«Увесь народ шчаслівы!»
У гэты ўік-энд заканчваецца першы сезон польскага сатырычнага серыялу «Ucho Prezesa», які стаў не толькі культавым творам, аднак і палітычным фактарам, прычым, непрадказальным.
Генерацыя тых беларусаў, каму за 30, натуральна, памятаюць фразу: «Ucho od śledzia» («вуха ад селядца») — выраз з культавага польскага фільму «Ва-банк». Цяжка сказаць, ці ўзгадалі аўтары серыялу «Ucho Prezesa» («Вуха старшыні», абіраючы назву серыялу, тую цытату. Так ці інакш, нейкая асацыяцыя тут прысутнічае, і не толькі на ўзроўні знешняга падабенства.
Стужка «Ва-банк» у свой час стала сапраўднай з’явай. Лёгкая камедыя пра прыгоды ганстараў у часы Другой Рэчы Паспалітай выйшла падчас вайсковага становішча і нечакана для ўсіх стала палітычным маніфестам. Як прызналася знаёмая рэжысёра карціны Юліюша Махульскага, выйшаўшы з кінатэатра на пустыя і змрочныя вуліцы, дзе стаяла ваенная тэхніка, яна адчувала, як у яе вырастаюць крылы. Гледачы атрымалі ад «Ва-банку» прыліў аптымізму і жыццёвых сіл, паколькі фільм праз жарты і камічныя сцэны даносіў ідэю: любое зло, нават вельмі моцнае, будзе ў фінале абавязкова пакаранае.
Падобны эфект выклікае ў палякаў і прагляд серыялу «Ucho Prezesa». Серыял, які стартаваў у студзені гэтага года, стаў сапраўдным драйверам для праціўнікаў рэжыму ўрадавай кансерватыўнай партыі «Права і справядлівасць» (PiS). Кожны эпізод праглядае каля пяці мільёнаў чалавек, выразы з «Ucho Prezesa» ўжо зараз сталі крылатымі. Папулярнасць серыялу прымушае лідараў PiS, калі верыць прэсе, нават абмяркоўваць ідэю стварэння свайго серыялу, які мае быць адказам на «Ucho Prezesa».
Серыял, які можна глядзець на канале youtube, і які, дарэчы, зрабілі прафесійныя комікі з групы «Кабарэ маральнага непакою» (Kabaret Moralnego Niepokoju), сапраўды вельмі якасны сцёб з палітыкі PiS. У цэнтры кожнага серыялу будні Яраслава — старшыні ўрадавай польскай партыі. Кожная серыя адбываецца ў яго кабінеце, куды са сваімі праектамі, просьбамі і скаргамі прыходзяць функцыянеры і чыноўнікі. Старшыня, у сваю чаргу, слухае іх, раздае розныя загады і інструкцыі, якія тычыцца актуальных праблем Польшчы.
Тое, што адбываецца ў прыёмнай Яраслава і ў яго кабінеце, — безумоўна, карыкатура на цяперашнюю вельмі непразрыстую мадэль польскай адміністрацыі, у цэнтры якой фігура Яраслава Качыньскага. Нагадваем, што фармальна Качыньскі нічога не вырашае, аднак на самай справе менавіта старшыня PiS стаіць за глабальнымі рашэннямі ўраду і прэзідэнта. Гэта ідэя даведзеная ў серыяле да абсурду. Усё палітычнае жыццё ў краіне верціцца вакол формулы: хто хутчэй дабярэцца да вуха старшыні? Радасць і жах адначасова напаўняюць сэрца кожнага, хто просіць аўдыенцыі.
Сам старшыня жыве ў стане сталай паранойі, паколькі жудасна баіцца апазіцыі (алегорыя на тое, як неадэкватна ставіцца сучасная польская адміністрацыя да лідара лібералаў Дональда Туска). Гэты жах перад апазіцыяй даходзіць да таго, што старшыня патрабуе ад падпарадкаваных тэставаць ежу для свайго ката.
Тэма ката старшыні — безумоўна, знаходка аўтараў серыялу. Кот, акрамя застаўкі, ніколі не з’яўляецца на экране, аднак фактычна грае нейкую сакральную ролю. Ад капрызаў жывёлы залежаць настрой старшыні, яго ўчынкі і — як следства — лёс усёй дзяржавы. Кот выяўляецца як асобная, нябачная галіна ўлады.
Вельмі смешна раскрываецца тэма неадпаведнасці кансерватараў выклікам часу. У адным з выпускаў старшыні прапануюць праект — мадэрнізацыю электрычных транспартных сродкаў і беспілотных лятальных апаратаў, дронаў. Прэзідэнт скасоўвае праект, паколькі слова «дроны» нагадвае яму слова «andorny» (польскі «глупства»). Замест развіцця дронаў, старшыня даручае выкапаць некалькі шахтаў.
Прайшліся Роберт Гродскі (аўтар праекту і выканаўца ролі старшыні) і яго каманда і па атачэнні Качыньскага. Мішэнню жарту стаў архетып чыноўніка, які гатовы служыць, нават не разумеючы, што ад яго ў выніку патрабуе кіраўнік. Дасталася ў серыяле і тым польскім чыноўнікам, якія сёння афіцыйна займаюць вялікія пасады, аднак на самай справе нічога не вырашаюць. Так, па ходзе серыялу, сакратарка старшыні ўвесь час здзекуецца з персанажа, які яўна нагадвае прэзідэнта Анджэя Дуду. Той пакорліва сядзіць у прыёмнай, каля кабінета Яраслава, у надзеі на сустрэчу. Сакратарка нават не ведае, як дакладна гучыць імя прэзідэнта краіны, называючы яго або Артур, або Андрыян.
У прынцыпе, яшчэ ўчора лічылася, што Гродскі сваім серыялам хоча паказаць дулю на адрас рэжыму PiS. Нездарма адзін з ліберальных блогераў адзначаў: «Пра што нам кажа серыял Гродскага? Ён даводзіць, што дэспатызм — гэта кепска. Што гэта заўжды культ асобы, заснаваны на шпіянажы і медыйных маніпуляцыях — менавіта тое, што крытыкуе Дональд Туск».
Аднак 13-ты эпізод стаў сапраўдным шокам для тых, хто лічыў, што «Ucho Prezesa» будзе працаваць на інтарэсы апазіцыі. Сюжэт гэтага эпізоду — здзек з цяперашніх праціўнікаў Качыньскага, а дакладней, з няздольнасці яе лідараў знайсці агульную мову. Паводле фабулы выпуску, старшыня збірае лідараў апазіцыі на прыватныя перамовы. Як толькі апазіцыянеры аказваюцца разам, яны пачынаюць сварыцца — на радасць старшыні. Наслухаўшыся сварак, палітык ідзе да ложку з просьбай не зачыняць дзверы, каб чуць разборкі апазіцыі — лепшую, па яго словах, начную калыханка.
Такі непрадказальны паварот азначае, што аўтары не будуць служкамі і цяперашняй апазіцыі. Таму не выключана, што яны самі паспрабуюць дыктаваць палітычную моду. Адным словам, самы незвычайны і рэзанансны эпізод «Ucho Prezesa» яшчэ наперадзе. А пакуль глядзіце апошні выпуск сезону, які, дарэчы, называецца характэрна — «Увесь народ шчаслівы».