Польшча: нетраўматычны пераезд
Пакуль ледзь не адзіным шансам палепшыць сваё матэрыяльнае становішча для часткі беларусаў ёсць пераезд у адну з краін ЕС. Аднак нават там шчасце далёка не адразу абрынаецца на студэнта, працоўнага ці бізнесоўца. Культурны і моўны бар’ер, бюракратычныя перашкоды робяцца цяжкім выпрабаваннем фактычна для кожнага эмігранта.
На шчасце, польскі ўрад прадугледзеў гэтыя рэчы — для мігрантаў з Беларусі і Украіны функцыянуе арганізацыя, адна з задачаў якой — дапамагчы іншаземцам у змаганні з гэтымі праблемамі — Польскі інстытут грамадскай супрацы.
Мы паразмаўлялі з яго старшынёй, Максімам Валасевічам, каб зразумець, што гэта за інстытут, якое ён мае дачыненне да беларусаў і ці можа быць іх праца цікавая нашым чытачам.
— Ваш сайт www.fpiwo.pl даступны на трох мовах: польскай, рускай і ўкраінскай. А чаму няма беларускай?
— Першапачаткова мы стваралі сайт Польскага інстытута грамадскай супрацы з улікам дзвюх моўных версіяў — польскай і рускай. Затым, па просьбах нашых наведвальнікаў з Украіны, пачалі дадаваць кантэнт на ўкраінскай мове.
Адносна беларускай мовы склалася іншая сітуацыя. У анкетах да праектаў беларусы ўказваюць мовай для стасункаў рускую. Веданне роднай мовы, на жаль, часта абазначалася як «базавае». Аднак мы па-ранейшаму разглядаем ідэю запусціць версію нашага сайта па-беларуску.
— Як вы маглі б ахарактарызаваць місію вашага інстытута?
— Нашая місія — прамоцыя Вроцлава і рэгіёна Ніжняй Сілезіі ў якасці месца для інвеставання і вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці. У клопаце пра інтэграцыю мігрантаў з Украіны, Беларусі, якія жывуць у Польшчы. У падтрымцы польскай дыяспары, якая жыве за ўсходнімі межамі нашай краіны.
— Раскажыце пра асноўныя праекты вашага інстытута.
— Галоўным чынам, мы рэалізуем сваю місію праз турыстычную сферу і інфармацыйныя паслугі. Больш канкрэтна, на сёння мы рэалізуем наступныя праекты:
1) У Вроцлаве намі створаны калівінг Travel House.
Гэта невялічкая гасцініца, у якой вандроўнікі і фрылансеры змогуць сумяшчаць пражыванне і працу ў офіснай прасторы.
2) Адно з першых у Польшчы грамадскае медыя для іншаземцаў на рускай і ўкраінскай мовах — «Добры блог аб Польчшы». На ягоных старонках вы зможаце даведацца аб усім, што цікавіць іншаземцаў у Польшчы, — навучанне, бізнес, праца, турызм, легалізацыя знаходжання. Гэта ўсё без рэкламы і палітыкі.
3) Мы праводзім канферэнцыі, семінары, трэнінгі і індывідуальныя кансультацыі для іншаземцаў у Польшчы. Асноўная тэматыка — вядзенне бізнесу і легалізацыя знаходжання. Адна з такіх з канферэнцый адбылася летам 2018 года ў Вроцлаве — было больш за 300 чалавек!
4) Праект «Добры старт у Польшчы», задачай якога з’яўляецца інтэграцыя і падтрымка мігрантаў з Беларусі і Украіны, якія пражываюць у Вроцлаве альбо хочуць туды пераехаць.
Удзельнікі атрымліваюць падтрымку ў легалізацыі знаходжання і апеку персанальнага ментара, а таксама многае іншае.
— Бізнес у Польшчы для большасці беларусаў, напэўна, — нешта новае. Можаце назваць кейсы бізнесменаў з Беларусі, ці ўвогуле з замежжа, якія б дасягнулі поспеху ў Польшчы?
— У Вроцлаве, ды і ўвогуле ў Польшчы, усё болей фірмаў адкрываюцца іншаземцамі. Сярод іх нямала ўкраінцаў і беларусаў. Асабліва паспяхова імі развіваюцца сферы турызму, грамадскага харчавання, лагістыкі, індустрыі прыгажосці і ІT.
Дарэчы, як я ўжо казаў вышэй, напачатку жніўня 2018 года Польскі інстытут грамадзянскай супрацы арганізаваў наватарскую для Польшчы бізнес-канферэнцыю — у адной зале сабраліся адразу 300 прадпрымальнікаў-пачаткоўцаў, галоўным чынам грамадзян Украіны і Беларусі. Праз год большасць удзельнікаў (прыкладна 74%) указала ў сваіх фідбэках, што рашылася на адкрыццё свайго бізнесу ці працягнула ягонае развіццё. Мы атрымалі дзясяткі лістоў і каментараў ад бізнесменаў-пачаткоўцаў пра тое, што мы натхнілі іх на свой бізнес, дапамаглі знайсці дзелавыя кантакты і лепей разабрацца ў польскім заканадаўстве. Усё гэта пацвярджае, што іншаземцы могуць весці бізнес у Польшчы.
— У Беларусі бізнес-жыццё і грамадскае жыццё сканцэнтраваныя ў Мінску. А ваш інстытут базіруецца ў Вроцлаве, а не ў Варшаве. Чаму так?
— Ніжняя Сілезія — ваяводства, у які пражывае большасць нашых актывістаў. Нічога дзіўнага, што мы абралі Вроцлаў у якасці сваёй «базы». Да таго ж Вроцлаў — адзін з найбуйнейшых, найдынамічнейшых і найсучаснейшых гарадоў Польшчы. Многія інавацыйныя праекты пачынаюцца менавіта ў нас, а не ў Варшаве ці Кракаве.
Ствараючы Польскі інстытут грамадзянскай супрацы, мы таксама абапіраліся на кадры і падтрымку нашага шматгадовага партнёра, фонду «Торуньская грамадская ініцыятыва», які пераносіў сваю дзейнасць з Куняўск-Паморскага ваяводства на поўдзень краіны.
— Які працэнт людзей, што да вас звяртаюцца, складаюць беларусы?
— Сярод удзельнікаў усіх нашых праектаў большасць складаюць грамадзяне Польшчы, Чэхіі, Славакіі і Украіны, а вось беларусаў не так і шмат. Калі ж казаць канкрэтна аб праграме «Добры старт у Польшчы», то тут сітуацыя трохі іншая, прыкладна 90% анкет паступаюць з дзвюх краін — Беларусі і Украіны, і толькі асобныя заяўкі з іншых дзяржаваў — Расіі, Казахстана і Малдовы.
— У Беларусі многія заклапочаныя «уцечкай мазгоў» у Польшчу. А куды з’язджаюць адукаваныя і амбітныя палякі? Ці застаюцца, пераважна, у Польшчы?
— Насамрэч, і ў межах ЕС мы ўвесь час назіраем масавую міграцыю, якая не абыходзіць бокам і Польшчу. Нягледзячы на рост эканомікі і мінімальны ўзровень беспрацоўя, каля 3 мільёнаў грамадзян Польшчы ўвесь час працуюць, жывуць альбо вучацца за мяжой. Галоўным чынам у іншых краінах ЕС. Хаця апошнім часам намецілася зваротная тэндэнцыя — больш палякаў вяртаецца ў краіну, чым выязджае з яе.
Найбольш папулярныя напрамкі для польскіх мігрантаў — Вялікабрытанія, Германія, Нідэрланды і скандынаўскія краіны. Польскі ўрад спрабуе зменшыць адток маладых людзей за мяжу, напрыклад з восені мінулага года грамадзяне да 26-га года жыцця былі вызваленыя ад падатку на прыбытак (podatek dochodowy).
Распрацоўваюцца спецыяльныя дзяржаўныя праграмы для падтрымання малых населеных пунктаў і рэгіёнаў на ўсходзе краіны, якія адстаюць у развіцці (і з якіх выязджаюць у першую чаргу).
— У вас ёсць валанцёры і кадравыя супрацоўнікі, так? У чым менавіта палягае іх праца? Колькі людзей у вас працуе?
— Сталы калектыў нашага Інстытуту ўключае троху супрацоўнікаў і прыкладна 3–5 доўгатэрміновых валанцёраў. Таксама мы асобна прыцягваем кадры і партнёрскія арганізацыі для рэалізацыі канкрэтных праектаў. У кожнага з нас свой кірунак дзейнасці.
Прывяду прыклад. Доктар паліталогіі Эвеліна Вайцэхоўска спецыялізуецца на вядзенні лекцый, напісанні навуковых і аналітычных матэрыялаў, правядзенні оксфардскіх дэбатаў. Як спецыяліст па вядзенні бізнес-дзейнасці і па стартапах з намі супрацоўнічае вядомы ў Ніжняй Сілезіі эксперт Лукаш Салярскі.
— З якімі арганізацыямі і структурамі супрацоўнічае ваш інстытут?
— Партнёрамі нашых праектаў за апошнія некалькі гадоў былі дзяржаўныя ўстановы і органы мясцовага самакіравання Польшчы, бізнес-структуры, СМІ і няўрадавыя арганізацыі. Вось толькі некаторыя з гэтых інстытуцый: Фонд «Торуньская грамадзянская ініцыятыва», Нацыянальны інстытут свабоды, Інстытут банкаўскай справы ў Вроцлаве, Ганаровае консульства Украіны ў Вроцлаве. Дзейнасць нашага інстытута адбываецца пад наглядам Міністэрства замежных справаў Польшчы.
— Якія мажлівасці працаўладкавання\навучання найбольш папулярныя сярод беларусаў, што з’язджаюць у Польшчу?
— Польская эканоміка ў апошнія гады дынамічна развіваецца. Як следства — часта не хапае працоўных рук. Асабліва гэта заўважна ў сферы прамысловасці, лагістыкі і IT. У сваю чаргу, польскія працадаўцы смела абіраюць супрацоўнікаў-беларусаў, падкрэсліваючы іх адказнасць, працавітасць і лёгкасць у інтэграцыі.На выбар вакансіі і вашы мажлівасці, вядома, уплывае вашае веданне замежных моваў, вопыт працы і сфера, у якой вы хочаце сябе рэалізаваць. Калі вы добра ведаеце англійскую альбо нямецкую мовы і разбіраецеся ў сучасных тэхналогіях, паспрабуйце свае сілы ў прадстаўніцтвах міжнародных карпарацый, якія знаходзяцца ў нашым горадзе: Nokia, IBM, Hewlett Packard, Google, Toyota і іншых.
Беларусы часта шукаюць працу як самастойна, выкарыстоўваючы найбольш папулярныя ў Польшчы сайты па пошуку працы, так і з дапамогай з шматлікіх фірмаў па працаўладкаванні. Нагадаю — пасярэднікі, адпаведна з заканадаўствам Польшчы, не маюць права непасрэдна браць з вас аплату за сваю працу. Аднак іх «маржа» будзе ўключаная ў затраты будучага працадаўцы. Што можна значыць для вас меншыя выплаты ў першыя месяцы працы.
— Як змянілася дзейнасць інстытута падчас пандэміі?
— Каранцін сур’ёзна змяніў характар нашай працы — нам давялося не толькі адмовіцца ад масавых мерапрыемстваў, рэгулярных інтэграцыйных сустрэч і экскурсій. Але і абмяжоўваць кансультацыі і лекцыі, перанесці частку працы на аддалены рэжым. На шчасце, цяпер усё вяртаецца ў нармальнае рэчышча, абмежаванні, звязаныя з COVID-19, патроху змякчаюць — і, значыць, мы можам вяртацца да «нармальнасці». Некалькі цікавых мерапрыемстваў, якія мусілі адбыцца ў гэту вясну, нам давялося перанесці на больш позні час (лета і восень 2020 года). Напрыклад, візіт беларускай і ўкраінкай моладзі ў межах адной з праграм быў адкладзены на познюю восень. Напрыканцы сакавіка з-за закрытых межаў да нас не змагла прыехаць група спартоўцаў-фехтавальчыкаў з Румыніі.
Мы разумеем, што з нашымі праектамі ў моладзі звязаныя вялікія надзеі і планы. Таму стараемся не ануляваць мерапрыемствы, а толькі пераносіць іх тэрміны. Спадзяёмся, што ўжо летам і восенню эпідэмічная абстаноўка праясніцца, і межы Польшчы будуць зноў адкрытыя для грамадзян Беларусі і іншых краінаў.
Фота прадстаўленыя Максімам ВаласевічамРэкламадаўца ТАА «Iрвiнга Група», УНП 191751509