Польскі студэнт: «Беларусь і беларуская мова сталі маім жыццём…»
Як паляк вучыцца на факультэце беларускай філалогіі ва ўніверсітэце імя Адама Міцкевіча і адкуль у яго зацікаўленасць беларусамі, іх мовай і культурай.
Мой дзед нарадзіўся ў Баранавічах
Кастусь Якубоўскі — студэнт факультэта беларускай філалогіі ўніверсітэта імя Адама Міцкевіча ў Познані. Нягледзячы на тое, што ў яго польскае паходжанне, ён вельмі чыста размаўляе па-беларуску. Дарэчы, да паступлення на «Беларускую філалогію» малады чалавек скончыў факультэт усходазнаўства, валодае расійскай, англійскай, вывучаў іспанскую і нямецкую мовы. Але, як сам ён падкрэслівае, адмыслова абраў яшчэ і беларускую.
— На першым курсе я згадаў, што мой дзядуля паходзіць з Баранавічаў. У 1937 годзе, калі ён нарадзіўся, гэта была тэрыторыя Польшчы, — расказвае хлопец. — І я вырашыў: чаму б мне крыху больш не даведацца пра тыя мясціны? Бо тады пра Беларусь мала хто гаварыў. Гэта пасля 2020 года многія ў нас даведаліся, што гэта за краіна.
Дзядулю свайго Кастусь не ведаў, бо той памёр за трыццаць гадоў да яго з’яўлення на свет, але бабуля шмат і цікава распавядала пра яго. Гаварыла, што ён размаўляў з усходнім акцэнтам.
— У нашай сям’і дагэтуль прысутнічаюць асобныя словы з усходняга рэгіёна, — з усмешкай дадае суразмоўца. — І для нас стала натуральна ўжываць іх дома ў нашай мове.
Першы раз насамрэч Кастусь пачуў беларускую мову, калі меў больш за 20 гадоў. Тым не менш ён стаў адным з першых студэнтаў «Беларускай філалогіі», паколькі факультэт адкрыўся ва ўніверсітэце два гады таму, якраз тады, калі Якубоўскі абараніў дыплом магістра на факультэце ўсходазнаўства.
Адзін з гістарычнай пяцёркі
Цікава, што першы набор на факультэце беларускай філалогіі ва ўніверсітэце імя Адама Міцкевіча налічваў толькі пяць студэнтаў. Напачатку, прызнаецца Кастусь, гэта выглядала трохі экзатычна, але, як пазней аказалася, колькасць была далёка не галоўным паказчыкам.
— Дзякуючы гэтаму ў нас утварыліся вельмі сяброўскія адносіны паміж студэнтамі, а таксама вельмі блізкія адносіны з нашымі выкладчыкамі, — канстатуе хлопец. — Мы маглі гаварыць не толькі пра вучобу, але і абмяркоўвалі разам самыя розныя пытанні. І зразумела, што наўрад ці такія адносіны маглі мець тыя, у каго на курсе налічвалася да 60 чалавек.
Першыя наборы студэнтаў на факультэт беларускай філалогіі, паводле суразмоўцы, адбываліся бясконкурсна, і большасць з іх былі палякі, а вось сёлета, зазначае Кастусь, на 25 месцаў прэтэндавалі больш за 30 чалавек.
На яго думку, гэта звязана з тым, што людзі пачалі заўважаць: беларуская мова патрэбная, каб найперш нагадаць пра сваю ідэнтычнасць. І многія з тых, хто мае беларускія карані, упэўнены хлопец, пабачылі, што патрэбна вывучаць беларускую мову не проста на ўзроўні «адзін раз на тыдзень», а паступіць на «Беларускую філалогію». Гэта было і яго асноўным матывам, калі ён падаў туды свае дакументы.
Мы паступілі, каб больш даведацца пра Беларусь…
Кастусь расказвае, што з першага курсу было вельмі цікава і нескладана вучыцца. І, перш за ўсё, таму што ў іх былі вельмі таленавітыя і адданыя выкладчыкі, якія даступна тлумачылі тэмы заняткаў.
— Усе нашы выкладчыкі ведаюць, што мы паступілі на «Беларускую філалогію» не дзеля таго, каб толькі атрымаць дыплом, але каб больш даведацца пра Беларусь і сапраўды вывучыць беларускую мову, — кажа хлопец.
Праўда, цікава, што бацькі Кастуся са здзіўленнем прынялі яго выбар і неаднойчы задаваліся пытаннем, навошта яму гэта. Але ён, у сваю чаргу, не менш настойліва тлумачыў. Маўляў, я дарослы чалавек і таксама ведаю, што хачу рабіць у сваім жыцці.
— Беларусь і беларуская мова ўжо сталі маім жыццём, і я не магу іх проста пакінуць, — прызнаецца ён.
Дарэчы, Кастусь, абіраючы для вывучэння беларускую філалогію, звязваў гэта з перспектыўнай прафесійнай дзейнасцю. Паводле яго, калі палітычная сітуацыя ў Беларусі зменіцца, ён зможа працаваць, да прыкладу, польскім дыпламатам у Беларусі, прафесійна валодаючы, да ўсяго, беларускай мовай.
— Знаёмства з беларускай мовай у такой сітуацыі будзе толькі плюсам, — упэўнена кажа суразмоўца. — Бо хто зараз размаўляе па-беларуску, які паляк? Ну а ў такой сітуацыі ёсць такі адзін — і ён мае перавагу над іншымі…
У Беларусі беларускай мовы не знайшоў, але…
Кастусь тройчы быў у Беларусі. Адзін раз у 2014 годзе праездам, калі накіроўваўся на памятныя мерапрыемствы ў Катынь, а другі раз — у 2019 годзе, калі прыехаў у Баранавічы, каб збіраць матэрыял для сваёй дысертацыі і прабыў там амаль два тыдні. Трэці раз хлопец у 2020 годзе ўдзельнічаў у моладзевым абмене ў Маладзечне.
Шмат беларускасці, як прызнаецца суразмоўца, у Баранавічах і Маладзечне ён не знайшоў, але паехаў у мястэчка, дзе нарадзіўся яго дзядуля, і паспрабаваў знайсці людзей, якія яго памятаюць. Там таксама не ўсё ўдалося, але ўражанні з тых мясцін засталіся назаўсёды.
— На жаль, нікога такога я там не знайшоў, але мясцовыя людзі былі такія цёплыя, так добра да мяне ставіліся, — з прыемнасцю згадвае малады чалавек. — Гэта было на вёсцы, яны размаўлялі па-беларуску і трохі на трасянцы. Я паляк, яны чулі мой акцэнт, але яны вельмі прыемна да мяне ставіліся, і гэта было супер, проста супер!..
Цяпер, як заўважае суразмоўца, беларускай мовы можна пачуць больш у Познані, чым у самой Беларусі, паколькі пасля пратэстаў 2020 года і ў іх горадзе з’явілася беларуская дыяспара, дзе можна свабодна паразмаўляць з людзьмі па-беларуску.
Мы блізкія, але кожны мае сваю ідэнтычнасць
Размаўляючы ўжо практычна пра ўсё, мы не маглі абысці тэму беларускай літаратуры. Кастусь добра арыентуецца ў класічнай літаратуры, піша дыпломную па творах Купалы, але, як сам заўважае, яго вельмі цікавяць сучасныя беларускія пісьменнікі: Марціновіч, Бахарэвіч, Някляеў, Хадановіч і іншыя, бо, паводле яго, хочацца лепш зразумець, пра што думаюць сучасныя пісьменнікі.
Што датычыцца гістарычнага перыяду, то яму бліжэй за ўсё тэма паўстання Каліноўскага. Ён прысутнічаў на перапахаванні астанкаў Кастуся Каліноўскага і іншых паўстанцаў у Вільні ў 2019 годзе і быў уражаны ўбачаным.
— Калі я ўбачыў тады столькі беларускіх сцягоў — а іх была большасць… Цяжка перадаць тое адчуванне, проста сэрца пачало біцца мацней, — прызнаецца ён. — Ды і зараз слоў не хапае, каб перадаць тыя пачуцці…
Размаўляючы пра блізкасць і падабенства польскай і беларускай культуры, Кастусь звяртае ўвагу на тое, што ў нас нават многіх пісьменнікаў называюць адначасова польскімі і беларускімі: Тамаш Зан, Адам Міцкевіч… І гістарычныя героі, як, да прыкладу Каліноўскі, Касцюшка, таксама нас аб’ядноўваюць, але ў той самы час, паводле яго, кожны з народаў мае сваю ідэнтычнасць.
— Кожны раз, размаўляючы з беларусамі, адчуваю, што ў нас падобныя культуры, падобныя пачуцці і падыход да жыцця, — кажа хлопец. — Мы нават не сябры, не дваюрадныя браты – мы проста блізкая сям’я.