У гандлёвым цэнтры ў Кемерава знойдзеныя парэшткі ўсіх загінулых
Пошукавая аперацыя ў гандлёвым цэнтры ў Кемерава завершана, паведамілі ратавальнікі. Цяпер на месцы ў кругласутачным рэжыме працуюць эксперты і следчыя. Відэа з месца здарэння апублікавала СК Расіі.
Знойдзеныя парэшткі ўсіх загінулых — гэта 64 чалавекі (у тым ліку
41 дзіця). Следчыя не публікавалі спіс «каб пазбегнуць памылак». Пазней
ён з'явіўся на сайце адміністрацыі горада, але зараз недаступны.
Апазнаны 21 загінулы, на іх пахаванне выдадзены дазволы. Для высвятлення асобаў астатніх спатрэбіцца генетычная экспертыза.
Як заявіў кіраўнік Следчага камітэта Расіі Аляксандр Бастрыкін на нарадзе пад старшынствам Пуціна, прычынай пажару магло стаць замыканне альбо прымяненне адкрытага агню. «Ачаг узгарання — гэта таксама дзіцячая гульнявая пляцоўка, чацвёрты паверх. Мы зараз прызначылі экспертызу, разам раімся. Там дзве версіі: альбо гэта самазагаранне ў выніку дрэннай электрыкі, якую замкнула, або версія, у якую менш верым, — прымяненне адкрытага агню», — сказаў Бастрыкін.
Пажар у гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» (Кемерава, Расія) пачаўся 25 сакавіка прыкладна ў 16.00 па мясцовым часе. Узгаранне адбылося на чацвёртым паверсе, дзе размешчаны дзіцячы забаўляльны цэнтр, каток і тры залі кінатэатра. Плошча пажару перавысіла 1500 кв. м, праз некалькі гадзін на плошчы 1200 кв. м абрынуўся дах ўнутры цэнтра, паміж трэцім і чацвёртым паверхамі абрынуліся перакрыцці.
28 сакавіка ў Расіі аб'явілі агульнанацыянальную жалобу.
Паводле tut.by