У Расіі спынілі справу супраць беларуса Сяргея Савельева, які апрылюдніў відэа катаванняў у расійскіх турмах
Пракуратура спыніла крымінальную справу супраць інфарматара Gulagu.net Сяргея Савельева. Пра гэта праект паведаміў у сваім тэлеграм-канале.
Мужчыну абвінавачвалі ў неправамерным доступе да інфармацыі (частка 2 артыкула 272 КК РФ), піша «Наша Ніва».
Сяргей Савельеў — грамадзянін Беларусі, праграміст, ён адбываў тэрмін у Саратаўскай калоніі і сачыў за камерамі і відэарэгістратарамі супрацоўнікаў ФСВП, якія катавалі і гвалтавалі зняволеных у турэмным шпіталі. Пасля вызвалення ён перадаў агромністы архіў здзекаў у расійскіх турмах праваабаронцам.
Раней суд санкцыянаваў завочны арышт Сяргея Савельева, ён быў абвешчаны ў міжнародны вышук.
Следчы камітэт Расіі распачаў пяць спраў аб групавых гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару (п. «а» ч. 2 арт. 132 КК) і аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі ФСВП з ужываннем гвалту (п. «а» ч. 3 арт. 286 КК) у саратаўскай калоніі.