Newsweek: Цяпер няма гарантаванага спосабу захаваць папулярнасць Пуціна

Пуцін і Мядзведзеў настолькі непапулярныя зараз, што лідары «Адзінай Расіі» нават забаранілі выкарыстоўваць іх фота для палітычнай рэкламы перад рэгіянальнымі выбарамі.

фота Russia Insider

фота Russia Insider


Восенню 2005 года Уладзімір Пуцін, стаўшы прэзідэнтам у другі раз, у эфіры тэлебачання адказваў на пытанні расійцаў. Пад канец перадачы жанчына сярэдняга ўзросту папрасіла яго пракаментаваць інфармацыю ў прэсе пра намер урада павысіць узрост, з якога грамадзяне Расіі будуць выходзіць на пенсію. Пытанне было важным для Пуціна, паколькі яго папулярнасць пасля прыходу да ўлады ў 2000 годзе часткова абавязаная таму, што сталыя расійцы атрымлівалі пенсіі ў поўным памеры і своечасова. Бо ў часы прэзідэнцтва Барыса Ельцына часта адбываліся перабоі ў выплатах. Таму Пуцін, гледзячы ў камеру, сказаў: «Я супраць павышэння пенсійнага ўзросту. І пакуль я прэзідэнт, такога рашэння не будзе». Праз 13 гадоў пасля тых слоў ён да гэтага часу прэзідэнт, але яго старое абяцанне цяпер павярнулася супраць яго, піша Newsweek.

14 чэрвеня кіруючая партыя «Адзіная Расія» прадставіла законапраект аб павышэнні пенсійнага ўзросту ў краіне з 60 да 65 гадоў для мужчын і з 55 да 63 гадоў для жанчын. Гэта падвышэнне павінна адбыцца паступова на працягу бліжэйшых гадоў. Аднак, не зважаючы на мяккасць працэсу пераходу і выключэнні для некаторых прафесій, рашэнне стала вялікім ударам па папулярнасці прэзідэнта Расіі. З дапамогай варожасці з Захадам Пуцін падняў свой рэйтынг да нябачаны паказчыкаў. Але цяпер, падобна, у яго няма магчымасці кампенсаваць падзенне падтрымкі праз рашэнне па пенсіях.

Цяперашнія дзяржаўныя пенсійныя выплаты ў Расіі ў сярэднім складаюць толькі 13300 рублёў, што складае 213 долара ў месяц. Але для мільёнаў расійцаў, у якіх няма падтрымкі з боку сваякоў, гэта адзіная крыніца сродкаў для выжывання. Акрамя таго, скандальнасці рашэнню ўрада павысіць пенсійны ўзрост надае тое, што яно было прынята якраз у разгар Чэмпіянату свету па футболе. То бок урад Расіі спрабаваў схаваць дрэнныя навіны за станоўчымі эмоцыямі расійцаў ад назіранняў за гульнямі.

Аднак, гэты сцэнар не спрацаваў. Урадавая ініцыятыва выклікала агульнанацыянальную незадаволенасць. А непарушны рэйтынг Пуціна, які вытрымаў нават падазрэнні ў карупцыі, пачаў падаць ўпершыню з дня акупацыі ўкраінскага Крыму ў 2014 годзе.

Незадаволенасць расійцаў выклікана многімі прычынамі, галоўная з якіх заключаецца ў тым, што многія сумняюцца, што наогул дажывуць да пенсіі. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын у Расіі — 66 гадоў. І кожны 10-ты расіец памірае раней, чым яму спаўняецца 65. «Я не хачу памерці на працы», — казаў надпіс на плакаце ўдзельніка пратэсту ў Маскве.

Крыніца: Коммерсантъ

Крыніца: Коммерсантъ


Расійскія жанчыны ў сярэднім жывуць да 73 гадоў. Аднак, як толькі яны дасягаюць сярэдняга ўзросту, іх магчымасці знайсці працу моцна скарачаюцца. Таму расіянкі думаюць, што ўрад спрабуе пазбавіць іх усялякага шанцу на выжыванне. «Я сапраўды баюся за сваю будучыню, калі ўрад павысіць пенсійны ўзрост», — кажа 40-гадовая Юлія Корзіна.

У Крамлі прызнаюць, што Пуцін сапраўды абяцаў ніколі не мяняць правілы выхаду на пенсію, але пры гэтым адзначаюць, што ў прэзідэнта не было выбару з-за змяненняў у дэмаграфіі. Насельніцтва хутка старэе. А да 2044 года колькасць пенсіянераў у краіне будзе роўная колькасці працаздольных грамадзян. «Гэта, вядома, адчувальная праблема для большасці нашых людзей. Але нашы рашэнні не могуць абапірацца на эмоцыі», — сказаў сам Пуцін.

Гэтыя яго словы не супакоілі расійцаў. Апытання «Левада-Цэнтра» паказалі, што каля 90% рэспандэнтаў супраць павышэння пенсійнага ўзросту. Пры гэтым, 40% гатовыя выйсці на вуліцы, каб прымусіць урад змяніць сваю пазіцыю. «Гэта паказвае на наяўнасць сур’ёзнага раздражнення і напружанасці ў грамадстве», — сказаў кіраўнік цэнтра Леў Гудкоў.

З'явіліся прыкметы і таго, што гэтая раздражняльнасць можа выліцца ў нешта больш сур'ёзнае. Трэцяга жніўня ў офіс Пенсійнага фонду РФ у Калузе была кінута бомба. Выбух часткова знішчыў ўваход у будынак. Дзяржаўныя СМІ не паведамілі пра інцыдэнт. А ўсе навіны пра яго ў інтэрнэце і сацыяльных сетках хутка выдалілі.

Сотні тысяч людзей па ўсёй Расіі, уключаючы выбаршчыкамі Кампартыі, членамі прафсаюзаў і дэмакратычнымі актывістамі выступаюць супраць пенсійнай рэформы. Аналітыкі лічаць, што ўспышка пратэстаў у краіне адбудзецца восенню, калі многія людзі вернуцца ў горада з адпачынкаў. Апазіцыянер Аляксей Навальны заклікае выйсці на пратэст 9 верасня, калі ў РФ пройдуць рэгіянальныя выбары, а таксама выбары мэра Масквы.

Нягледзячы на незадаволенасць расійцаў, парламент ўсё ж прыняў законапраект аб павышэнні пенсійнага ўзросту ў першым чытанні. «Адзіная Расія» Пуціна таксама загадала сваім дэпутатам галасаваць «за». Але ўнутры палітычнай сілы сфармаваўся раскол. Не менш за 8 дэпутатаў наогул не прыйшлі галасаваць за законапраект. Нават славутая Наталля Паклонская галасавала супраць урадавай ініцыятывы па пенсіях. Нярэдка члены «Адзінай Расіі» выказваюцца супраць планаў урада. «Праграма партыі і дзеянні яе лідараў цяпер нацэлены супраць уласнага народа», — сказаў былы член «Адзінай Расіі» Мікалай Тараханаў, які пакінуў палітычную партыю ў знак пратэсту.

Крыніца: @teamnavalny у Twitter

Крыніца: @teamnavalny у Twitter


Пуцін і Мядзведзеў настолькі непапулярныя зараз, што лідары «Адзінай Расіі» нават забаранілі выкарыстоўваць іх фота для палітычнай рэкламы перад рэгіянальнымі выбарамі.

Былы спічрайтэр Крамля Абас Галямаў, які стаў палітычным аналітыкам, сказаў Newsweek, што нават калі Пуцін адменіць павышэнне пенсійнага ўзросту і распусціць ўрад, выбаршчыкі, хутчэй за ўсё, ўбачаць у гэтым «вымушанае адступленне». А гэта можа стаць фатальным ударам па іміджы прэзідэнта, які спрабуе рабіць выгляд, што ён непахісны лідар. «Цяпер няма гарантаванага спосабу захаваць папулярнасць Пуціна», — сказаў Галямаў.

Пераклад НЧ з unian.ua