Паслясмак рэвалюцыі. Арменія падводзіць вынікі 100 дзён Нікола Пашыньяна

17 жніўня Ерэван чакае знакавая падзея. Свае першыя 100 дзён ва ўладзе прэмʼер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян адзначыць з размахам. На цэнтральнай плошчы сталіцы плануецца велізарны мітынг. Хіба ўпершыню на постсавецкай прасторы прадстаўнікі ўлады дадуць публічную справаздачу пра тое, што ж было зроблена за першыя 100 дзён пасля рэвалюцыі.

armenia_1.jpg

Ад Майдана да Ерэвана

Калі ў лістападзе-снежні 2013 года ў сталіцы Украіны толькі разгортваліся рэвалюцыйныя пратэсты, я набыў квіток на самалёт і паляцеў у Кіеў, каб на ўласныя вочы пабачыць гісторыю. Усе трагічныя падзеі – Нябесная сотня, Данбас і Крым – былі нашмат пазней, на самым пачатку гэта быў зусім пазітыўны экшн. Але, адыходзячы 300 метраў ад майдана Незалежнасці ў Кіеве, рэвалюцыя заканчвалася. А ў траўні 2018-га я ўбачыў, што значыць «ўся краіна хоча пераменаў». Дзеці і старыя на дарозе ў гарах паміж Ерэванам і Гюмры, паліцыянты, якія ахоўвалі будынак парламента, таксісты, студэнты… было адчуванне, што ў Арменіі не засталося ніводнага чалавека, які б падтрымліваў дзейную на той момант уладу. Такога, як у Арменіі, я не бачыў ніколі ў жыцці і ў гэтым не сорамна прызнацца. Я думаю, што самыя армяне не бачылі нічога падобнага. Гэта я ўсё да таго, што запыт на змену палітычных элітаў у Арменіі прыйшоў сапраўды знізу. Рэвалюцыя стала магчымай без Сораса, печыва Дзярждэпу і рукі Масквы.
Прэс-сакратар прэмʼер-міністра Арменіі Арман Егаян у каментары «Белсату» пералічыў галоўныя дасягненні, з якімі новы кабінет падышоў да сваіх першых ста дзён.
«Калі казаць пра эканоміку, былі зробленыя два важныя крокі: вызваленне бізнесу ад карупцыйных абявязальніцтваў перад уладай і адмена неафіцыйных манаполіяў. У сацыяльнай сферы мы аптымізавалі дзяржвыдаткі і правялі рэвізію дзяржаўных тратаў. І эканомія на непатрэбных закупках дазволіла накіраваць дадатковыя фінансы на сацыяльнае забеспячэнне, павысіць заробкі, напрыклад», – кажа Арман Егаян.
На ўдакладняючае пытанне, што галоўнае на парадку дня на бліжэйшыя паўгода, прэс-сакратар Нікола Пашыньяна адказвае коратка:
«Інвентарызацыя праблем, паляпшэнне якасці працы дзяржаўных структур, маніторынг вынікаў ужо зробленых захадаў».

Карупцыя. Справа «першага сакавіка». Новыя выбары

Для таго, каб пералічыць ключавыя абяцанні, якія даваў Нікол Пашыньян будучы лідарам апазіцыі, хопіць пальцаў адной рукі. Першае – перамагчы карупцыю. Другое – зрушыць з мёртвай кропкі і пакараць вінаватых у знакавай для Арменіі справе першага сакавіка 2008 года. Дзесяць гадоў таму ўлады Арменіі ўжылі зброю супраць дэманстрантаў, якія пратэставалі супраць фальсіфікацыяў вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах, тады загінулі 10 чалавек. І трэцяе – правесці новыя выбары. З апошнім прасцей за ўсё – выбары ў парламент адбудуцца не пазней за травень 2019-га. Але пра ўсё па парадку.
Абяцанне перамагчы карупцыю, хоць і гучыць як банальны перадвыбарчы лозунг, які ніколі не будзе выконвацца, у Ерэване абярнулася шырокай антыкарупцыйнай кампаніяй, вынікі якой бачныя не толькі ў прэсе. Да прыкладу, за кошт аптымізацыі сістэмы дзяржвыдаткаў у паліклініках заробкі лекараў выраслі на 15%.
Іншы прыклад – хабарніцтва.
«За апошнія тры месяцы я не чуў, каб хтосьці даваў хабар паліцыі», – кажа блогер Самвэл Марцірасян.
Але ў адрозненні ад Грузіі, дзе пасля рэвалюцыі 2003 з падачы Міхэіла Саакашвілі былі звольненыя ўсе старыя кадры і набраныя новыя супрацоўнікі, у Арменіі такіх сурʼёзных зменаў пакуль не было. Перамены не закранулі ніжняга і сярэдняга звяна ў сілавых структурах, але было заменена кіраўніцтва сілавых інстытутаў.
«Тут важна іншае,– удакладняе суразмоўца «Белсату», – патрэбны час, каб зразумець, наколькі адсутнасць карупцыі стала інстытуцыянальнай зʼявай, а не часовым страхам сярэдніх і ніжніх чыноўнікаў», – кажа Самвэл.
Намаганні для таго, каб сістэмна змагацца з карупцыяй, у новай улады ёсць і нават на звычайным, побытавым узроўні гэта відаць, кажуць суразмоўцы «Белсату» ў Ерэване. Але для сурʼёзных ацэнак трэба больш часу.
Наагул тэма карупцыі заслужыла б асобнага серыялу, настолькі шмат кейсаў пакінула ранейшая ўлада. Напрыклад, упершыню ў Арменіі выкарыстоўваўся крымінальны артыкул «аб незаконным узбагачэнні». Артыкул, які ідзе крыху насуперак прэзумпцыі невінаватасці, тут не праваахоўныя органы павінны даказваць віну, а чалавек сам мусіць тлумачыць, адкуль у яго грошы. Крымінальная справа паводле гэтага артыкулу была заведзеная на былога кіроўцу, а потым ахоўніка трэцяга прэзідэнта Арменіі Сэржа Саргсьяна.
Але самая гучная гісторыя звязаная з дэпутатам, былым намеснікам міністра абароны Манвэлам Грыгарʼянам. У яго дамах былі знойдзеныя склады зброі, тэхнікі, харчавання, якое было маркіраванае, як не падлягаючае продажы і прызначанае толькі для арміі, а таксама гуманітарная дапамога, якую збірала дыяспара. Як кажуць мясцовыя журналісты, высветлілася, што армейскай ежай былы намеснік міністра абароны Грыгарʼян карміў дзікую жывёлу – тыграў і мядзведзяў, якіх утрымліваў ва ўласным заапарку.

Справа другога прэзідэнта

Ніхто ў Ерэване наагул не чакаў, што другі прэзідэнт Арменіі можа апынуцца ў месцах не гэтак аддаленых. Але што тычыцца будучага экс-прэзідэнта – пакуль нічога зразумець не магчыма. Трэба ўлічваць не толькі палітычную волю новай улады, кажуць суразмоўцы «Белсату» ў Ерэване, але і вонкавыя фактары. Гаворка безумоўна пра Маскву. Складана зразумець, што стала больш моцным трыгерам для Крамля – ​​арышт Робэрта Качарʼяна або генерала Юрыя Хачатурава (дарэчы, ён дагэтуль узначальвае АДКБ?), але рэакцыя з Масквы была нервовай і гэтаму ёсць тлумачэнні.
У Ерэване памятаюць, што пасля абрання ў 2008 годзе Сэрж Саргсʼян больш за год не мог атрымаць аўдыенцыю расейскага лідара Уладзіміра Пуціна, а вось Качарʼян, пры тым што ўжо быў у адстаўцы, за гэты час сустракаўся з Пуціным 4 ці 5 разоў. Асаблівасці справы другога прэзідэнта Арменіі «Белсату» тлумачыць Гаванэс Ігіт’ян, міжнародны эксперт, экс-старшыня парламенцкай камісіі па знешніх сувязях.
«Не стаіць пытанне пакарання Робэрта Качарʼяна як асобы, а ідзе працэс раскрыцця ўсіх нюансаў, якія адбыліся 10 гадоў таму. Ужо вядома, што быў сакрэтны загад 0038, які дзейнічаў з 23 лютага 2008 года, за тыдзень да 1 сакавіка. Каб правесці паралель, возьмем Ўотэргейт у свой час. Людзі, якія выконвалі загады, ставілі прылады дзеля праслухоўвання, сачылі, і нават сам прэзідэнт Ніксан абмежаваўся адстаўкай, гэта значыць гаворка ішла хутчэй пра палітычнае пакаранне, чым крымінальнае. Сёння ў Арменіі стаіць аналагічнае пытанне. Трэба цалкам раскрыць працэс 1 сакавіка, і паказаць ролю сістэмы і ролю кожнага чальца дзяржаўнай улады. Гэта не пытанне толькі Робэрта Качарʼяна. Там было шмат вусных загадаў і г.д. Карацей, важна зразумець, як улада і людзі ва ўладзе выкарыстоўвалі сваё становішча для выканання неўласцівых дадзенай пасадзе дзеянняў. Загады былі нават не тое што антыканстытуцыйныя і незаконныя, у некаторых выпадках яны былі хутчэй ўласцівыя АЗГ, чым дзяржаве».
На ўдакладняючае пытанне «Белсату», чаму генерала Хачатурава, які ў 2008 годзе займаў пасаду намесніка міністра абароны і раздаваў баявую зброю такім умоўным армянскім цітушкам, новыя ўлады ўсё ж такі адпусцілі пад заклад, а другі прэзідэнт некаторы час правёў за кратамі, Гаванэс Ігіт’ян тлумачыць – справа ў розным узроўні адказнасці.

Погляд з Мінску

Тэма адказнасці становіцца галоўнай, калі мы з беларускім аналітыкам Раманам Якаўлеўскім, абмяркоўваем армянскі фактар ​​у палітыцы афіцыйнага Менску.
«Па-першае, беларускаму кіраўніку дзяржавы да ўсяго ёсць справа», – саркастычна заўважае суразмоўца «Белсату».
Аднак у апошнія дні, безумоўна ўся ўвага Менску прыкаваная да справы Качарʼяна, і тут палітыка змешваецца з асабістым.
«У Качарʼяна і Лукашэнкі нават дні нараджэння супадаюць, што давала падставу для асаблівых, цёплых стасункаў паміж імі. А тое, што адбываецца цяпер у Ерэване, я маю на ўвазе арышт і вызваленне Качарʼяна, гэта, вядома, наводзіць на разважанні не толькі беларускага лідара, але і ўсіх постсавецкіх аўтарытарных кіраўнікоў. Хоць, вось мы кажам аўтарытарны, пра Качарʼяна, але пры ім у армянскім парламенце была рэальная апазіцыя, сярод якой быў і цяперашні прэмʼер», – кажа Раман Якаўлеўскі.
Іншымі словамі, справа Качарʼяна паказвае і Менску, і іншым постсавецкім сталіцам, што пытанне палітычнай адказнасці ніхто не адмяняў, і тэрміну даўніны для любых антыканстытуцыйных парушэнняў у прынцыпе не існуе, – падсумоўвае Якаўлеўскі.

Хтосьці чакаў большага?

Напэўна трэба сказаць пару словаў і пра падманутыя чаканні. Яны ў першую чаргу датычацца пытанняў знешнепалітычнага парадку. Хтосьці сапраўды чакаў ад новай улады больш рэзкага развароту ў бок Захаду. Не будзем забываць, што ў свой час Нікол Пашыньян быў сярод тых дэпутатаў парламента, якія выступалі супраць уступлення Арменіі ў Еўразійскі эканамічны саюз. Русафілы ў Арменіі наадварот, абураныя, што Ерэван пачаў удзельнічаць у вучэннях НАТО, праўда ў сціплым фармаце, але, тым не менш.
«Тыя, хто чакаў глабальных пераменаў у знешняй палітыцы, расчараваныя», – кажа Самвэл Марцірасян.
Прэтэнзіі гучаць і на адрас маладых палітыкаў, якія разам з Пашыньянам ўвайшлі ў высокія кабінеты пасля травеньскіх падзеяў. Так, можа быць, не хапае досведу, але будзем лічыць, што адбылася змена пакаленняў, адзначае Гаванэс Ігіт’ян.
Якія змены за апошнія 100 дзён у Арменіі можна ўбачыць яшчэ? Кошты дзесьці ўпалі, дзесьці выраслі. Курс драма нават злёгку ўмацаваўся, падатковыя паступлення выраслі, бо бізнесы пачалі выходзіць з ценю. Але галоўнае, пакуль не эканоміка. Упершыню за апошнія 10 гадоў у Арменіі намецілася пазітыўная дэмаграфічная дынаміка: у краіну прыехала больш людзей, чым выехала. Людзі, якія раней жылі за мяжой, пачалі вяртацца на радзіму. Ці гэта не лепшае з дасягненняў першых 100 дзён?
Аркадзь Несцярэнка/ЛБ, belsat.eu