Сусветныя цікавосткі: Вайна з сэканд-хэндам, «пацанізацыя» Расіі, самае дарагое Евангелле

Улады далёкай афрыканскай Уганды змагаюцца з сэканд-хэндам. У Расіі згадваюць пра смерць Джона Ленана (і пры чым тут СССР?). Феномен «Слова пацана»: нават салідныя фірмы спяшаюцца запатэнтаваць тавар пад такой гандлёвай маркай. І, нарэшце, вы ведалі, колькі каштуе самае дарагое Евангелле? Пра ўсё гэта чытайце ў «Сусветных цікавостках».

Вайна з сэканд-хэндам


Camille Delbos/Art In All of Us/Corbis/Getty Images

Camille Delbos/Art In All of Us/Corbis/Getty Images

Прэзідэнт Уганды Ёверы Мусевені аб'явіў вайну сэканд-хэнду. Галоўны аргумент для забароны, на першы погляд, вельмі экстравагантны: маўляў, афрыканцы «даношваюць адзенне, знятае з белых нябожчыкаў». Насамрэч, маштабы сітуацыі ўражваюць. Паводле ацэнак Oxfam (2015), у Афрыку адпраўляецца да 70% ужыванага адзення з запасаў дабрачынных арганізацый Еўропы. Паводле неафіцыйных ацэнак, у сэканд-хэнд апранаюцца 81% угандыйцаў. Праціўнікі сэканд-хэнду таксама спасылаюцца на шкоду такога імпарту для мясцовай трыкатажнай і швейнай прамысловасці. У кенійскай прэсе адзначаецца, што кожная тона сэканд-хэнду — гэта страта 7,58 працоўных месцаў у дадзеным сектары. Але з іншага боку, сэканд-хэнд стварае працоўныя месцы на рынках. Згодна са статыстыкай, амаль 16 мільёнаў жыхароў краіны ўцягнуты ў структуры, якія імпартуюць, прадаюць, перарабляюць старую вопратку. Ёсць і іншыя акалічнасці на карысць сэканд-хэнду — якасць адзення з Еўропы. Невыпадкова кліенты крытыкуюць нацыянальны тэкстыль за нізкую якасць і высокі кошт. У гэтым плане вынікі крыжовага паходу Ёверы Мусевені супраць сэканд-хэнду пакуль туманныя. Тым больш што раней іншыя афрыканскія ўрады таксама спрабавалі абмяжоўваць імпарт паношанага адзення, але без асаблівых поспехаў.

Па матэрыялах афрыканскай прэсы

СССР супраць Джона Ленана


Фота: GLOBAL LOOK PRESS

Фота: GLOBAL LOOK PRESS

Славуты музыкант Джон Ленан быў забіты 8 снежня 1980 года. У прынцыпе, цяперашняя 43-я гадавіна той трагедыі — дата не круглая, але праз шэраг фактараў, сярод якіх узмацненне пуцінскага аўтарытарызму, у Расіі пра яе шмат пісалі. Справа ў тым, што смерць Ленана пацягнула ў СССР традыцыю правядзення ў снежні стыхійных дэманстрацый моладзі ў памяць пра вялікага бітла. Найбольш вядомым стаў мітынг, які прайшоў на Ленінскіх гарах у Маскве 21 снежня 1980-га. На ім супрацоўнікі міліцыі і КДБ затрымалі больш за сотню чалавек, якіх абвінавацілі ў «незаконным выхадзе на праезную частку». Большасць з іх пратрымалі ў міліцыі каля трох гадзін, прымусіўшы напісаць тлумачальныя. Зрэшты, бітламанам сталіцы пашанцавала. У правінцыі з імі асабліва не цырымоніліся. Так, мірная дэманстрацыя гадавіны памяці Джона Ленана ў снежні 1981-га ва Уфе была жорстка задушана. Пазней нямала яе ўдзельнікаў было адлічана са сваіх навучальных устаноў, звольнена з працы, выключана з камсамола. На некалькі чалавек былі заведзены нават крымінальныя справы. Студэнтаў збіралі на сходы, дзе ідэолагі камсамола расказвалі пра «антысавецкую дэманстрацыю хіпі, якую арганізавалі агенты ЦРУ». З-за такога кшталту маштабных хапуноў публічныя акцыі ў памяць Ленана праз пару гадоў ужо не праводзіліся. Але сам рух застаўся. Аж да перабудовы прыхільнікі «The Beatles» адзначалі дату гібелі Джона Ленана пераважна на закрытых кватэрніках і канцэртах. Менавіта ў той час сярод іх нарадзілася вядомая прымаўка, якую ўлады і рэпрэсіўныя органы таксама трактавалі як «антысавецкую»: «Ленан і цяпер больш жывы за ўсіх жывых».

Па матэрыялах расійскай прэсы

Ад чыпсаў пацана да адзення пацана


Кадр з фільма «Слова пацана»

Кадр з фільма «Слова пацана»

Шалёная папулярнасць серыяла «Слова пацана» прывяла да чаканых наступстваў у выглядзе імкнення манетызаваць і ператварыць у мерч і тавар літаральна ўсё, што звязана з творам рэжысёра Крыжоўнікава. Так, калі верыць даным Распатэнта, у гэтым месяцы, што называецца, не адыходзячы ад касы (серыял толькі скончыўся) спрытныя дзялкі ўжо завалілі ведамства заяўкамі на рэгістрацыю патэнтаў і таварных знакаў. Чатыры заяўкі падалі прыватныя прадпрымальнікі і кампаніі малога бізнесу з розных рэгіёнаў Расіі. Калі іх задаволяць, на паліцах крам у хуткім часе з'явяцца цукеркі і чыпсы пад брэндам «Слова пацана». А нейкае маскоўскае ТАА «Рытэйл медыя» накіравала заяўку ў Распатэнт на рэгістрацыю таварнага знака «Слова пацана» для выпуску касметыкі, шампуняў, адэкалонаў і пудры. Але бізнесоўцам і гэтага мала — неўзабаве пад вядомым брэндам «для дзецюкоў і чушпанаў» («чушпан» — слэнагавае абазначэнне чалавека, які не ўваходзіць у моладзевую групіроўку — рэд.) з'явяцца ручныя прылады, хатнія прыстасаванні, сасіскі, піва, талеркі, безалкагольныя напоі. Парадаксальна, але пацанскі брэнд жадаюць займець і салідныя фірмы ў сферы электронікі і канцылярскай прадукцыі, спажыўцоў якіх цяжка аднесці да «гопнікаў». Напрыклад, кампанія «Эксмо» спрабуе атрымаць правы на таварны знак «Слова пацана» для выпуску лічбавых тавараў, вырабаў з паперы, адзення, размяшчэння рэкламы і паслуг у сферы забаў. Адным словам, поўная «пацанізацыя» краіны.

Па матэрыялах расійскай прэсы

Самае дарагое Евангелле


Фото: dpa / picture alliance

Фото: dpa / picture alliance

Падчас святкавання Калядаў немцы ўспомнілі адну цікавую дату. Роўна 40 гадоў таму, у снежні 1983-га, урады зямель ФРГ Ніжняя Саксонія і Баварыя на пару купілі самую дарагую на той момант кнігу ў свеце. Гаворка пра Евангелле ад Генрыха Льва. У канцы XII стагоддзя Генрых Леў, герцаг Саксоніі і Баварыі, даручыў манахам аднаго манастыра напісаць Евангелле, размаляваць яго каляровымі малюнкамі і ўпрыгожыць золатам. Атрымаўся сапраўдны шэдэўр — 225 старонак з 50 ілюстрацыямі. Прыкладна з ХVI стагоддзя кніга знаходзілася ў Празе. У 1861 годзе кароль Гановера Георг V прывёз працу з Прагі. Затым яна патрапіла ў Аўстрыю. З 1933 года Евангелле было страчана, хаця хутчэй за ўсё яно знаходзілася ў прыватнай калекцыі аднаго з нацысцкіх бонз. Евангелле нечакана з'явілася ў пачатку 1980-х, калі яго новы ананімны ўладальнік выставіў кнігу на аўкцыён. Паколькі артэфакт даўно лічыўся ў Германіі аб’ектам нацыянальнага культурнага значэння, дзве нямецкія зямлі — Баварыя і Ніжняя Саксонія — вырашылі яго выкупіць. У выніку кніга каштавала новым уладальнікам, якім, дарэчы, дапамаглі донары, 32,5 мільёна нямецкіх марак, што на сёння прыкладна 17 мільёнаў еўра. Купля па такім гіганцкім кошце была даволі спрэчнай хаця б з-за таго, што Евангелле пасля набыцця захоўваецца ў спецыяльным сейфе і ўбачыць яго простым падаткаплацельшчыкам складана. З іншага боку, для шматлікіх вернікаў гэта быў лепшы падарунак на Каляды. Так ці інакш, на той момант гэта была самая дарагая кніга з тых, якія калі-небудзь прадаваліся на аўкцыёне. Рэкорд быў пабіты толькі ў 1994 годзе, калі Біл Гейтс заплаціў 30,8 мільёнаў долараў за «Лестэрскі кодэкс» Леанарда да Вінчы. Аднак, хутчэй за ўсё, фаліянт як мінімум захоўвае тытул самага дарагога Евангелля ў свеце.

Па матэрыялах нямецкай прэсы