Палітыкі, якія нас здзівілі (памерлыя і жывыя): Дыльсія Паган, Марк Мэтлак, Эмамалі Рахмон

Днямі пайшла з жыцця пуэртарыканская актывістка Дыльсія Паган. Расказваем, чаму яе варта згадаць. У Вялікабрытаніі аднаго з кандыдатаў у парламент западозрылі, што ён насамрэч вынік працы штучнага інтэлекту. А аўтарытарнаму прэзідэнту Таджыкістана, магчыма, варта асцярагацца перавароту, арганізаванаму Масквой. Падборка навін пра незвычайныя ўчынкі, заявы і ініцыятывы некаторых сучасных палітыкаў.

Дыльсія Ноэмі Паган, журналістка, медыяактывістка

1_1019.jpg

Апроч іншага, Дыльсія Ноэмі Паган — баец арганізацыі Узброеныя сілы нацыянальнага вызвалення (FALN) — групоўкі, якая змагаецца за незалежнасць Пуэрта-Рыка (падкантрольны ЗША востраў у Карыбскім моры). Дыльсія памерла на днях у статусе героя пуэртарыканскага народа.

Дыльсія Паган нарадзілася ў Нью-Ёрку ў 1946 годзе, з ранніх гадоў яна была ўцягнутая ў рух за грамадзянскія правы і незалежнасць Пуэрта-Рыка. У пачатку 70-х гадоў працавала на найбуйнейшых агульнанацыянальных каналах ЗША як прадзюсар і сцэнарыст, адначасова супрацоўнічала з Пуэртарыканскай радай па СМІ, якая падавала пазовы супраць медыя за дыскрымінацыю пры прыёме на працу пуэртарыканцаў або скажэнні, дапушчаныя ў асвятленні гісторыі выспы. 

У 1980 годзе Дыльсія Паган была арыштаваная па абвінавачанні ва ўдзеле ў арганізацыі больш за сотні выбухаў на тэрыторыі Штатаў. Хаця ні адна з гэтых акцый не прывяла да ранення або гібелі людзей, тым не менш Дыльсію прыгаварылі да 55 гадоў турэмнага зняволення. Гэта не самы суровы прысуд на гэтым працэсе — некаторым яе саўдзельнікам далі 90 гадоў. Падчас пасяджэнняў многія з арыштаваных заявілі аб сваім статусе ваеннапалонных і адмовіліся ўдзельнічаць у разглядзе. 

Пасля працэсу зняволеных змясцілі ў турмы, дзе некаторыя сталі ахвярамі сексуальнага гвалту з боку турэмнага персаналу, іншым было адмоўлена ў адэкватнай медыцынскай дапамозе. Amnesty International і Падкамітэт Палаты прадстаўнікоў ЗША па судах неаднаразова крытыкавалі гэтыя ўмовы.

Дыльсія Паган была вызвалена толькі 10 верасня 1999 года пасля таго, як прэзідэнт Біл Клінтан падпісаў у дачыненні да яе персанальнае рашэнне аб памілаванні. Пасля вызвалення яна жыла ў Пуэрта-Рыка, дзе стала героем нацыі. Яшчэ ў 2002 годзе яна атрымала мясцовую Прэмію «За выдатныя дасягненні».

Марк Мэтлак, брытанскі палітык, кандыдат на нядаўніх выбарах у парламент ад папулісцкай партыі Reform UK

2_921.jpg

Марк стаў фігурантам незвычайнага скандалу. Некаторыя вырашылі, што ніякага Мэтлака не існуе, а ў парламент балатуецца выява, створаная штучным інтэлектам (AI). Усё пачалося з публікацыі перадвыбарчага партрэта кандыдата, на якім з-за празмернай апрацоўкі скура палітыка выглядала нерэалістычна гладкай і глянцавай, што выклікала масу пытанняў і версій аб яго сапраўднасці. Фатаграфія была настолькі бездакорнай, нібы хтосьці папрасіў Midjourney згенераваць вобраз ідэальнага палітыка. Тэорыя падмацавалася фізічнай адсутнасцю кандыдата на перадвыбарных мерапрыемствах. У выніку Мэтлаку прыйшлося развеяць чуткі. У інтэрв'ю выданню The Independent палітык заявіў, што ён сапраўды чалавек. Ён таксама патлумачыў, што напярэдадні выбараў сур'ёзна захварэў на пнеўманію, з-за чаго не змог узяць удзел у некаторых перадвыбарных мерапрыемствах і ў падліку галасоў. Гэтая сітуацыя, маўляў, прывяла да стварэння памылковага ўражання аб яго персоне. 

Нягледзячы на тое, што ўсё ў выніку аказалася фэйкам, насамрэч AI ужо сістэмна ўдзельнічае ў палітыцы. Раней сёлета, напрыклад, рабатызаваныя званкі, згенераваныя штучным інтэлектам, імітавалі голас прэзідэнта Байдэна, накіраваныя на выбаршчыкаў Нью-Гэмпшыра, якія адгаворвалі галасаваць на папярэдніх выбарах. А ў Твітары распаўсюджвалася створаная штучным інтэлектам выява Дональда Трампа ў кампаніі з маладой дзяўчынай. У студзені кітайскі ўрад, відавочна, спрабаваў выкарыстоўваць фэйкі са штучным інтэлектам, каб умяшацца ў выбары на Тайвані. Адным словам, створаны штучным інтэлектам палітык — фактычна ўжо рэальнасць.

Эмамалі Рахмон, аўтарытарны прэзідэнт Таджыкістана

3_803.jpg

У Душанбэ ходзяць чуткі, што расейцы рыхтуюць змену палітычнага рэжыму ў краіне, якая, як вядома, вельмі залежыць ад Масквы. Усё праз няздольнасць кіраўніцтва краіны прыпыніць паступовую ісламізацыю мясцовай моладзі, якая вельмі часта шукае працу ў той жа Расеі. Разам з ёй у Расею трапляе рэлігійны экстрэмізм. У якасці прыкладу можна згадаць нядаўні жудасны тэракт у Крокус-Сіці з удзелам выключна таджыкаў. 

Іншая версія магчымага путчу — абвастрэнне стасункаў паміж Рахмонам і Пуціным. Рахмон, як адзначаюць эксперты, не жадае ўзяць на сябе ролю «сярэднеазіяцкага Лукашэнкі», перыядычна дэманструючы прыкметы незадаволенасці ціскам з боку Расеі, грэблівым стаўленне Масквы да партнёраў. Ходзяць чуткі, што галоўная перашкода для дзяржаўнага перавароту — адсутнасць у Пуціна моцнага гульца, які мог бы замяніць Рахмона. З іншага боку, выбару ў Крамля практычна няма, паколькі тэрыторыя Расеі становіцца ўсё больш прываблівай для радыкальных ісламістаў, а Таджыкістан для іх — патэнцыйны плацдарм. Адзіны спосаб выправіць гэта — змяніць парадак і ўладу ў Душанбэ на больш антыісламскія, што магчыма толькі шляхам выдалення Эмамалі Рахмона і яго людзей. Калі арганізаваны рукамі Масквы пераварот у Душанбе сапраўды адбудзецца, думаецца, гэта таксама паўплывае на стан беларуска-расейскіх адносін.