Сцяг вам у рукі!
У сярэдзіне студзеня пачаў працу армянскі парламент, дзе дэмакратычная кааліцыя «Твой крок» Ніколы Пашыняна мае абсалютную дэпутацкую большасць. Самай рэзананснай прапановай дэмакратаў стала ідэя рэформы дзяржаўнай сімволікі.
Падаецца, ніводная рэвалюцыя на Каўказе не абыходзіцца без рэвізіі афіцыйных знакаў. Дастаткова прыгадаць, як пасля «Рэвалюцыі ружаў» у 2004-м Саакашвілі замяніў бела-чорна-вішнёвы сцяг, прыняты ў часы першай грузінскай рэспублікі. Яму на змену прыйшлі пяць чырвоных крыжоў на белым палотнішчы.
Прыхільнікі Саакашвілі выступалі за новы сцяг, сцвярджаючы, што менавіта ён прыносіў перамогі грузінскаму цару Давіду і царыцы Тамары. Таксама падкрэслівалася, што новая сімволіка азначае і канчатковы сімвалічны разрыў з Грузіяй часоў Шэварнадзэ, што было сінонімам краіны, дзе пануе татальная карупцыя.
Але для значнай часткі грамадскасці, у тым ліку для некаторых міністраў кааліцыйнага ўрада, гэтыя аргументы былі непераканаўчыя. Не падабалася, што новы сцяг Грузіі быў яшчэ ўчора партыйным сцягам структуры Саакашвілі «Нацыянальны рух». Да таго ж Саакашвілі відавочна махляваў: спачатку пяцікрыжовы сцяг з’явіўся над будынкам парламента нібыта для здымак музычнага кліпа. Потым аказалася, што здымаць сцяг не збіраюцца. Гісторыкі, у сваю чаргу, адзначалі, што на новым сцягу намаляваны Іерусалімскі крыж еўрапейскіх крыжакоў, якія фармальна не мелі дачынення да Грузіі. Зрэшты, хуткія паспяховыя рэформы Саакашвілі легітымізавалі новы дызайн.
Тым жа шляхам, падобна, ідуць і армянскія дэмакраты. Новаабраны віцэ-спікер парламента Ален Сіманян літаральна праз тыдзень пасля старту працы парламента заклікаў змяніць дзяржаўны гімн. Прычым самае незвычайнае — тое, што дэмакрат прапанаваў памяняць цяперашні дзяржаўны гімн краіны — «Наша Радзіма», — на гімн «Савецкая Арменія», напісаны славутым кампазітарам Арамам Хачатуранам.
Матывіроўка Сіманяна вельмі незвычайная. Мелодыя цяперашняга гімна, што вядомы з канца ХІХ стагоддзя, папулярная, аднак яна не можа канкураваць з версіяй гімна вялікага Хачатурана. Твор апошняга ўключае элементы «шараканаў» (агульная назва армянскіх духоўных песень, афіцыйна прынятых і кананізаваных царквой).
Адзначаюць і тое, што ў аснову цяперашняга гімна пакладзены падрэдагаваны верш пра вызваленчую барацьбу ў Італіі часоў Гарыбальдзі. Гэта значыць, гімн першапачаткова меў не армянскі змест. Тэкст цалкам прасякнуты духам італьянскай вызваленчай барацьбы. У адным з радкоў песні, якая з часам стала армянскім гімнам, спачатку нават былі словы: «Няхай жыве Італія, хай загіне Аўстрыя!»
Але гімнам справа не абмежавалася. У новым урадзе згадалі і пра сцяг. Усё той жа Сіманян прапанаваў змясціць на нацыянальны сцяг так званы «армянскі крыж». Палітык абгрунтаваў гэта старажытнымі хрысціянскімі традыцыямі Арменіі — як першай краіны, якая прыняла хрысціянства ў якасці дзяржаўнай рэлігіі.
Прапановы спікера выклікала бурлівыя абмеркаванні ў грамадстве. Найбольш рэзка на ініцыятывы, як і варта было чакаць, адгукнуліся дашнакі. Менавіта партыя «Дашнакцютун» была ля вытокаў адраджэння армянскай дзяржаўнасці сто гадоў таму. Адпаведна, дзяржаўная атрыбутыка Першай армянскай рэспублікі, па сутнасці, была вынікам іх дзейнасці. «Мы не дазволім вам скажаць, змяняць кожнаму на свой густ дзяржаўныя сімвалы», — заявіў галоўны дашнак на сабраным мітынгу.
Багата каму не падабаецца тое, што ў якасці дзяржаўных сімвалаў краіне навязваюць рэлікты савецкай Арменіі. «Пытанне пра змену гімна, вядома, можна абмяркоўваць гадамі, але нельга абмяркоўваць пытанне пра вяртанне гімна Савецкай Арменіі», — адзначае адно з мясцовых выданняў.
З’явіліся і крытыкі ідэі сцяга з крыжам. Яны лічаць, што сцяг у цяперашнім выглядзе мае вялікае значэнне ў гісторыі Арменіі. Ён прайшоў гераічны шлях ад бітваў з турэцкімі войскамі ў гады Першай сусветнай вайны да Нагорна-Карабахскай вайны ў пачатку 1990-х. Зрэшты, калі меркаваць па апытаннях у інтэрнэце, такія армяне ў меншасці.
Дэбаты вакол сімволікі, безумоўна, апынуліся сапраўдным падарункам для апазіцыі з Рэспубліканскай партыі, якая перажывае цяжкі этап. Рэйтынгі рэспубліканцаў, якія вясной 2018-га вынеслі з урадавых офісаў Майдан, настолькі нізкія, што яны нават не прайшлі ў новы парламент. Ініцыятывы наконт сцяга і гімна гальванізавалі гэтую супольнасць.
Апазіцыйныя медыя кпяць з Нікола Пашыняна, які напярэдадні апошніх парламенцкіх выбараў абяцаў заняцца вырашэннем самых важных праблем у краіне. «Ну як тут устрымацца ад заўвагі?! Спадары былыя апазіцыянеры, вы казалі, што для вырашэння актуальных пытанняў вам трэба было сфармаваць большасць у парламенце. Цяпер вы ў абсалютнай большасці і ў сталічнай мэрыі, і ў парламенце! Сцяг вам у рукі! Пачніце ж нарэшце працаваць!» — адзначае блізкі да апазіцыі назіральнік. Зрэшты, ёсць меркаванне, што такая крытыка ўлады, таксама пазбаўленая канструктыўнасці, можа яшчэ больш дыскрэдытаваць рэспубліканцаў, якія дагэтуль не могуць прапанаваць уласную палітычную павестку.
Між тым, Ален Сіманян ужо анансаваў намер прэзентаваць свой варыянт вырашэння пытанняў гімна і сцяга. Яго праект надасць апісанай вышэй дыскусіі новы імпульс.
Дарэчы, у Арменіі ёсць яшчэ герб, які таксама заклікаюць падкарэктаваць. У прыватнасці, напісаць на ім дэвіз. У якасці працоўных варыянтаў у свой час прапаноўваліся такія дэвізы: «Адзінства, нацыя, краіна», «Адзінства стварае краіну», «Сіла, радзіма, адзінства». Відавочна, спрачацца наконт аптымальнай версіі можна бясконца.