«Нары заканчваюцца». У Маскве, як некалі ў Мінску, больш няма куды змяшчаць затрыманых пратэстоўцаў

Пра гэты ў сваім тэлеграм-канале распавёў вядомы тэлежурналіст Аляксей Півавараў. Між тым заўтра па ўсёй Рассіі анансуюць чарговую хвалю пратэстаў.

protests.jpg

«Ну ўсё, нары заканчваюцца. Затрыманых пасля акцый пратэсту 31 студзеня будуць перавозіць у аўтазаках з Масквы ў Калугу, Тулу, Смаленск і Разань. Спецпрыёмнікі сталіцы пасля мінулых выходных перапоўненыя, ГУ МУС вырашыла шукаць вольныя месцы ў іншых гарадах», — напісаў Півавараў.

Першая хваля пратэстаў пракацілася па Расіі ў суботу 23 студзеня. У той дзень агулам у краіне паліцыя затрымала звыш 3 тысяч чалавек. Цягам тыдня затрыманні таксама праходзілі — хапалі у першую чаргу актывістаў штаба Аляксея Навальнага.

Пратэстныя акцыі распачаліся ў суседняй краіне пасля вяртання ў Маскву Навальнага, які аднавіў здароўе ў Германіі пасля атручвання рэчывам групы «Навічок». У расійскай сталіцы галоўны расійскі апазіцыянер быў затрыманы і пасаджаны за краты. Грамадскую актыўнасць між тым каталізаваў яго выкрывальны антыкарупцыйны фільм «Палац для Пуціна», які на гэты час набраў ужо больш за 10 мільёнаў праглядаў.