Смерць Беразоўскага — інсцэніроўка
Агенты ФСБ, супрацоўнікі казахскіх спецслужбаў, людзі Скотланд-Ярда, чачэнскія мафіёзі, суцянёры… Вось далёка не поўны спіс асобаў, якіх прэса падазрае ў дачыненні да смерці Барыса Беразоўскага.
Натуральна, першай адгукнулася на паведамленне пра смерць БАБ жоўтая прэса, якая адчула прысмак сенсацыі. Яшчэ не забылася жудасная гісторыя былога афіцэра ФСБ, перабежчыка Літвіненкі, якога калегі, быццам, знішчылі з дапамогай радыёактыўнага палонію. Правесці сувязь паміж абодвума выпадкамі паспрабавала, напрыклад, «ABCNews». «Не выключана, што з Беразоўскім абышліся гэтак жа, як з Аляксандрам Літвіненкам у 2006 годзе, — ён быў забіты», — адзначае выданне.
Матывы Крамля прыбраць Абрамавіча відавочныя. «Барыс баяўся за сваю бяспеку і разумеў, што Крэмль мае намер знішчыць яго ў якасці прыкладу для ўсіх тых, хто паспрабуе стаць на дарозе. Ён разумеў логіку Крамля лепш, чым хто», — піша брытанская газета «The Daily Mail». На карысць прыхільнікаў гэтай версіі — цікавае супадзенне. Цела Бярозаўскага было знойдзена роўна праз 5 гадоў пасля таго, як па не зразумелай дасюль прычыне загінуў яшчэ адзін мільярдэр, які таксама, як і БАБ, спачатку дапамагаў Пуціну прыйсці да ўлады, а пазней трапіў у няміласць. Гаворка пра бізнэсмэна і палітыка Бадры Патаркацышвілі, якога ў 2008 годзе таксама знайшлі мёртвым у яго англійскім асабняку.
Чаму з Беразоўскім расправіліся менавіта зараз? Адказ прапануе шведская прэса. Там з’явілася інфармацыя, што алігарх не так даўно, быццам, адправіў асабістыя запіскі ў шведскі парламент, у якіх, нібыта, часта згадваецца імя Уладзіміра Пуціна. Такія дакументы, па законах каралеўства, абавязаны быць апублікаваныя. 26 сакавіка паведамлялася, што прэс-сакратар шведскага парламента запэўніла журналістаў, што, нібыта, дакументы будуць вывучаныя і апублікаваныя, бо прадстаўляюць грамадскі інтарэс. Аднак пасля тая ж прэс-сакратарка заявіла, што ўпершыню чуе пра пасылку з Лондана...
Паралельна актыўна абмяркоўваецца версія пра самагубства Барыса Беразоўскага. Заходнія СМІ звяртаюць увагу, што гэтую ідэю актыўна прасоўваюць расійскія СМІ. Галоўным доказам служаць успаміны журналіста рускага выдання «Forbes», які не так даўно браў інтэрв’ю ў нябожчыка і, быццам, быў уражаны дэпрэсіўным станам суразмоўцы, звязаным у тым ліку з фінансавымі праблемамі. Акрамя таго, у студзені 2013 года Беразоўскі расстаўся са сваёй грамадзянскай жонкай Аленай Гарбуновай, якая ў дадатак падала іск супраць бізнэсмэна на некалькі мільёнаў фунтаў стэрлінгаў. Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў нават заявіў, што пару месяцаў таму Беразоўскі пісаў расійскаму лідару Уладзіміру Пуціну ліст, прасіў прабачэння і дазволу вярнуцца на радзіму. У гэта, канечне, цяжка верыцца. Калі б такі ліст існаваў, яго б, хутчэй за ўсё, адразу апублікавалі ў прапагандысцкіх мэтах.
Настойлівасць Масквы выставіць смерць алігарха як акт суіцыду звязваюць у тым ліку з той роляй, якую Беразоўскі займае ў афіцыйнай прапагандзе Расіі. Там фігура беглага бізнэсмэна вельмі міфалагізаваная, з яго зрабілі нейкага «Доктара Зло», з дапамогай якога можна было маскіраваць прамашкі ва ўнутранай палітыцы. Страціўшы моцны козыр у асобе апальнага алігарха, Крэмль намагаецца выжаць з факту яго смерці апошнія сокі — прадставіць суіцыд як лагічны фінал жыцця кожнага апанента Пуціна. У гэтым плане далей за ўсіх зайшлі дзяржаўныя каналы тэлевізіі. Яны лічаць, што на адчайны крок Барыса Абрамавіча падштурхнула поўнае расчараванне ў існуючай на Захадзе дэмакратычнай мадэлі.
Увогуле, сыход у лепшы свет «Доктара Зло» вымушае Крэмль пачаць кастынг на новага «монстра». Цікавая думка на гэты конт прагучала на адным з казахскіх форумаў. Аўтар посту лічыць, што місія Пуціна палягала ў тым, каб знішчыць Беразоўскага. Быццам, дзеля гэтага вакол яго і аб’ядналася частка эліты, асабістыя ворагі БАБ. Цяпер, пасля некралогаў пра Беразоўскага, Пуцін ім не патрэбны. «Пуцін зрабіў сваю справу, Пуцін можа сыходзіць», — рэзюмуе блогер.
Ёсць версіі, якія не тычацца Лубянкі. Так, жоўтыя швейцарская «Blick» і брытанская «Daily Mail» капаюць сувязі Беразоўскага з сэксмафіяй, якая пастаўляла яму дзяўчынак-тынейджараў з Усходняй Еўропы. Магчыма, нехта спрабаваў шантажаваць алігарха, што закончылася трагедыяй.
Варта таксама ўзгадаць нататку ў нямецкай «Die Zeit». Выданне звяртае ўвагу на тое, што фігура Беразоўскага вельмі шкодзіла брытанска-расійсікм адносінам. Пра дачыненне спецлужбаў Яе Вялікасці да апошніх падзей кажа і Ханс-Хёнінг Шродар, прафесар берлінскага Фонду навукі і палітыкі. Ён таксама лічыць, што следства павінна адпрацаваць чачэнскую версію. Як вядома, Беразоўскі меў кантакты з чачэнскай палітычнай эміграцыяй, а праз яе — з мафіяй.
Амаль фантастычную версію прапануюць казахскія СМІ. На іх думку, забойства Беразоўскага — гэта прэвентыўны ўдар у сэрца антыназарбаеўскай канспірацыі. Яшчэ год таму казахская прэса пісала, што Барыс Беразоўскі, быццам, актыўна шукае новых саюзнікаў для рэалізацыі больш маштабных задач, чым «цюльпанавая рэвалюцыя ў маленькай сярэднеазіяцкай краіне». Як адзначаў «Маскоўскі Камсамолец», «можна выказаць здагадку, што на гэты раз гаворка ідзе пра размыванне падмурку пад Мытным саюзам, а саюзнікам Бярозаўскага гатовы стаць былы кіраўнік БТА-Банка Мухтар Аблязаў (казахскі апальны алігарх, які пасварыўся з Астаной і хаваецца на Захадзе). Такім чынам, атрымліваецца, што за кошт «нейтралізацыі» БАБ казахскія спецагенты прэвентыўна знішчылі пагрозу замаху на назарбаеўскі рэжым і, як следства, на Мытны саюз.
Ёсць і яшчэ адна версія, якая агучваецца расійскімі журналістамі. Смерць Бярозаўскага магла быць інсцэніраваная, а псеўда-нябожчык цяпер можа сядзіць у якім-небудзь заморскім раі пад іншым прозвішчам і ціха пасміхацца з усіх. Гэта ў яго стылі. І, быццам, дапамагчы правесці такую аперацыю БАБ мог... Пуцін. Справа ў тым, што апошнія ўчынкі Беразоўскага былі хутчэй на руку Крамлю. Такое падазрэнне ўзнікла шмат у каго падчас справы «Pussy Riot», да фінансавання якой датычны БАБ. Справа мабілізавала праваслаўны электарат, які пачаў бачыць у Пуціне абаронцу сімвалаў веры. Істэрычныя заклікі алігарха, арыштаваць Пуціна напярэдадні яго апошняй прэзідэнцкай інагурацыі, таксама пайшлі ў палітычную капілку Крамля. У расійскай прэсе не выключаюць, што Масква супрацоўнічала з БАБ і дапамагала яму «памерці», калі яго закідалі іскамі ў суд і фінансавымі прэтэнзіямі.
Напэўна, следства рана ці позна паставіць кропку ў загадкавай смерці Беразоўскага. Аднак прэса, відавочна, супакоіцца не хутка. Занадта ўжо каларытнай і глабальнай фігурай быў Барыс Абрамавіч. Некаторыя нават пабачылі ў яго асобе новага Распуціна. Нямецкая прэса піша, што шэраг буйных выдавецтваў ужо ўключыў у сваё бліжэйшыя планы публікацыю крымінальнага рамана, сюжэт якога круціцца вакол жыцця і смерці Барыса Беразоўскага.