Ва Украіне раскрылі маштабную схему кантрабанды нафтапрадуктаў з Беларусі і Расіі
Служба бяспекі Украіны заявіла пра раскрыццё маштабнай схемы кантрабанды нафтапрадуктаў з Беларусі і Расіі.
Паводле СБУ, паліва пастаўлялі некалькім камерцыйным структурам, пазбягаючы аплаты мытных плацяжоў і збораў за рахунак штучнага заніжэння ўтрымання метылавага спірту, перадае «Радыё Свабода».
Следчыя сцвярджаюць, што цягам 2020-2021 гадоў такім чынам ва Украіну заезлі паліва больш як на 100 мільярдаў грыўняў (больш як 3 мільярды долараў у эквіваленце).
Пасля ўвозу нафтапрадукты на тэрыторыі Украіны перапрацоўваліся на нелегальных мінізаводах у сурагатныя гаруча-змазачныя матэрыялы і прадаваліся за наяўныя грошы без афармлення бухгалтарскіх дакументаў.
У часе вобшукаў, якія правялі адразу ў трох абласцях — Чарнігаўскай, Кіеўскай і Луганскай, — канфіскавалі пячаткі 300 фіктыўных прадпрыемстваў, дакументацыю, абсталяванне для апрацоўкі нафтапрадуктаў, а таксама больш як тысячу тон метылавага спірту і іншых хімічных дадаткаў.
Адзін з вобшукаў правялі ў будынку, дзе жыве мэр Кіева Віталь Клічко. Першапачаткова ўкраінскія СМІ пісалі, што следчыя дзеянні адбываюцца ў кватэры кіеўскага мэра, але Служба бяспекі Украіны зняпраўдзіла гэтую інфармацыю.