Папа Рымскі прапанаваў правесці Дзень малітвы за мір у сувязі з сітуацыяй ва Украіне
Папа Рымскі заклікае правесці 26 студзеня Дзень малітвы за мір, выказваючы занепакоенасць у сувязі з напружанасцю вакол Украіны, паведамляюць «Vatican News».
Папа Рымскі Францішак выказаў сваю заклапочанасць сітуацыяй, якая пагражае перакрэсліць шанцы на мір ва Украіне і бяспеку на еўрапейскім кантыненце ў цэлым, улічваючы больш шырокія наступствы любога канфлікту.
«Я звяртаюся з сардэчным заклікам да ўсіх людзей добрай волі ўзнесці малітвы да ўсемагутнага Бога, каб усе палітычныя дзеянні і ініцыятывы служылі чалавечаму братэрству, а не партыйным інтарэсам», — перадае прэс-служба словы пантыфіка.
Ён таксама дадаў, што тыя, хто пераследуе свае ўласныя мэты ў шкоду іншым, праяўляюць пагарду да ўласнага паклікання як чалавечых істот, паколькі ўсе створаныя братамі і сёстрамі.
Паводле reform.by.