У Варшаве ўшанавалі ахвяраў Смаленскай катастрофы
Сотні людзей падыходзілі да Палаца Прэзідэнта Польшчы, каб узгадаць пра ахвяраў Смаленскай катастрофы. Гэта традыцыйная акцыя памяці ў Варшаве, якая адбываецца дзясятага чысла кожнага месяца. Удзельнікі акцыі бралі з сабою кветкі, запальвалі знічы, а таксама прыносілі польскія сцягі і крыжы.
Жыхары Варшавы тлумачаць, што браць удзел у такіх акцыях важна, бо катастрофа ўрадавага самалёта да гэтага часу засталася нерасследаванай.
— Гэта вялікая трагедыя так і засталася нераскрытай. Скандальна пададзена афіцыйная версія. Патрэбны даследаванні. Усё адкладзена на пасля. Таму мы прыходзім сюды з надзеяй, што ўрэшце акалічнасці гэтай трагедыі будуць вызначаныя і раскрытыя.
— Прыходзім, каб прыгадаць у нашай памяці гэту вялікую катастрофу, крымінальнае злачынства ў дачыненні да нашай эліты. Націскаем на нашу ўладу, каб праўда была адкрыта.
— Часамі гістарычная праўда выходзіць праз многія дзясяткі гадоў. Але выходзіць. Так, напрыклад, было і з Катынню.
— Выдатныя людзі, сярод якіх прэзідэнт і яго жонка, загінулі. Столькі сапраўдных патрыётаў згубіла наша краіна. Таму 10 чысла кожнага месяца трэба прыходзіць сюды.
10 красавіка 2010 года каля Смаленска разбіўся ўрадавы польскі самалёт. Польская дэлегацыя збіралася ўшанаваць памяць расстраляных у Катыньскім лесе польскіх афіцэраў. У катастрофе загінулі ўсе пасажыры — 96 чалавек, у тым ліку прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі разам з жонкай Марыяй.
Прычыны катастрофы дагэтуль канчаткова не ўстаноўлены, улады Расеі так і не перадалі Польшчы абломкаў самалёта.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара