Польшча сёлета пачне ўзводзіць агароджу на мяжы для спынення дзікоў

Гэта элемент барацьбы з афрыканскай чумой свіней (АЧС), якая ўяўляе смяротную пагрозу для жывёл.



Фота rcvd/pixabay.com/CC0 Public Domain

Фота rcvd/pixabay.com/CC0 Public Domain

У снежні бягучага году ўздоўж усходняй мяжы Польшчы пачнецца будаўніцтва агароджы для спынення міграцыю дзікоў. Гэта элемент барацьбы з афрыканскай чумой свіней.

Згодна з пастановай ураду Польшчы, плот будзе пабудаваны ўздоўж мяжы з Расіяй (Калінінградская вобласць), Літвой, Беларуссю і Украінай.

Агулам даўжыня плоту складзе больш за 1 тыс. 200 км, паведамілі ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі Польшчы.

Паводле дадзеных Мінсельгасу, у тэхнічным плане гэта будзе простая канструкцыя. Плот будзе падобны на агароджы, якія сёння ўстанаўліваюцца ўздоўж аўтастрад. Улічваючы тое, што дзікі робяць падкопы для пераадолення агароджаў, ніжні элемент канструкцыі будзе ўкапаны ў зямлю.

Агароджа будзе ўяўляць драўляныя слупы з нацягнутай на іх металічнай сеткай. Яна будзе таксама пабудаваная на памежных водах, каб дзікі не перасякалі мяжу ўплаў.

Кошт інвестыцыі ацэньваецца ў 235 млн злотых (каля 56 млн еўра). Агароджа павінна быць гатовая да 2020 году.

Афрыканская чума свіней з’яўляецца смяротнай хваробай у выпадку свіней. У Польшчы вірус АЧС з’явіўся ў 2014 годзе ў свіней і дзікоў. У выніку эпідэміі для польскіх мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў закрыты доступ на многія рынкі, напрыклад, Кітая.

Да гэтага часу на тэрыторыі Польшчы выяўлена больш за 1,5 тысячы ачагоў АЧС.

 www.radyjo.net