Сепаратысты ў законе
У Грузіі абмяркоўваюць праект новай Канстытуцыі, паводле якой Абхазія і Паўднёвая Асеція могуць атрымаць «асаблівы статус». Ці стануць карэктывы ў Асноўны закон першым крокам для рэінтэграцыі грузінскай тэрыторыі?
«Пазбавіцца ад спадчыны Саакашвілі», — так матывавала ўлетку група грузінскіх парламентароў неабходнасць падкарэктаваць Асноўны закон краіны. Па іх словах, папраўкі, якія ў свой час зрабіў у Канстытуцыю Міхаіл Саакашвілі, не адпавядаюць рэальнасці, і ў дадатак супярэчаць прынцыпам дэмакратыі. Напрыклад, норма, паводле якой Грузія стала парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікай, узнікла праз тое, што Саакашвілі не меў права балатавацца на пасаду гаранта. Давялося аператыўна перапісаць Канстытуцыю так, каб краінай кіраваў не прэзідэнт, а прэм’ер, прычым, без абмежавання колькасці кадэнцый. На пасаду кіраўніка ўраду і прэтэндаваў Саакашвілі пасля змены Канстытуцыі.
Параграф пра перанос парламенту ў Кутаісі быў прапісаны ў Канстытуцыі таксама невыпадкова. Маючы падтрымку ў сталіцы, апазіцыя часта выводзіла людзей да будынку парламенту на акцыі пратэсту. А вось у Кутаісі на маніфестацыі пад парламент сабраць натоўп апанентам Саакашвілі тэхнічна было значна цяжэй. «Што гэта, як не замах на дэмакратыю?» — пыталі аматары перагляду Канстытуцыі.
Такія аргументы сустрэлі падтрымку ў грамадскасці, і ў снежні дэпутаты прагаласавалі за стварэнне чатырох групаў, якім даручылі напісаць праект будучых паправак. Праца ішла павольна, пакуль на мінулым тыдні не выбухнула медыя-бомба: на пасяджэнні Канстытуцыйнай камісіі паставілі пытанне пра ўнясенне ў Канстытуцыю запісу аб прысваенні асаблівага статусу Абхазіі і Цхінвальскаму рэгіёну.
З адпаведнай ініцыятывай выступіў прадстаўнік партыі «Грузінская мара», якая зараз мае большасць у парламенце. «Паколькі важна аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці краіны мірным шляхам, было б правільна і своечасова надаць асаблівы статус нашым братам абхазам і асецінам», — сказаў адзін з аўтараў ідэі.
З’яўленне падобнай папраўкі можна разглядаць як рашучы паварот у грузінскіх палітычных дэбатах наконт алгартыму вырашэння тэрытарыяльнай праблемы. У другім артыкуле Канстытуцыі Грузіі гаворыцца: «Дзяржаўна-тэрытарыяльны лад Грузіі будзе вызначаны канстытуцыйным законам на аснове прынцыпу размежавання паўнамоцтваў пасля поўнага аднаўлення юрысдыкцыі Грузіі на ўсёй тэрыторыі краіны». Такая фармулёўка вельмі абстрактная, не кажучы пра тое, што сярод грузін хапае аматараў прынцыпу ўнітарнай дзяржавы.
Цяпер сепаратысцкім рэспублікам — пасля вяртання ў склад Грузіі — могуць быць гарантаваныя асаблівыя правы. Хаця ступень будучай аўтаноміі незразумелая, само абяцанне выклікала негатыўную рэакцыю ў грамадстве. Шмат грузінаў сталі ахвярамі сепаратыстаў і былі вымушаны падацца ў бежанцы. Так, адзін з апазіцыйных лідараў заявіў пра тое, што ілюзіяй ёсць «спроба вырашэння праблемы тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі з дапамогай аднабаковых саступак і жэстаў на адрас злачынных сепаратыстаў».
Хапае і тых, хто ў прынцыпе не верыць, што «асаблівы статус» зменіць адносіны нефармальных рэспублік з Тбілісі. Раней грузінскі бок неаднаразова прапанаваў тым жа ўладам у Сухумі нейкія сумесныя гуманітарныя, адукацыйныя праграмы, аднак адказ быў, як правіла, адмоўны.
Асноўная прычына гэтага, як пішуць эксперты, палягае ў натуры сепаратысцкіх рэжымаў. Іх лідары, маўляў, настолькі звязаныя з крымінальнымі схемамі — складнікам дзейнасці мясцовых гаспадарак, што любыя спробы нармалізацыі сітуацыі ў перспектыве пагражаюць ім судовымі пазовамі.
Акцэнтуецца ўвага на тым, што такія рэчы, як перамовы і кантакты з Грузіяй, знаходзяцца ў сферы кантролю расійскіх пратэктараў, якія не дазволяць «марыянеткам» сядаць за стол перамоваў. Узгадваюць агаворку лідара Абхазіі Сяргея Багапша ў 2004-м. Каментуючы прапанову Грузіі наконт стратэгіі развіцця ўзаемных кантактаў, той заявіў, што ў яго ёсць жорсткія інструкцыі, «чаго не павінна рабіць Грузія».
У такіх выпадках, як кажуць крытыкі «асаблівага статусу», любыя міралюбівыя прапановы Грузіі будуць успрымацца сепаратыстамі абыякава. А ў вачах шараговага абхаза або асеціна бясконцыя гуманітарныя грузінскія ініцыятывы — адзнака слабасці Грузіі, гатоўнасці ісці на саступкі. Наяўнасць «асаблівага статусу» можа быць таксама выкарыстана сепаратыстамі як аргумент за тое, каб патрабаваць у міжнародных структурах афіцыйнага прызнання сваёй дзяржаўнасці.
Праўда, альтэрнатыва «асабліваму статусу» таксама выглядае вельмі слаба. На пытанне, як жа вярнуць Абхазію і Паўднёвую Асецію, гучыць стары адказ: дачакацца спрыяльных геапалітычных умоваў, калі Расія — куратар сепаратыстаў, — стане больш слабай і санкцыянуе вяртанне Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ў лона грузінскай дзяржавы.
Так ці інакш, пакуль большасць грузінскага грамадства выступае супраць «асаблівага статусу», што выразна ілюструюць настроі ў сацыяльных сетках.
Ці рызыкне ў такой атмасферы «Грузінская мара» прапанаваць сепаратыстам «асаблівы статус», стане канчаткова вядома 31 красавіка, калі праекты паправак у тэкст Канстытуцыі павіны быць апублікаваныя. Адказ на гэта пытанне таксама чакаюць у Кіеве, Кішыневе і іншых сталіцах краін СНД, якія таксама павінны вырашаць пытанне тэрытарыяльнага адзінства.