У Польшчы адкрылі музэй Катынскага злачынства

У Польшчы прайшлі мерапрыемствы ў сувязі з 76-й гадавінай пачатку савецкай узброенай агрэсіі супраць гэтай краіны.



04_pamjatnikzhertwamkatyni.jpg

У варшаўскім музэі Цытадэль ў прысутнасці прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды і прэм’ер-міністра Эвы Копач быў адкрыты музей Катынскага злачынства, які будаваўся тры гады — яго экспазіцыі няма роўных у свеце. Пра гэта паведамляе з Варшавы карэспандэнт Радыё Свабода Аляксей Дзікавіцкі.
«Ёсць рэчы святыя для палякаў. Яны выходзяць за межы звычайнай гісторыі, і на іх будуецца наша нацыянальная памяць. Да такіх адносіцца Катынь», — заявіў міністар абароны Польшчы Томаш Сямоняк, выступаючы на адкрыцці.
Некалькімі гадзінамі пазней былі ўскладзеныя кветкі да помніка «Загінулым і забітым на ўсходзе» — у памяць аб 21.000 палонных польскіх афіцэраў, расстраляных у Савецкім Саюзе 75 гадоў таму. Па словах прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды, катынскае злачынства, мэтай якога было знішчэнне польскага народу, павінна быць названа генацыдам.
Расійскі бок адмаўляецца назваць катынскае злачынства генацыдам.
Таксама ў польскім мястэчку Пяненжна пачаўся знос помніка савецкаму генералу Івану Чарняхоўскаму, які нясе адказнасць за арышт некалькіх тысяч жаўнераў Арміі Краёвай у Вільні і, як лічаць у Польшчы, за смерць часткі тых з іх, хто быў сасланы затым у савецкія лягеры.