Патрабуецца віцэ-прэзідэнт
Абяцанне Джо Байдэна прызначыць у выпадку перамогі віцэ-прэзідэнтам жанчыну адкрыла конкурс кандыдатак. Інтрыгу падагравае тое, што ў нашым выпадку віцэ-прэзідэнтка мае шанец стаць прэзідэнтам.
Нечаканы паварот у праймерыз дэмакратаў, калі 3 сакавіка Джо Байдэн вярнуў сабе лідарства ў барацьбе з Сандэрсам, не прайшоў па-за ўвагай гумарыстаў. Шмат з іх называюць поспех Байдэна вяртаннем палітыка з таго свету. На карыкатурах пераможцу выяўляюць як Франкенштэйна або нябожчыка, які вылазіць з труны. Падабаецца гэтая алюзія і самому Джо: «Крыху больш за тыдзень таму многія палітолагі сцвярджалі, што нашая кампанія мёртвая. Што ж, цяпер мы вельмі нават жывыя!» — заявіў ён.
Тое, што 77-гадовага Байдэна выяўляюць амаль нябожчыкам, у тым ліку тлумачыцца не вельмі добрым станам здароўя. Крытыкі Байдэна адкрытым тэкстам сцвярджаюць, што ён пакутуе на праблемы мозгу. Гэта праяўляецца ў тым, што падчас публічных выступаў ён рэгулярна губляе нітку апавядання: ці то забываў, у якім штаце знаходзіцца, ці то блытаў уласных жонку і сястру. Найбольшы шок у свой час выклікала агаворка Байдэна ў час выступу, калі ён пераблытаў імя дзеючага прэзідэнта, назваўшы Барака Абаму Білам Клінтанам.
Палітыку таксама ўласціва распавядаць перад аўдыторыяй фантастычныя байкі сваёй біяграфіі. Напрыклад, неяк ён падзяліўся ўспамінам, як намагаўся наведаць Нэльсана Мандэлу ў турме, і быў арыштаваны спецслужбамі Паўднёвай Афрыкі.
У нашых шыротах падобныя фокусы Байдэна выклікалі эйфарыю. Шмат хто ў інтэрнэце ў захапленні ад магчымасці прыходу ў Белы дом аналага Леаніда Брэжнева, які будзе прамаўляць нешта смешнае, чытаючы паперку.
Такі дыягназ азначае, што перамога Байдэна на прэзідэнцкіх выбарах можа закончыцца далікатнай сітуацыяй, калі ў выпадку хваробы або смерці гаранта пасада, паводле закону, пяройдзе да віцэ-прэзідэнта. Адсюль і такі інтарэс да тых жанчын, адной з якіх Байдэн можа патэнцыйна прапанаваць пасаду віцэ-прэзідэнта. Адпаведнае абяцанне ён зрабіў напрыканцы мінулага тыдня.
На цяперашні час шорт-ліст кандыдатак на віцэ-прэзідэнта складаецца прыкладна з 5–7 асобаў. Найчасцей гучыць імя сенатаркі Камалы Харыс са штату Каліфорнія. Яна, дарэчы, таксама спрабавала сябе ў праймерыз, аднак з часам знялася з гонкі. Адразу ўзгадалі цытату Байдэна наконт Харыс: «Яна мае годную кваліфікацыю, каб быць прэзідэнтам. У любым выпадку, я лічу, што ёй было б гэта цікава».
Праўда, у Харыс ёсць мінус. Яна — рэзідэнт Каліфорніі, дзе ў дэмакратаў і так усё нармальна з электаральнай падтрымкай. Відавочна, што кан’юнктура дыктуе Байдэну шукаць кандыдатку ў штатах, якія адносяцца да катэгорыі «фіялетавых», або Swing State. Так называюць штаты, дзе напярэдадні выбараў назіраецца прыблізна роўны ўзровень папулярнасці кандыдатаў ад абедзвюх асноўных партый. Вынікі выбараў тут звычайна з’яўляюцца прадметам падвышанай увагі, паколькі часта менавіта яны робяць вырашальны ўнёсак у агульную перамогу аднаго з кандыдатаў.
У гэтым плане экспертам на думку прыходзіць імя Эмі Клабухар — сенатаркі ад Мінесоты. Менавіта ў Мінесоце Трамп у 2016-м на пару крокаў абышоў Хілары Клінтан, што дапамагло яму стаць прэзідэнтам. Да такіх «фіялетавых» штатаў таксама належыць Мічыган, якім руліць дэмакратка Уітмер Грэтхен, але яе, праўда, мала хто ведае.
Акрамя электарату «фіялетавых» штатаў Байдэну важна мабілізаваць выбаршчыкаў афраамерыканскага і лацінаамерыканскага паходжання. Тут можа спатрэбіцца сенатарка Кацярына Картэз Масто з Невады. Акрамя ўсяго, яна ў свой час была першай этнічнай лацінаамерыканкай у гісторыі, якую абралі ў Сенат.
Ну і самая неверагодная кандыдатка — харызматычная сенатарка Элізабет Уорэн. Уорэн вылецела з праймерыз, аднак карыстаецца вялікім аўтарытэтам сярод аднапартыйцаў і жаночага электарату. З іншага боку, паслядоўныя левыя погляды Уорэн могуць напалохаць частку спонсараў дэмакратаў. Апошнім, напэўна, нават жудасна ўявіць, што ў выпадку праблем са здароўем Байдэна Белы дом можа заняць аматар ідэі «раскулачыць» Уол-Стрыт.
У амерыканскія выбары дадалася новая інтрыга — хто стане віцэ-прэзідэнтам? Тым больш, дзякуючы эпідэміі і выкліканай ёй біржавым абвалам у Джо Байдэна сапраўды з’явіўся шанец перамагчы Трампа.