Сусветныя цікавосткі: палітычная галадоўка, што завяршылася перамогай, ці будзе ЛНР у Сірыі?
Падчас абмеркавання лёсу расійскіх ваенных баз у Сірыі часам узнікаюць (не)чаканыя прапановы. Згадваем галадоўку нямецкіх дэпутатаў у сярэдзіне 90-х, якая раптам сталася паспяховай. Чаму нават аптымісты не вераць у планы па буратызацыі Бураціі. І што за таямнічыя дроны не даюць спакою жыхарам усходняга ўзбярэжжа ЗША. Пра ўсё гэта чытайце ў «Сусветных цікавостках».
Ці паўстане Латакійская Народная Рэспубліка?
У кантэксце апошніх падзей у Сірыі расійскі палітыкум заклапаціўся лёсам ваенных баз РФ у горадзе Тартус (правінцыя Латакія). Гэтыя аб'екты, што на паперы называюцца “пункт матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння ВМФ”, з'явіліся аж у 1971 годзе, у адпаведнасці з двухбаковым пагадненнем паміж Сірыяй і СССР. Пасля распаду СССР база стала расійскай. Пакуль незразумела, як новыя ўлады ў Дамаску будуць ставіцца да наяўнасці ў Тартусе расійскай групоўкі. Не выключана, што іх могуць паспрабаваць закрыць. Таму ў Маскве зараз вырашаюць, як тыя базы захаваць. Пры гэтым гучаць і вельмі смелыя прапановы. Так, скандальны філосаф Аляксандр Дугін хоча абвясціць марыянетачную рэспубліку Латакія пад дахам Крамля. Тым больш, менавіта ў Латакіі кампактна жывуць алавіты — рэлігійная меншасць, якім не вельмі сімпатызуюць дамінантныя ў Сірыі суніты. Зрэшты, Дугіна пераплюнуў дэпутат Дзярждумы Дзмітрый Кузняцоў. Ён таксама заклікаў стварыць на базе анклава ў Сірыі нешта накшталт новай дзяржавы, аднак паводле Кузняцова новая дзяржаўнае фармаванне ў перспектыве можа ўвайсці ў склад РФ. Як бачым, планы адносна Тартуса і Латакіі самыя амбіцыйныя, хаця, думаецца, што захаваць перабыванне свайго флоту ў Сірыі расейцы ўсе ж паспрабуюць у фармаце дыпламатычных кансультацый.
Невядомая галадоўка
Беларусы памятаюць галадоўку групы дэпутатаў Вярхоўнага Савету РБ 11 красавіка 1995-га. Такім чынам Апазіцыя БНФ патрабавалі адмены прапанаванага Лукашэнкам рэферэндуму па пытаннях сімволікі, надання расійскай мове статусу дзяржаўнай г.д. Фінал галадоўкі вядомы: у ноч на 12 красавіка дэпутатаў моцна збілі і літаральна вынеслі з Авальнай залы. А вось крыху раней падобная акцыя групы нямецкіх палітыкаў мела поспех. Размова пра дэпутатаў ад Партыі Дэмакратычнага Сацыялізму (PDS) — пераемніцы ўрадавай партыі Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі (ГДР), якія напачатку снежня 1994-га пратэставалі супраць спроб закрыць партыю за кошт падаткавага ціску. Фіскальныя органы Германіі ў той час патрабавалі ад партыі 60 млн. нямецкіх марак, якія, нібыта, зніклі з рахункаў партыі ў часы развалу Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Хаця шмат хто лічыў, што тэма пра 60 мільёнаў — гэта хітрая спроба забароны PDS як палітычнага канкурэнта. Як раз увосень 1994-га PDS трыумфальна павярнулася ў вялікую палітыку, атрымаўшы права мець у Бундэстагу сваю дэпутацкую групу. Так ці інакш, партыя была на парозе ліквідацыі праз няздольнасць заплаціць грошы, і ў адказ на шантаж яе кіраўніцтва абвясціла галадоўку. Спачатку прэса і палітыкум каментавалі яе іранічна Аднак у наступныя дні стала зразумела, што акцыя галадоўшчыкаў сапраўды прабудзіла электарат PDS. Па ўсёй Усходняй Германіі прайшлі маніфестацыі салідарнасці з галадоўшчыкамі, а ў партфонд пачалі паступаць ахвяраванні грамадзян. У такой сітуацыі ўлады вырашылі «замяць» праблему і дасягнулі з PDS кампрамісу адносна доўгу. Такім чынам, тая галадоўка засведчыла эфектыўнасць сродку барацьбы. Праўда, яна таксама засведчыла, што галадоўка мае шанс на перамогу толькі пры мабілізацыі вуліцы.
Нечаканая буратызацыя
Міністр адукацыі і навукі Бураціі заявіў аб намеры перавесці амаль чвэрць пачатковых класаў у школах рэспублікі на бурацкую мову навучання. Навіна амаль сенсацыйная на фоне апошніх трэндаў у Расіі. З 2016 па 2023 год доля расійскіх школьнікаў, якія поўнасцю вучацца на родных мовах, скарацілася ўдвая — з 1,98% (292 тысячы навучэнцаў) да 0,96% (173 тысячы навучэнцаў). Таму бурацкая грамадскасць крыху ў шоку і не разумее, чым выклікана рашэнне павялічыць прысутнасць бурацкай мовы ў адукацыйнай сістэме. Ёсць версія, што гэта піяр-кампанія з мэтай палепшыць рэпутацыю непапулярнага кіраўніка рэгіёна. А вось бураты, якія знаходзяцца ў палітычнай эміграцыі, нічога пазітыўнага тут не бачаць. На іх думку, рашэнне аб пераводзе пачатковых школ на бурацкую мову навучання магло быць прынята ў Маскве, каб заглушыць незадаволенасць, звязаную з сацыяльнымі праблемамі, вайной і ростам нацыянальнага руху. «Урокі музыкі і фізкультуры на бурацкай у пачатковых класах — гэта, вядома, добра, але гэтага мала для захавання мовы», — кажа адзін з эмігрантаў. Зрэшты, нават у шматлікіх аптымістаў застаюцца сумневы, што сур'ёзныя новаўвядзенні ў сферы моўнай палітыкі Бураціі будуць увасоблены ў рэальнасць.
Кітайцы, дроны, іншапланецяне — хто атакуе ЗША?
На ўсходнім узбярэжжы амерыканцы назіраюць дзясяткі неапазнаных дронаў, якія кружаць над стратэгічнымі аб'ектамі. Усе інцыдэнты расследуюцца, але пакуль ніхто не можа растлумачыць, што адбываецца. Трывогу ўзмацніла навіна аб тым, што берагавая ахова выявіла 13 аб’ектаў, падобных на дроны. Прычым гаворка ідзе не пра аматарскія дроны: іх было складана выявіць, паколькі яны не вылучаюць цяпла. У выніку губернатар Нью-Джэрсі звярнуўся да Джо Байдэна з просьбай выдаткаваць дадатковыя федэральныя рэсурсы для правядзення расследавання. Федэральныя сілавыя структуры і адміністрацыя сцвярджаюць, што не валодаюць вартымі даверу данымі — гэтаму многія не вераць. А Дональд Трамп заклікаў проста збіваць беспілотнікі, калі няма разумнага тлумачэння іх прысутнасці ў небе. Ён таксама дадаў, што загадкавыя дроны прыдумалі ў Адміністрацыі Байдэна, каб перакласці на гэтыя аб’екты магчымыя замахі на жыццё будучага прэзідэнта Штатаў.