Фелікс Тушка: Абавязак палякаў — нагадваць пра дыктатуру ў Беларусі
Канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» сёлета пройдзе 2 кастрычніка, перад Палацам культуры і навукі ў Варшаве.
Арганізатар мерапрыемства, старшыня праўлення ініцыятывы «Свабодная Беларусь» Фелікс Тушка адказаў на пытанні карэспандэнта charter97.org.
— Вы ўжо шмат гадоў займаецеся арганізацыяй канцэртаў «Салідарныя з Беларуссю». Што вас матывуе? Чаму падтрымліваеце дэмакратыю ў Беларусі?
— Тут можна вылучыць два ўзроўні матывацыі. Адзін узровень — матывацыя асабістая: я ўжо 6 гадоў у арганізацыі «Вольная Беларусь», і працягваць канцэрты салідарнасці з Беларуссю для мяне вельмі важна.
Але з самага пачатку найважнейшым матывам было адчуванне пэўнага абавязку — што застаўся нам з таго часу, калі еўрапейскія дэмакратыі дапамагалі Польшчы ў эпоху «народнай рэспублікі». Цяпер мы — больш моцныя і багатыя, з зусім іншай палітычнай сістэмай. Таму мы ў стане дапамагаць іншым. І казаць пра пэўныя праблемы, якія ёсць у Беларусі. Казаць пра тое, што там цяпер усё адбываецца не так, як павінна быць: няма свабоды слова, няма дэмакратыі і прадаўжаецца дыктатура.
Гэта павінна калісьці памяняцца, і хтосьці павінен пра гэта ўвесь час нагадваць. Нашымі канцэртамі мы бярэм на сябе ролю такога вяшчальніка: гэта сродак, каб нагадваць палякам, што за ўсходняй мяжой, за нейкіх 300 кіламетрах ад Варшавы — не ўсё так добра, як у нас. Самае важнае — распазнаць у тым чалавеку па іншы бок мяжы, у беларусе, свайго сябра, які заслугоўвае павагу і дапамогу.
— Ці аб'ядноўваюць вас з Беларуссю нейкія роднасныя сувязі?
— Не, гэта проста цікавасць, якая з'явілася, калі я быў трохі маладзейшым.
— А якім было першае ўражанне ад знаёмства з Беларуссю і беларусамі?
— З першымі беларусамі я пазнаёміўся ўжо падчас арганізацыі першага канцэрту. Адразу паўстала ўстойлівае ўражанне, якое кожны раз вяртаецца: гэта вельмі блізкія нам, падобныя да нас людзі. Усе беларусы, якіх сустракаў на сваім шляху — такія ж, як мае сябры і сяброўкі яшчэ са школьнай лавы. Не магу пазбавіцца ад уражання, што нас вельмі мала падзяляе: адчуваецца блізкасць — інтэлектуальная, культурная.
Сама ж Беларусь у мяне асацыюецца з вельмі прыгожым месцам, якое, можа нават у сілу няўдзелу ў глабальных эканамічных працэсах, захавала дзіўную прыгажосць некранутай прыроды.
— Дзе вам даводзілася бываць у Беларусі?
— У асноўным у гарадах — у Менску ці ў Берасці — бо гэта былі паездкі, звязаныя з прафесійнай дзейнасцю.
— Чым цяперашні канцэрт будзе адрознівацца ад папярэдніх?
— Сёлета мы зыходзім з таго прынцыпу, што сітуацыя ў Беларусі вельмі залежыць ад агульнага геапалітычнага становішча. Зрэшты, так было і летась, калі мы запрасілі да супрацоўніцтва людзей з Украіны, незалежных журналістаў з Расеі і польскіх дзеячаў культуры.
Па-мойму, гэта і цяпер найбольш важна. Я хачу, каб канцэрт сімвалічна гэта выказваў, каб ён быў такім полем дыялогу, дзе людзі з усіх гэтых краін атрымалі шанец сустрэцца і пагаварыць, выпрацаваць сумесныя ідэі. Адзіным шляхам для паляпшэння сітуацыі мне бачыцца тое, каб прадстаўнікі ўсіх гэтых краін маглі сустрэцца ў адным месцы, убачыць нейкія агульныя інтарэсы і падняць іх «на сцягі».
На самім канцэрце 2 кастрычніка будзе гурт «Воплі Відаплясава» з Украіны, «Дзецюкі» і "Shuma" з Беларусі, будзе Аня Русовіч і праект "Enej" з Польшчы. Таксама будзе аўтарскі праект Пятра Клюева «Амплітуда смеласці» з Беларусі. У якасці гасцей з Беларусі на канцэрт прыедуць Мікалай Статкевіч і Зміцер Дашкевіч з жонкамі. Таксама ў праграме будзе перфоманс беларускага мастака Алеся Пушкіна.
Сёлета мы хочам разнастаіць канцэрт серыяй творчых сустрэч і прэзентацый. Будзе прэм'ера дакументальнага фільма «Свабоду не стрымаць» Інгі Лезінгевіч пра гурт «Крамбамбуля» — мы цяпер робім да яго польскія тытры. Фільм будзе дэманстравацца ў кінатэатры «Электронік» у Варшаве, пасля чаго будзе сустрэча з рэжысёрам.
Таксама будуць паказаныя два новыя беларускія фільмы — адзін пра Беларусь, іншы пра Украіну. Гэта фільм «Добраахвотнікі» журналіста «Белсата» Антона Цялежнікава пра вайну ў Данбасе, пасля якога таксама будзе сустрэча з рэжысёрам. І яшчэ будзе фільм «Каханне па-беларуску» рэжысёраў Андрэя Куцілы і Вячаслава Ракіцкага — пра Змітра Дашкевіча і Анастасію Палажанку.
Будуць сустрэчы з беларускімі, украінскімі і расейскімі пісьменнікамі і журналістамі. Прыедуць Альгерд Бахарэвіч, Віктар Марціновіч з Беларусі, Валерый Панюшкін з Расеі, Андрэй Любка з Украіны. Гэта літаратурныя сустрэчы. А яшчэ будуць выставы беларускіх мастакоў падчас канцэрту: Вольгі Кузьміч і Вольгі Бабурынай.
— Вы ўжо казалі ў прэсе, што перанос канцэрту на восень звязаны з «выбарамі» ў Беларусі. Сёлета збор подпіс паказаў вельмі нізкую цікавасць беларусаў да ўдзелу ў «выбарах». Што вы можаце сказаць з гэтай нагоды?
— У Польшчы мы цяпер сутыкнуліся з чымсьці падобным падчас нядаўняга рэферэндуму. Таксама паўстала пытанне: ці галасаваць нам на рэферэндуме, які нам не падабаецца, ці ўвогуле не браць у ім удзелу. 93% палякаў наважыла, што ўдзельнічаць у ім не мае сэнсу.
— Як вы можаце параўнаць барацьбу за дэмакратыю і будучыню Польшчы ў эпоху Салідарнасці з барацьбой за дэмакратыю ў Беларусі?
— Для Беларусі склаліся цалкам іншыя вонкавыя ўмовы. Геапалітычная сітуацыя — зусім іншая. У мяне ўстойлівае адчуванне, што пакуль Расея будзе вельмі моцнай у рэгіёне і будзе мець тэрытарыяльныя прэтэнзіі — дыктатура ў Беларусі будзе трымацца, і палітычныя змены ў вашай краіне правесці будзе вельмі цяжка.
Гэта з аднаго боку. Але з іншага боку — у беларускай барацьбе за дэмакратыю ёсць шмат падобнага з пастулатамі польскай Салідарнасці. І ёсць падабенства эканамічнай сітуацыі з польскай на той час, калі шматлікія забастоўкі наблізілі падзенне ўлады ПНР. Ёсць аб'ектыўныя эканамічныя перадумовы: людзі маюць базавыя патрэбы, і калі іх нездаволенасць дасягне нейкага крытычнага ўзроўню — людзі проста з гэтым не змірацца.
Калі інфляцыя ў Беларусі будзе ісці тымі ж тэмпамі, і ўрэшце скончыцца грашовая падсілкоўванне з Расеі — усё гэта павінна абрынуцца. Не ведаю, як гэта будзе выглядаць, але думаю, што ў Беларусі шмат людзей, асабліва моладзі, якія карыстаюцца інтэрнэтам і маюць патрэбы і арыенціры, звязаныя з заходняй культурай.
А задаволіць гэтыя патрэбы ў Беларусі зараз альбо немагчыма, альбо дорага. І ўзнікае дысананс, які будзе вызначаць пратэстную настроенасць у людзей. Улада, якая не выконвае свае базавыя функцыі — а забеспячэнне дабрабыту народа і з'яўляецца такой — вельмі хутка губляе легітымнасць у вачах людзей.
— Як арганізатар канцэрту салідарнасці з Беларуссю — чаго б вы хацелі пажадаць беларускай моладзі?
— Хачу пажадаць, каб ужо цягам іх жыцця яны змаглі скарыстацца тымі грамадзянскімі свабодамі, якія з'яўляюцца правам кожнага чалавека ў свеце. Каб ніколі не былі ў стане прыняць той кампраміс, калі дзеля чагосьці адмаўляешся ад сваіх правоў.