Знік чачэнскі блогер Тумсо Абдурахманаў. Магчыма, яго забілі сілавікі Кадырава
Апазіцыйны чачэнскі блогер Тумсо Абдурахманаў, які жыве ў Швецыі, перастаў выходзіць на сувязь. Гэта вынікае з паведамленняў Чачэнскай праваабарончай асацыяцыі «Вайфонд», якая знаходзіцца ў Швецыі.
Не пазней за 1 снежня ў телеграме з'явіліся паведамленні аб
забойстве Абдурахманава. Было апублікавана відэа з нібыта мёртвым блогерам, але
ў каментарах некалькі карыстальнікаў паказалі, што на відэа іншы чалавек.
2 снежня прэс-сакратар асамблеі чачэнцаў Еўропы Шаміль
Албакаў заявіў выданню «Каўказскі вузел», што годнай даверу інфармацыі аб
гібелі Абдурахманава не паступала. «Па нашай інфармацыі, гэта няпраўда. Кажуць
пра забойства маладога хлопца ў Швецыі, які жыў па суседстве з Тумсо. Але і
гэта не пацверджана», — сказаў Албакаў.
Прадстаўнікі «Вайфонда» таксама сказалі «Каўказскаму
вузлу», што не схільныя давяраць паведамленням аб гібелі Абдурахманава.
Пры гэтым у арганізацыі заявілі, што блогер ужо нейкі час не выходзіць на
сувязь. Са снежня «Вайфонд» у сваім тэлеграм-канале паведаміў, што
Абдурахманаў усё яшчэ не выйшаў на сувязь. Таксама больш не даступны яго брат
Махмад Абдурахманаў.
Апошняе відэа на Ютуб-канале Абдурахманава, у якога 475
тысяч падпісчыкаў, з'явілася 7 лістапада. У ім блогер распавёў пра пачатак
працы палітычнай партыі «Голас Чачні». Як піша «Каўказскі
вузел», звычайна Абдурахманаў публікуе свае ролікі прыкладна раз на
тыдзень. Такіх працяглых перапынкаў на яго канале ў гэтым годзе яшчэ не было.
Тумсо Абдурахманаў вядомы сваёй крытыкай уладаў Чачні. У
2015 годзе ён пакінуў Расію пасля канфлікту са сваякамі Рамзана Кадырава.
Блогер атрымаў статус палітычнага ўцекача ў Швецыі. У Чачні Абдурахманава абвінавачваюць у сувязях з «Ісламскай дзяржавай».
У 2019 годзе спікер парламента Чачні Магамед Даудаў абвясціў
Абдурахманаву кроўную помсту. Аднак пазней улады рэспублікі гэта адмаўлялі.
У 2020 годзе ў кватэру Абдурахманава ў Швецыі пракраўся
мужчына і ўдарыў яго малатком па галаве. Блогер здолеў адабраць малаток і
выклікаць паліцыю. У 2021 годзе нападнік Руслан Мамаеў атрымаў 10 гадоў
пазбаўлення волі (пазней тэрмін быў павялічаны на два гады). Яго памагатай
Эльвіры Шапіяевай, якая паспрыяла ягонаму пранікненню ў кватэру, далі восем гадоў.
Бок абвінавачання звязаў замах на Абдурахманава з яго
крытыкай уладаў Чачні і абвяшчэннем кроўнай помсты з боку Даудава. У судзе было
заяўлена, што сустрэчы для падрыхтоўкі замаху праходзілі ў тым ліку ў Грозным,
а за забойства Мамаеву нібыта паабяцалі 60 тысяч еўра. Пры гэтым заказчыкі
злачынства ў судзе не былі названыя.
Паводле «Медузы»