Ще не вмерла Україна-Русь! Ва Украіне абмяркоўваюць ідэю перайменаваць краіну
Украінцы зноў загарэліся ідэяй даць краіне назву «Украіна-Русь» або, у найгоршым разе, проста «Русь».
Дэбаты наконт новай назвы гэтым разам распаліў адвакат Андрэй Федур, допіс якога ў сеціве атрымаў шмат падабаек. Цікава, што сам Федур адначасова з’яўляецца крытыкам курсу Уладзіміра Зяленскага. Між тым мінулым летам дарадца Зяленскага Мікіта Патураеў выступаў з падобнай ініцыятывай — перайменаваць Расію ў Масковію, а рускую мову падзяліць на два варыянты: тая руская, на якой кажуць украінцы, і тая, на якой размаўляюць у Расіі.
Як бачым, праект «Украіна-Русь» дастаткова прывабны для дыяметральных фракцый украінскага палітыкуму. Гэта не дзіўна — з улікам таго, што ў аснову афіцыйнай гістарычнай канцэпцыі сучаснай Украіны пакладзены ідэі Міхаіла Грушэўскага. Грушэўскі разглядаў старажытнарускую дзяржаву «Кіеўская Русь» як выключна протаўкраінскае фармаванне. Таму ў сваіх навуковых працах і публіцыстычных творах слова «Украіна» стараўся пісаць з прыстаўкай «Русь». «Нашым ідэалам павінна быць незалежная Русь-Украіна, у якой бы ўсе часткі нашай нацыі злучыліся ў адну сучасную культурную дзяржаву», — сцвярджаў Грушэўскі яшчэ ў далёкім 1899 годзе.
У наш час тэорыя Грушэўскага ўзбагацілася тэзісам пра тое, што назву «Русь» ва ўкраінцаў з нейкіх карыслівых памкненняў скрала Расія. Напрыклад, кіеўскі прафесар Алег Соскін усю адказнасць за прыватызацыю расіянамі брэнда «Русь» ускладае на Пятра Першага.
Хаця канцэпты Грушэўскага за часы незалежнасці былі моцна растыражаваныя, ідэя перайменавання дзяржавы ва «Украіну-Русь» да 2014-га не выходзіла за межы ўдзельнікаў гістарычных інтэрнэт-форумаў. Па ходзе падзей на Данбасе і ў Крыме лозунг вяртання Украіне назвы «Русь» атрымаў масавую нізавую падтрымку.
Такое перайменаванне пачалі разглядаць не толькі як акт гістарычнай справядлівасці, але нават гібрыдны аперкот Крамлю. «Гэты смелы, рэвалюцыйны крок (новая назва дзяржавы) не толькі пасуе ўладзе, якая лічыць сябе рэвалюцыйнай. Ён перахопіць ініцыятыву ў Пуціна хоць бы на гэтым участку барацьбы — магчыма, ключавым участку. Імя Украіны пры гэтым не знікне — яно высвеціцца новым сэнсам», — пісалі аўтары тагачаснай петыцыі за перайменаванне краіны ў Русь.
Не без уплыву падобных петыцый і іншых заяваў з боку грамадскасці ў 2015 годзе тагачасны кіраўнік Украіны Пётр Парашэнка падпісаў указ «Аб ушанаванні памяці князя Кіеўскага Уладзіміра Вялікага — стваральніка сярэднявечнай еўрапейскай дзяржавы Русі-Украіны».
Што да Крамля, то перспектыву магчымага з’яўлення на паўднёва-ўсходняй мяжы Расіі дзяржавы «Украіна-Русь» тут каментуюць неадназначна. Частка расійскай эліты адкрыта смяецца з гэтай дыскусіі ды прапануе Кіеву пасля перайменавання краіны выкарыстоўваць скарачэнне «Укрусь» або «Русукра». Другая фракцыя лічыць, што Украіна-Русь — гэта працяг небяспечнага эксперыменту «па расколе адзінай рускай цывілізацыі і адзінага суперэтнасу русаў».
Між тым, падаецца, што апошнім часам ідэя «Украіны-Русі» набыла новы падтэкст. Для многіх украінцаў новая назва дзяржавы ўспрымаецца як шанец на татальную перазагрузку мадэлі краіны, канчатковы разрыў з постсавецкай карупцыйна-алігархічнай спадчынай і прыняцце новай грамадзянскай дамовы. Той жа адвакат Андрэй Федур заклікае да новай назвы ў ракурсе больш глабальнага працэсу «перазаснавання ўкраінскай дзяржавы».
Адпаведна, сам праект «Украіна-Русь» выглядае, хутчэй, не гістарычным рэваншам, а нейкай хімерай новай квітнеючай Украіны. Блогер Дзяніс Дзікавіцкі наступным чынам апісвае, што ён разумее пад дзяржавай Русь: «Бачу Русь шматкватэрным агульным домам яго грамадзян. Ніхто не павінен патрабаваць, на якой мове ім размаўляць на кухні, у якой вопратцы хадзіць і якому Богу маліцца. У доме павінна быць вада, электрычнасць, каналізацыя, якая працуе. Узамен жыхары павінны беражліва ставіцца да яго, своечасова аплачваць камуналку і абараняць агульны дом ад нападаў рэйдараў і ўварвання рабаўнікоў. Гэта можна назваць патрыятызмам, у які я веру».
Калі ўкраінцы сапраўды звязваюць новую назву дзяржавы з надзеяй на лепшае, то выключаць перайменаванне Украіны, напэўна, сапраўды нельга. Толькі б гэтая назва не выклікала новыя супярэчнасці. Хаця б таму, што армія аматараў новай назвы і цяпер не аднародная. Акрамя назвы «Украіна-Русь» або «Русь» прапануюцца назвы «Кіеўская Русь», «Кіеўская Русь-Украіна», «Рутэнія». А гісторык Алег Чэслаўскі наогул прапануе такі выкручасты варыянт, як «Русь-Украіна — Зямля Русь».