Тры дзяржавы ЕС заклікалі сваіх грамадзян пакінуць Расію

Міністэрствы замежных спраў Эстоніі, Польшчы і Балгарыі распаўсюдзілі паведамленні з заклікам да сваіх грамадзян пакінуць тэрыторыю Расіі. Асабліва гэта тычыцца асоб з падвойным грамадзянствам.

756642097630044.jpg


Эстонскае ведамства просіць суграмадзян устрымацца ад паездак у Расію, а тых, хто там ужо знаходзіцца, – вярнуцца дадому. На фоне мабілізацыі ў Расіі МЗС нагадаў, што Масква разглядае ўладальнікаў падвойнага грамадзянства як сваіх.

У сваю чаргу балгарскія дыпламаты заявілі аб «ускладненай абстаноўцы» ў РФ і заклікалі грамадзян выязджаць з гэтай краіны. А тых, хто вырашыць застацца, просяць «праяўляць павышаную пільнасць, пазбягаць месцаў збору людзей, улічваць развіццё сітуацыі».

Урэшце, у МЗС Польшчы нагадалі палякам у Расіі, што іх краіна прызнаная Масквой як несяброўская. Таксама на тэрыторыі краіны-агрэсара немагчыма карыстацца польскімі банкаўскімі карткамі, там распаўсюджаныя адвольныя затрыманні, прымусовы агляд утрымання мабільных тэлефонаў.

Акрамя таго, адзначылі ў Варшаве, уладальнікаў падвойнага грамадзянства могуць абмежаваць у выездзе з Расіі, а ў выпадку закрыцця межаў або надзвычайных сітуацый эвакуацыя палякаў можа быць немагчымай праз вельмі малую колькасць польскага дыпламатычнага персаналу ў РФ.

Нагадаем, 22 верасня на фоне правалаў расійскай арміі ва Украіне і контрнаступу ўкраінскага войска на ўсходзе Украіны кіраўнік Расіі Уладзімір Пуцін аб’явіў «частковую мабілізацыю». Гэта выклікала масавыя ўцёкі расійцаў з краіны.


Эксперты не выключаюць, што неўзабаве Расія можа закрыць межы на выезд, каб спыніць гэтую «самаэвакуацыю» грамадзян Расіі.

Паводле korrespondent.net