўтарае пра бяспеку праекта «Расатама» і таннасць атамнай энергіі, але нічога не кажа пра тое, дзе на параўнальна невялікай тэрыторыі Беларусі размесціцца сховішча радыеактыўных адкідаў, і ў што абыдзецца іх утылізацыя і закрыццё АЭС у будучыні. Гэтая цынічная палітыка вядзе да таго, што ядзерная пагроза яшчэ доўга будзе вісець над Беларуссю.
Deutsche Welle (Германія)
Лукашэнка зацікаўлены ў захаванні добрых адносін з Казахстанам для стрымлівання ціску Расіі па асобных пытаннях. У прыватнасці, больш блізкай і больш хуткай інтэграцыі. Гэта беларускі прэзідэнт падкрэсліваў раней, гэта ж тэма прагучала зноў. Лукашэнка адзначыў, што спачатку неабходна «пабудаваць першы паверх» у гэтай інтэграцыі, а толькі затым паслядоўна і паступальна рухацца далей, з чым Серык Ахметаў тут жа пагадзіўся. Пад першым паверхам Лукашэнка мае на ўвазе стварэнне адзіных умоў гаспадарання ў трох краінах, у тым ліку адзіныя кошты на энерганосьбіты. Толькі пасля гэтага беларускі прэзідэнт абяцае падумаць наконт валютнай інтэграцыі. У той жа час эксперты робяць выснову, што для Расіі гэты праект (Мытны саюз) стратны эканамічна, але выгадны геапалітычна.
«Рэспубліка» (Казахстан)
Далёка не рытарычнае пытанне: хіба можна кіраўніку саюзнай дзяржавы не выконваць публічна агучаныя абавязацельствы? Адмова ад супрацоўніцтва з ленінградскімі партамі, дзе ўжо сталі рыхтавацца да прыёму беларускіх грузаў, уклалі процьму сродкаў, зрэшты, не адзіная забава беларускага кіраўніка. У інтэрв’ю, дадзеным тыдзень таму, ён яшчэ раз заклікаў перш за ўсё Расію «не моцна нахіляць братоў-партнёраў», тлумачачы сваё нежаданне выконваць сумесна распрацаваную праграму аб’яднання аўтамабільных гігантаў — «БелАЗ» і «КамАЗ». А вось адкрытае манкіраванне сваімі абавязацельствамі саюзнай дзяржавы (набыццё акцый порту ў Клайпедзе) — ці не стаіць за гэтым імкненнем пакінуць у таямніцы праўдзівыя аб’ёмы экспарту нафты і «растваральнікаў» (для краіны, якая не мае практычна ніякіх значных аб’ёмаў здабычы «чорнага золата», мільённыя аб’ёмы экспарту — гэта, па меншай меры, дзіўна), якія даюць у беларускі бюджэт мільярды долараў? Пытанне патрабуе самага сур’ёзнага вывучэння. На карысць абедзвюх братэрскіх краін, якія будуюць адзіную саюзную дзяржаву, дзе не павінна быць цёмных месцаў і недаказанасці.
«Накануне» (Расія)
Нічога прынцыпова новага не адбываецца і ў двухбаковых адносінах Беларусі і Казахстана. Па-ранейшаму казахстанскія доларавыя мільянеры і мільярдэры аддаюць перавагу інвеставаць куды заўгодна, але не ў Беларусь. Сярод сотняў рэзідэнтаў беларускіх свабодных эканамічных зон кампаній з удзелам казахстанскага капіталу няма зусім. Зрэшты, нічога не вядома і пра беларускія інвестыцыі ў Казахстан. Расійскі бізнэс цікавасць да Беларусі праяўляе. Але іх актывы перыядычна экспрапрыююцца з-за непрадказальнага характару Бацькі.
«Укррудпром» (Украіна)