Прэзідэнт Польшчы не падпіша законапраект аб судовай рэформе
Скандальны законапраект, які ўжо прайшоў праз Сейм, не будзе падпісаны прэзідэнтам Анджэем Дудам. Ён сумняецца, што цяперашні праект рэформы захавае незалежнасць судоў.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда адмовіўся падпісваць скандальны законапраект аб судовай рэформе, які выклікаў у краіне і Еўрасаюзе хвалю пратэстаў і ўжо прыняты Сеймам. «Органы юстыцыі павінны быць рэфармаваныя, але яны павінны быць рэфармаваныя разумна», — заявіў ён у аўторак, 18 ліпеня, адзначыўшы, што не будзе падпісваць закон у яго цяперашняй рэдакцыі.
Законапраект прадугледжвае, у прыватнасці, абранне чальцоў Нацыянальнай судовай рады шляхам галасавання дэпутатаў Сейма, большасць у якім належыць кіруючай партыі «Права і справядлівасць».
Нацыянальная судовая рада не можа быць «падпарадкавана толькі адной партыі, толькі адной групе», падкрэсліў Анджэй Дуда. У якасці кампрамісу ён прапанаваў выбіраць членаў Рады большасцю ў тры пятых галасоў дэпутатаў — такім чынам будзе ўлічвацца меркаванне і іншых партый.
Нацыянальная судовая рада адыгрывае вырашальную ролю пры прызначэнні і зняцці з пасады старшыняў судоў любых інстанцый. Калі гэты орган апынецца пад кантролем кіруючай партыі, з незалежнасцю судоў у Польшчы будзе скончана, асцерагаюцца крытыкі.
Раней прадстаўніца Еўракамісіі заявіла, што ў Брусэлі назіраюць за развіццём сітуацыі ў Польшчы «з вялікай заклапочанасцю». Еўракамісія плануе ў бліжэйшы час разгледзець планы польскай судовай рэформы. А акцыя пратэсту супраць яе ў Варшаве сабрала 16 ліпеня да 10 тысяч удзельнікаў.
Паводле Deutsche Welle