Палітолаг: Выглядае на тое, што Лукашэнка сам не разабраўся, куды ён паехаў

Лукашэнку ў Манголіі сустрэлі пратэстамі, былы прэзідэнт краіны Цахіягійн Элбэгдорж заклікаў арыштаваць яго, а мясцовая прэса называла яго саўдзельнікам вайны ва Украіне.

Фота www.litres.ru

Фота www.litres.ru

Славацкі палітолаг і прэзідэнт Інстытута грамадскіх праблем (IVO) (Браціслава) Рыгор Месежнікаў ацаніў візіт беларускага кіраўніка ва Улан-Батар у каментары для Charter97.org:

— Я ведаю, што Манголія — краіна, якая ўважаецца за дэмакратычную, дзе пасля выбараў звычайна мяняюцца ўрадавыя сілы. Гэта значыць, у прынцыпе, краіна не ўваходзіць у склад гэтых аўтарытарных рэжымаў. Там зараз ва ўладзе знаходзяцца спадчыннікі былой кампартыі.

Думаю, што Лукашэнка, мусіць, засмучае іх як хаўруснікаў. Зразумела, што візіт стаў магчымы на ўзаемную згоду. Але гэта не значыць, што ў Манголіі не могуць адбыцца змены ў адваротны бок.

Апазіцыя там настроеная па-іншаму. На тое, каб Манголія не выпала з дэмакратычнай супольнасці. Яны падкрэсліваюць, што для іх Лукашэнка не партнёр. Для Манголіі падтрымліваць стасункі з такім рэжымам — рэпутацыйная праблема. Гэта можа пагоршыць імідж краіны, калі яна стане супрацоўнічаць з рэжымам Лукашэнкі.

Выглядае на тое, што Лукашэнка сам не разабраўся, куды ён увогуле паехаў. Мусіць, ён і не чакаў, што тамака такое магло адбыцца.

Лукашэнка арыентуецца выключна на аўтарытарныя рэжымы, якія блізкія яму па духу. Ён увогуле свой рэжым зрабіў складовай часткай інтэрнацыяналу такіх дзяржаў-ізгояў, якія паводзяць сябе з суседзямі і навакольным светам, скажам, па-хамску.

Тое, што адбылося ў Манголіі — гэта такая пстрычка па лбе. Лукашэнка ж паводзіць сябе зноў як расійскі лёкай.

— Блізкі да прэс-службы Лукашэнкі Telegram-канал апублікаваў васьміхвіліннае відэа, дзе кіраўнік Беларусі апраўдваецца за саўдзел у вайне ва Украіне і параўноўвае Пуціна з Чынгісханам. Нашто спатрэбіўся такі дзіўны гістарычны экскурс?

— Ён проста падстроіўся пад сітуацыю. Чынгісхан не ўсюды ў Азіі выклікае ўнутраны супраціў. Ёсць нацыі, якія ўважаюць яго папярэднікам дзяржаў, якія там існавалі.

Калі Лукашэнка насамрэч так дыстанцыяваўся, то гэта дзіўна. Але галоўнае, усё ж, у гэтым выпадку не яго прамовы, а рэальная палітыка. Ён ва ўсім падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне, першапачатковая фаза якой ажыццявілася з тэрыторыі Беларусі.

Лукашэнка — дзіўны чалавек. Аналізаваць яго разумовыя працэсы — справа няўдзячная. Падкрэслю, тут галоўнае не тое, што ён гаворыць, а што ён робіць.