Прэзідэнтка Грузіі: «Яшчэ не ўсё згублена!»

«Гэтыя выбары вырашаць: ці Еўропа, ці цемра, вяртанне да расійска-савецкага мінулага», — сказала Саламэ Зурабішвілі.

Саламе Зурабішвілі. Фота: Адміністрацыя прэзідэнта Грузіі

Саламе Зурабішвілі. Фота: Адміністрацыя прэзідэнта Грузіі

Прэзідэнтка Грузіі Саламе Зурабішвілі паабяцала адклікаць усе прарасійскія законы ў выпадку перамогі апазіцыі на выбарах, перадае BILD.

«Гэтыя выбары вырашаць: ці Еўропа, ці і цемра, вяртанне да расійска-савецкага мінулага», — сказала Зурабішвілі аб парламенцкіх выбарах 26 кастрычніка.

Паводле яе слоў, кіруючая партыя «Грузінская мара» і яе заснавальнік Бідзіна Іванішвілі больш не імкнуцца ў Еўропу, абмяжоўваюць свабоду слова і апазіцыі:

«Ён [Іванішвілі] нанёс шкоду краіне, прыслабіў яе і ізаляваў. Радасць ад статусу кандыдата ў ЕС разбурана прасоўваннем непатрэбнага закону».

Глядзіце таксама

Зурабішвілі раскрытыкавала прынятыя нядаўна законы аб «замежных агентах» і забароне «прапаганды ЛГБТ».

«Лаяльны і гасцінны грузінскі народ не варта блытаць з урадам. У нашай краіне турыстам заўсёды рады, яны ў бяспецы», —  звярнулася прэзідэнт да ЛГБТК-персон.

Глядзіце таксама

«Яшчэ не ўсё згублена, — сказала Зурабішвілі. — Я прашу моладзь, а таксама грузінаў у аддаленых частках краіны актыўна ўдзельнічаць у выбарах. Каб мы маглі пазіцыянаваць Грузію як еўрапейскую краіну і прадухіліць далейшую міграцыю моладзі».

Зурабішвілі заклікае сфармаваць экспертны ўрад тэрмінам на 1 год, каб вярнуць Грузію на еўрапейскі курс.

«Калі праеўрапейскія сілы возьмуць верх, я адклічу ўсе антыеўрапейскія законы і правяду перамовы аб уступленні Грузіі ў ЕС», — паабяцала яна.

Нагадаем, апошнім часам стала вядома пра некалькіх беларусаў, якім не дазволілі вярнуцца ў Грузію пасля так званага візарана — выезду з гэтай краіны для абнулення тэрміну дазволенага знаходжання. На штампе, якім тлумачыліся адмовы, было пазначана: «іншыя прычыны». Многія звязваюць гэта з уплывам Расіі.

У Грузіі беларусы могуць знаходзіцца без візы або ДНЖ 360 дзён, нагадвала выданне MOST. Затым многія проста выязджаюць з краіны і заязджаюць зноў, абнуляючы тэрмін знаходжання. Гэта называецца «візаран».

Як правіла, усё праходзіць лёгка. Але апошнім часам стала вядома пра некалькі выпадкаў, калі грамадзян Беларусі разварочвалі на грузінскай мяжы пасля візарана і ставілі ў пашпарт штамп аб забароне на ўезд. Нядаўна ў такую сітуацыю трапіў журналіст Андрэй Мялешка, які вяртаўся ў Грузію са сваёй дачкой. А ў красавіку гэтага года ва ўездзе адмовілі заснавальніку беларускай дыяспары ў Аджарыі Яўгену Гацаку.

«З навін і чацікаў дыяспары я ведаю, што за апошні час чалавек з пяць не пусцілі назад, — распавядаў журналістам MOST беларус Алег, які жыве ў Грузіі. — У асноўным не пускалі тых, хто займаўся нейкім беларускім актывізмам. Аднак быў выпадак, калі не пусцілі беларуску, якая быццам бы не была актывісткай, але яна ў інстаграме падтрымлівала грузінскія пратэсты. Магчыма, праз гэта яе і не пусцілі».

9 жніўня 2024 года беларускі праваабаронца Раман Кісляк атрымаў адмову ў атрыманні міжнароднай абароны ў Грузіі. У рашэнні было пазначана, што знаходжанне беларускага праваабаронцы ў гэтай краіне «супярэчыць яе інтарэсам». Раман апынуўся ў сітуацыі, калі застацца ў Грузіі яму складана, але немагчыма і з’ехаць: тэрмін дзеяння яго беларускага пашпарта скончаны. А на радзіме актывіста чакае турма. 

«На сёння можна дакладна сказаць, што для беларускіх актывістаў у Грузіі умовы неспрыяльныя, небяспечныя. Ёсць пэўныя засцярогі, што мне маглі адмовіць у атрыманні міжнароднай абароны, паколькі я адзін з заснавальнікаў дыяспары – каб не было актыўнай дыяспары, якая абараняе свае правы», — казаў Раман Кісляк у інтэрв'ю «Новаму Часу».
26 кастрычніка ў Грузіі пройдуць парламенцкія выбары. Паводле апытання, якое правялі на замову апазіцыйнага тэлеканала, за «Грузінскую мару « гатовыя прагаласаваць 33% выбарцаў. Апытанне, праведзенае праўладным тэлеканалам, дае кіроўнай партыі 59,5%.