Amnesty International крытыкуе Польшчу за дыскрымінацыю ЛГБТ-супольнасці
Amnesty International: у Польшчы дзейнічае падвойная прававая сістэма, якая адны меншасці абараняе, а іншыя — пакідае на волю лёсу.
Польская прававая сістэма дае небяспечныя збоі, калі гаворка заходзіць аб абароне членаў ЛГБТ-супольнасці і іншых меншасцяў ад злачынстваў на глебе нянавісці, гаворыцца ў дакладзе праваабарончай арганізацыі Amnesty International.
У дакладзе «Пад прыцэлам нянавісці, без абароны закона» апісваецца, як дзяржава выключыла цэлыя супольнасці з заканадаўства аб злачынствах на глебе нянавісці, у тым ліку бяздомных, людзей з абмежаванымі магчымасцямі і прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці.
«У Польшчы дзейнічае падвойная прававая сістэма, якая адны меншасці абараняе, а іншыя пакідае на волю лёсу. Калі вы гей, чалавек з абмежаванымі магчымасцямі або бяздомны ў Польшчы і на вас напалі з-за таго, што вы той, хто ёсць, паліцыя будзе займацца гэтай справай, як звычайным злачынствам, а не як злачынствам на глебе нянавісці — і гэты сур’ёзны прабел у заканадаўстве павінен быць неадкладна ліквідаваны», — заявіў Марка Пэраліні (Marco Perolini), экспэрт Amnesty International па дыскрымінацыі ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
ЛГБТ-супольнасць у Польшчы сутыкаецца з паўсюднай і глыбока ўкаранёнай па ўсёй краіне дыскрымінацыяй. Пры тым афіцыйная дакладная статыстыка адсутнічае, а Кампанія супраць гамафобіі, галоўная польская ЛГБТ-арганізацыя, зафіксавала як мінімум 120 гамафобных або трансфобных злачынстваў на глебе нянавісці толькі ў 2014 годзе; лічыцца, што рэальныя лічбы нашмат вышэй.
«Згодна з міжнародным правам, Польшча мае абавязацельствы па забесьпячэнні роўнай абароны ад дыскрымінацыі для ўсіх меншаьцяў. Той факт, што ўлады не могуць іх выканаць, само па сабе з'яўляецца дыскрымінацыяй», — адзначыў Марка Пэраліні.