У Кіеве — пагромы расійскага бізнесу
У Кіеве прайшлі чарговыя вулічныя акцыі, скіраваныя супраць расійскага бізнесу ва Украіне. Да акцый далучыліся і праварадыкальныя сілы, у выніку чаго ў цэнтры ўкраінскай сталіцы распачаліся сапраўдныя пагромы.
Фота: Громадське ТВ
Прысутнасць ва Украіне расейскага бізнесу, які фінансуе сепаратыстаў на Усходзе і пракрамлёўскія сілы ў сярэдзіне краіны, выклікае вялікую незадаволенасць і ў грамадстве, і сярод шмат якіх палітыкаў.
За два гады фактычнай вайны з Расійскай Федэрацыяй ані ўкраінскі прэзідэнт, ані ўрад ніяк не абмяжоўвалі гэтыя бізнесовыя структуры.
У выніку да барацьбы з тымі ж расійскімі банкамі падключыліся сілы, якіх шмат хто ва Украіне называе “праварадыкальнымі”.
Спярша праварадыкалы закідалі камянямі офіс “Ашчаднага банка Расіі”, але прарвацца ў сярэдзіну не атрымалася з-за шчыльнага паліцэйскага кардона. Тады пратэстоўцы ўшчэнт разграмілі расійскі “Альфа-Банк” у цэнтры Кіева, бо там аховы было няшмат.
Да актывістаў прыядналіся мясцовыя люмпены, якія не толькі грамілі офіс, але і рабавалі банкаўскую маёмасць. Адказнасць за пагром ўзялі на сябе байцы батальёна АУН. “Мы гатовыя адказваць за свае ўчынкі”, — заявіў камандзір батальёна Мікола Каханіўскі.