У Расіі праходзяць маршы памяці Барыса Нямцова

У суботу, 29 лютага, па ўсёй Расіі праходзяць памятныя акцыі — маршы, адзінкавыя пікеты і мітынгі — у памяць пра апазіцыянера Барыса Нямцова, якога забілі ў 2015 годзе.

755829772625350.jpeg

Расійскага палітыка Барыса Нямцова застрэлілі пяць гадоў таму — 27 лютага 2015 года — у цэнтры Масквы. За забойства асудзілі выканаўцаў злачынства (яны не прызналі віну), арганізатараў і заказчыкаў не знайшлі. Штогод у гадавіну забойства па краіне праходзяць апазіцыйныя шэсці і мітынгі памяці Нямцова.
Па дадзеных паліцыі, у акцыі памяці Нямцова у Маскве прымаюць удзел каля 8 тысяч чалавек, «Белы лічыльнік» паведамляе аб больш за 22 тысячах удзельнікаў. Сам марш быў узгоднены на 30 тысяч удзельнікаў. Падчас шэсця па праспекце Сахарава адзін з арганізатараў акцыі, старшыня Савета дэпутатаў муніцыпальнай акругі Краснасельскай Ілля Яшын прапанаваў удзельнікам спыніцца і ўшанаваць памяць Барыса Нямцова хвілінай маўчання.
Арганізатарамі маршу Нямцова сталі прадстаўнікі руху «Салідарнасць», Фонду барацьбы з карупцыяй Аляксея Навальнага, «Яблык», ПАРНАС, Лібертарыянская партыя, Партыя Пераменаў і «Мемарыял». Прэс-служба Цэнтра арганізацыі дарожнага руху Масквы паведамляла, што бульвары ў цэнтры Масквы і праспект Акадэміка Сахарава перакрыюць 29 лютага ў сувязі з правядзеннем дэманстрацыі.
Апроч сталіцы, акцыі памяці Нямцова прайшлі ва Уладзівастоку, Новасібірску, Іркуцку, Екацярынбурзе, Пецярбургу і іншых гарадах. Як паведамляе «АУС-Інфа», на акцыі ў Пецярбургу паліцыя затрымала шэсць чалавек. Памятнае шэсце праходзіць у цэнтры Пецярбурга па ўзгадненні з мясцовымі ўладамі. Да пачатку акцыі прыйшлі каля 800 чалавек, паліцыя казала пра 500 удзельнікаў. Пазней арганізатары заявілі як мінімум пра двух тысяч удзельнікаў.
Раней паліцыя затрымала некалькіх чалавек падчас адзіночных пікетаў у Валгаградзе.
Паводле расійскай прэсы