У Ізраілі распавялі пра эфектыўнасць чацвёртай прышчэпкі ад COVID-19

Чацвёртая прышчэпка ў некалькі разоў павялічвае абарону ад заражэння і цяжкага цячэння хваробы, вынікае з даследавання, праведзенага ў Ізраілі. Аднак і яе ўжо не хапае, каб стрымаць распаўсюд «амікрона».

thumbs_b_c_747977cd908a061d09b816643d32b319.jpg

Чацвёртая прышчэпка ад COVID-19 здольная павысіць абарону арганізма ад заражэння ўдвая і ў тры разы лепш абараніць ад цяжкага цячэння хваробы ва ўзроставай групе 60 гадоў і старэйшых. Да такіх высноваў, як перадае Times of Israel, прыйшло Міністэрства аховы здароўя Ізраіля, зыходзячы з прааналізаваных даных па тых, хто прайшоў другую рэвакцынацыю.
Прааналізаваная інфармацыя была сабрана па 400 тыс. ізраільцян, якія атрымалі ўжо чацвёрты ўкол вакцынай, і па 600 тыс., якія прайшлі тры ўколы.


Разам з тым праведзеныя раней у Ізраілі даследаванні паказалі, што нават чатыры ўколы вакцынай не здольныя ўпэўнена абараніць ад заражэння штамам "амікрон". Даследаванне эфектыўнасці чацвёртай прышчэпкі ад COVID ізраільскі медыцынскі цэнтр Хаіма Шыбы пачаў у снежні, папярэднія даныя з'явіліся на мінулым тыдні. «Вакцына, якая была вельмі эфектыўная супраць папярэдніх штамаў, менш эфектыўная супраць штаму "амікрон". Мы бачым павелічэнне колькасці антыцелаў, вышэй, чым пасля трэцяй дозы, аднак ёсць і шмат інфікаваных "амікронам", якія атрымалі чацвёртую дозу. Крыху менш, чым у кантрольнай групе, але заражэнняў усё роўна шмат», — канстатаваў кіраўнік даследавання, прафесар Гілі Рэгеў-Ёчай.
На фоне з'яўлення гэтых даных урад Ізраіля плануе перайсці да адмены сістэмы "зялёнага пропуску", якая дзейнічала да гэтага ў краіне. Яна прадугледжвала, што допуск у грамадскія месцы мелі толькі тыя, хто меў сертыфікат аб прышчэпцы або адмоўны ПЛР-тэст, здадзены не пазней 72 гадзін таму. Аднак распаўсюджванне штаму «амікрон» і сярод вакцынаваных робіць гэтыя правілы састарэлымі: сертыфікат аб прышчэпцы больш не з'яўляецца гарантыяй абароны, і таму сістэму могуць адмяніць.
Times of Israel не ўдакладняе, пра прышчэпкі якой вакцынай ідзе гаворка. Найбольшае распаўсюджванне ў Ізраілі атрымала вакцына ад Pfizer, менавіта яе ўжываюць для вакцынацыі грамадзян, старэйшых за 60 гадоў.
Паводле rbc.ru