Выбух у пакістанскім шпіталі: загінулі 42 чалавекі
Пасля выбуху ля ля бальніцы ў пакістанскім горадзе Квета пацярпелых пачалі спешна эвакуіраваць па іншых лякарнях. Адказнасць за выбух пакуль не ўзяла на сябе ні адна з дзеючых у рэгіёне груповак.
Колькасць загінулых у выніку выбуху ля бальніцы ў пакістанскім горадзе Квета вырасла да 42 чалавек. Паводле папярэдніх дадзеных, напад здзейсніў смяротнік, паведамляе ВВС.
Сярод ахвяраў нападу — адвакаты і журналісты. Выбух адбыўся праз некаторы час пасля таго, як у бальніцу даставілі цела вядомага адваката Біляля Касі, забітага па дарозе ў суд на некалькі гадзін раней.
"Амаль усе ахвяры тэракту — адвакаты і журналісты, якія сабраліся ў аддзяленні рэанімацыі шпіталя, каб ушанаваць памяць прэзідэнта асацыяцыі адвакатаў Белуджыстана Біляля Казі, забітага ў панядзелак раніцай", — адзначае пакістанская газета Express Tribune.
Мэтай тэрарыстаў была вялікая група людзей, што прыйшлі развітацца з адвакатам.
Услед за выбухам чуліся аўтаматныя чэргі, паведамляюць сведкі.
Прэм'ер-міністр краіны Наваз Шарыф асудзіў напад. А кіраўнік урада правінцыі Белуджыстан заклікаў аказаць пацярпелым як мага больш поўную і аператыўную медыцынскую дапамогу.
Выбух ля сценаў шпіталя ў пакістанскім горадзе Квета адбыўся раніцай у панядзелак. Першапачаткова паведамлялася пра 10 загінулых і 30 параненых, якіх адразу ж пачалі развозіць па іншых лякарнях.
Паліцыя ачапіла прылеглы да бальніцы раён, ва ўсіх медыцынскіх установах горада абвешчана надзвычайнае становішча, паведамляе ТАСС.
Адказнасць за напад не ўзяла на сябе ні адна з дзеючых у краіне экстрэмісцкіх груповак.
Квета з'яўляецца адным з самых неспакойных месцаў Пакістана. Тут рэгулярна адбываюцца тэракты, які здзяйсняюцца як баевікамі-талібамі з руху "Тэхрык-і-талібан Пакістан", так і шматлікімі мясцовымі сепаратысцкімі групоўкамі.