Выбух у цэнтры Кабула: 28 загінулых, больш за 320 параненых

Чарговы напад у Кабуле стаў найбуйнейшым са жніўня мінулага года, паведамляе ВВС.

Выбух у Кабуле Image copyright Reuters

Выбух у Кабуле Image copyright Reuters


Як мінімум 28 чалавек загінулі ў выніку выбуху ў цэнтры Кабула, паведамляе кіраўнік паліцыі сталіцы Афганістана Абдул Рахман Рахімі. Паводле яго слоў, большая частка ахвяр — цывільныя асобы.

 

Раней прадстаўнік міністэрства аховы здароўя Афганістана Ісмаіл Кавасі паведамляў, што ў выніку нападу пацярпелі 327 чалавек. Многія пацярпелыя знаходзяцца ў бальніцах у крытычным стане, сярод параненых — жанчыны і дзеці.

 

Прадстаўнік МУС Седзік Седзікі распавёў, што выбух быў зладжаны смяротнікам. Пасля гэтага некалькі ўзброеных людзей адкрылі стральбу ва ўрадавым будынку ў цэнтры горада.

 

Па словах Седзікі, адзін нападнік быў забіты супрацоўнікамі праваахоўных органаў. Дакладная колькасць нападнікаў пакуль не вядомая.

 

Напад адбыўся раніцай у гадзіну-пік у раёне, непадалёк ад якога знаходзіцца міністэрства абароны краіны і ваенныя комплексы. Адказнасць узяў на сябе экстрэмісцкі рух "Талібан".

 

Выбух здарыўся праз некалькі дзён пасля таго, як афганскія талібы абвясцілі пра пачатак вясновага наступу.

 

Напад у Кабуле стаў найбуйнейшым за апошні год.


Паводле www.bbc.com