Памёр Станіслаў Гусак, аўтар праекта Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара
На 72-м годзе ад інсульту памёр Станіслаў Гусак, аўтар праекта Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара, паведамляе «Свабода».
Інжынер-энергетык Станіслаў Гусак быў адным са стваральнікаў
дэмакратычнага руху ў Беларусі на мяжы 80-90 гадоў, з'яўляўся намеснікам
старшыні Аб’яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі.
З 1993 года ўваходзіў у склад Ценевага кабінета Апазіцыі БНФ
у Вярхоўным Савеце 12-га склікання, быў у камандзе Зянона Пазняка на
прэзідэнцкіх выбарах 1994 года.
Станіслаў Гусак быў аўтарам праекта Балта-Чарнаморскага нафтавага
калектара, які ў выпадку яго рэалізацыі пазбавіў бы Беларусь ад паліўнай
залежнасці ад Расіі.
З кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці»:
«... 15 ліпеня 1993 года ў Доме літаратара за паўтара
дзесяцігоддзя яго існавання ці не ўпершыню адбыўся форум, дзе пра літаратуру
не было сказана ні слова. Тое, пра што гаварылі, з большай верагоднасцю можна
было ўявіць у якім-небудзь энергетычным ведамстве ці ў праектным інстытуце.
Некалькі дзясяткаў эканамістаў, інжынераў, праекціроўшчыкаў,
навукоўцаў у энергетычнай і нафтавай сферы сабраліся на міжнародную канферэнцыю
краін Балта-Чарнаморскага рэгіёна "Шляхі пераадолення паліўна-энергетычнага
крызісу".
...У сваім выступе Станіслаў Гусак абгрунтаваў
неабходнасць стварэння Балта-Чарнаморскага нафтавага калектара (БЧНК) найперш
энергетычнай залежнасцю ад Расіі.
"Аднабаковы арыенцір на пастаўку нафты з Усходу прывёў да
таго, што Беларусь цяпер не мае сродкаў дастаўкі нафты, акрамя як з'вязаных з
Расіяй", — сказаў ён.
Таксама Гусак прывёў прыклады неадэкватнага, зусім не на
карысць Беларусі, гандлёвага абмену з Расіяй.
"За адну тону расійскай нафты Беларусь пастаўляе ў Расію
каля трох тон калійных солей, тады як на сусветным рынку цана адной тоны
нафты эквівалентная цане дзвюх тон калійных солей. За трактар Мінскага
трактарнага завода, рэалізаваны, напрыклад, у Кітаі, можна набыць па сусветных
цэнах 110-120 тон нафты, за той самы трактар, пастаўлены ў Расію, Беларусь
атрымлівае 72 тоны нафты".
Прыгадаў Станіслаў Гусак і ўнёсак Беларусі ў нафтавую
сістэму Расіі: "Акрамя таго, штогадовыя ўнёскі Беларусі ў развіццё
інфраструктуры Заходняй Сібіры складаюць дзясяткі мільярдаў рублёў. Беларусь
штогод у месцах здабычы нафты пракладае 70 кіламетраў дарог, узводзіць 6 000
квадратных метраў жылля, будуе дзіцячыя садкі, школы, шпіталі, вядзе буравыя
работы і гэтак далей. Агульны аб’ём штогадовых выкананых работ без кошту
матэрыялаў складае 11 мільярдаў рублёў, а з улікам матэрыялаў і іншых расходаў
— 65-75 мільярдаў рублёў. Гэта каля 70 мільёнаў долараў".
Выснова Гусака была сенсацыйнай: Беларусь набывае расійскую
нафту па цэнах удвая вышэйшых за сусветныя. Мушу сказаць, што такія лічбы (а
70 мільёнаў у 1993 годзе былі вялізнай сумай) Кебіч дэпутатам не называў, калі
казаў, што "без Расіі не пражыць".
А ў якасці выйсця прапаноўвалася стварэнне краінамі
ўласных інжынерных камунікацый, якія б дазвалялі набываць і транспартаваць
нафту па сваіх тэрыторыях з іншых нафтаздабываючых краін.
Існавала некалькі варыянтаў агульнага нафтавага комплексу,
найлепшым выглядаў той, пры якім можна было абмінуць расійскую Унечу, злучыўшы
ўмоўны "паўднёвы" і "паўночны" ўчасткі нафтаправодаў перамычкай. Па тэрыторыі Украіны яна б пралягала на 482 кіламетры, па Беларусі — на 145 кіламетраў. Што
да Украіны, дык пры такім варыянце патрабавалася б будаўніцтва на яе тэрыторыі
дадатковых чатырох памповачных станцый.
Агулам, стварэнне комплексу, у залежнасці ад варыянтаў,
каштавала б ад 113 да 182 мільёнаў долараў.
Заўважу, што ў 1993 годзе гэтая лічба ўяўлялася
астранамічнай. У параўнанні з памерамі запазычанасцей Расіі, якія Беларусь і Украіна назапасяць за наступныя дзесяцігоддзі — гэта хіба што толькі працэнты
ад гэтых крэдытаў. Аднак ужо тады, у ліпені 1993-га, агульны настрой
удзельнікаў канферэнцыі быў такі: трэба ісці на гэтыя страты, бо яны дазволяць
у будучыні зэканоміць значна большыя сродкі».