«Незалежнасьць — гэта калі ад нараджэньня да скону пачуваесься сваім чалавекам на сваёй зямлі»
27 ліпеня 1990 года была прынятая дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. Словы, вынесеныя ў загаловак, з’яўляюцца радкамі з эсе Уладзіміра Арлова «Незалежнасць — гэта…», напісанага за паўгода да тых падзей. Сёння яны гучалі ў цэнтры грузінскага Батумі.
![Фота Рамана Кісляка Фота Рамана Кісляка](/img/v1/images/dzen_nezaleznasci_batumi_fota_raman_kisljak5.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Рамана Кісляка
Акцыя беларусаў атрымалася на дзіва нешматлікай. Ці то гарачае надвор’е змяніла прыярытэты, ці беларускім жыхарам Батумі больш зразумелыя іншыя даты: 9 жніўня, напрыклад…
Але так ці інакш, Дзень Незалежнасці — застаецца галоўным святам беларускай дзяржавы. У 1991 годзе бел-чырвона-белы сцяг, герб «Пагоня» і Дзень Незалежнасці (27 ліпеня) сталіся афіцыйнымі атрыбутамі суверэннай, дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь.
![Фота Рамана Кісляка Фота Рамана Кісляка](/img/v1/images/dzen_nezaleznasci_batumi_fota_raman_kisljak7.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Рамана Кісляка
Таму арганізатары заклікалі беларусаў Батумі аб'яднаць высілкі, «не зважаючы на рознасць поглядаў у дробных пытаннях, выйсці на супольную беларускую акцыю 27 ліпеня пад нашым нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам, у наш Дзень Незалежнасці».
Пры гэтым яны падкрэслілі: «Рэжым ад самага пачатку адкрыта варожа ставіўся да суверэнітэту Беларусі. У 1995 годзе незалежніцкія герб і сцяг былі замененыя на адаптаваныя савецкія аналагі. Падчас канстытуцыйнага перавароту ў 1996 годзе адначасова з узурпацыяй улады, ліквідацыяй дэмакратычнай Канстытуцыі і незалежнага парламенту было скасаванае і свята Незалежнасці — яго замянілі савецкім святам 3 ліпеня (днём вызвалення Мінска).
Пасля больш чым 25 год панавання дыктатура зрабіла Беларусь закладнікам, саўдзельнікам у злачыннай імперскай вайне. Савецкі сцяг з гербам, і савецкі "дзень рэспублікі" — зганьбаваныя саўдзелам у агрэсіі атрыбуты рэжыму, але не дэмакратычнай Беларусі.
У Беларусі і за яе межамі дагэтуль ёсць тыя, хто не прызнае пераварот 1996 года. Таксама ёсць тыя, для каго незалежнасць, свабода і дэмакратыя — каштоўнасці за якія варта змагацца, тыя, хто абураны саўдзелам беларускіх уладаў у агрэсіі, і супрацьстаіць яму— ад украінскіх акопаў да валанцёрскіх ініцыятываў і барацьбы на інфармацыйным фронце».
![Фота Рамана Кісляка Фота Рамана Кісляка](/img/v1/images/dzen_nezaleznasci_batumi_fota_raman_kisljak4.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Рамана Кісляка
Удзельнікі акцыі прайшлі шэсцем па прыморскім бульвары ад традыцыйнага месца збору беларускіх актывістаў да пляцоўкі для правядзення мітынгаў. Па дарозе скандавалі лозунгі «Жыве Беларусь!», «Верым, можам, пераможам» і адпраўлялі дыктатара ў аўтазак.
![Фота Андрэя Мялешкі Фота Андрэя Мялешкі](/img/v1/images/photo_2022_07_27_21_59_52.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Андрэя Мялешкі
![Фота Рамана Кісляка Фота Рамана Кісляка](/img/v1/images/dzen_nezaleznasci_batumi_fota_raman_kisljak6.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Рамана Кісляка
Мітынг распачаўся хвілінай маўчання ў гонар беларусаў, якія загінулі за межамі сваёй краіны.
![Фота Рамана Кісляка Фота Рамана Кісляка](/img/v1/images/dzen_nezaleznasci_batumi_fota_raman_kisljak9.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Рамана Кісляка
Падчас мітынгу дзеці малявалі паштоўкі — яны адправяцца палітвязням і беларускім ваярам ва Украіне.
Фота прадастаўленыя ўдзельнікамі акцыі
Гучалі песні Касі Камоцкай. Тодара Вайцюшкевіча, Аляксандра Памідорава.
![Фота Андрэя Мялешкі Фота Андрэя Мялешкі](/img/v1/images/photo_2022_07_27_21_29_42.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота Андрэя Мялешкі
Потым быў «вольны мікрафон». Выступоўцы казалі, што пры іншых абставінах адзначаць гэты дзень яны мусілі б на Радзіме, і выказвалі падзяку Грузіі, якая прытуліла беларусаў.
Напрыканцы ўсе разам праспявалі «Пагоню».