У Нігеры абвастраецца сітуацыя. Хунта выганяе французскага амбасадара, Парыж супраць

Ваенная хунта ў Нігеры, якая прыйшла да ўлады шляхам перавароту ў канцы ліпеня, загадала амбасадару Францыі пакінуць краіну на працягу 48 гадзін. Але Парыж заяўляе, што не мае намеру выконваць патрабаванні незаконных уладаў, піша BBC.

Антыфранцузская дэманстрацыя ў Нігеры. Фота getty images

Антыфранцузская дэманстрацыя ў Нігеры. Фота getty images

Вайскоўцы захапілі ўладу ў Нігеры, арыштаваўшы прэзідэнта краіны Махамеда Базума па абвінавачанні ў дзяржаўнай здрадзе і падрыве нацыянальнай бяспекі. З моманту перавароту ён утрымліваецца ў падвале прэзідэнцкага палаца.

Адным з патрабаванняў дэманстрантаў, якія падтрымалі пераварот, быў сыход Францыі з Нігера. Нігер — былая французская калонія, і Францыя да гэтага часу мае немалы ўплыў у гэтай краіне.

У апошняй заяве МЗС Нігера гаворыцца, што французскі пасол Сільвэн Ітэ ў пятніцу адмовіўся прыйсці на сустрэчу з міністрам замежных спраў краіны, у сувязі з чым нігерыйскія ўлады адклікалі яго акрэдытацыю.

Акрамя няяўкі Ітэ, хунта таксама спасылаецца на «іншыя дзеянні французскага ўрада, якія супярэчаць інтарэсам Нігера».

У пятніцу ўвечары Міністэрства замежных спраў Францыі заявіла, што Парыж прыняў да ведама меркаванне хунты, але путчысты не маюць права вылучаць падобныя патрабаванні, бо не з'яўляюцца законнай уладай.

«Акрэдытацыя амбасадара выдаецца выключна законна абранымі ўладамі Нігера», — цытуе агенцтва AFP неназваную крыніцу ў МЗС Францыі.

Дзярждэпартамэнт ЗША таксама паведамляе, што, паводле іх інфармацыі, у Нігеры гучаць заклікі да ад'езду шэрагу супрацоўнікаў амерыканскай дыпмісіі, але афіцыйнага запыту Вашынгтон пакуль не атрымліваў.


Глядзіце таксама

Расія замест Францыі?

У пятніцу Нігерыйскі ваенны ўрад таксама санкцыянаваў увод у краіну войскаў суседніх Малі і Буркіна-Фасо, калі Нігеру спатрэбіцца абарона ў яго супрацьстаянні з шэрагам краін Заходняй Афрыкі, якія заклікаюць вярнуць да ўлады дэмакратычна абранага прэзідэнта Базума.

Ваенны пераварот моцна абвастрыў адносіны Нігера не толькі з краінамі Афрыкі, але і з Захадам. У выпадку з Францыяй яны дасягнулі крытычнай кропкі.

На працягу дзесяцігоддзяў французскі кантынгент дапамагаў нігерыйскай арміі ў барацьбе супраць ісламістаў, якія вядуць актыўную дзейнасць у рэгіёне Сахель на захадзе афрыканскага кантынента.

У пачатку жніўня зрынуты прэзідэнт Базум праз калонку ў Washington Post заявіў, што цяпер увесь рэгіён можа апынуцца пад уплывам Расіі ў асобе ПВК «Вагнер».

Паводле яго слоў, ваенная хунта Нігера, як і хунты суседніх Малі і Буркіна-Фасо, робіць стаўку на расійскіх наймітаў, якія, паводле задумы путчыстаў, павінны прыйсці на змену французам і амерыканцам, якія да гэтага часу дапамагалі Нігеру.

Паводле даных заходніх разведак, атрады ПВК «Вагнер» сапраўды аказвалі садзейнічанне ваенным пераваротам у афрыканскіх краінах і значна ўмацавалі расійскі ўплыў на кантыненце ў апошнія гады.

Але цяпер, у святле меркаванай гібелі стваральніка і лідара ПВК Яўгена Прыгожына і няяснай будучыні кампаніі, разлікі нігерыйскай хунты могуць не апраўдацца.