Міхаіл Саакашвілі прадказвае распад Расіі
Экс-прэзідэнт Грузіі, які знаходзіцца ў зняволенні, заявіў, што перамога Украіны ў вайне, распачатай Расіяй, прадвызначана загадзя і назаўжды зменіць рэгіён, у якім доўгі час дамінавала Масква.
«Непазбежная перамога Украіны цалкам зменіць сітуацыю ў Грузіі і ў рэгіёне», — напісаў ён у інтэрв'ю, адпраўленым «AFP» праз яго адваката з Тбіліскай бальніцы.
«Украіна назаўжды стала звышдзяржавай рэгіёна. Разам з Польшчай яна вызначае ўсё ў рэгіёне, уключаючы тое, што адбываецца ў Грузіі», — лічыць экс-прэзідэнт Грузіі.
З ягоных слоў, Захад, які «прачнуўся і аб'яднаўся» супраць вайны Пуціна з Украінай, павінен «прызнаць, што Расійская Федэрацыя распадзецца, і падрыхтавацца да гэтага».
Каментуючы нядаўнія масавыя антыўрадавыя выступленні ў Тбілісі, палітык сказаў: «У Грузіі сітуацыя кардынальна зменіцца яшчэ да канчатковай перамогі Украіны».
«У Грузіі ўсё гранічна ясна: людзі адзіныя. Мы з'яўляемся еўрапейскай нацыяй з расійскім урадам», — кажа Саакашвілі.
«Ніводзін аўтакрат ніколі не зможа ўтаймаваць пакаленне, якое вырасла ў свабоднай Грузіі», — дадаў ён, маючы на ўвазе мільярдэра, заснавальніка кіроўнай партыі Грузіі Бідзіну Іванішвілі, які зарабіў свае грошы ў Расіі.
Міхаіл Саакашвілі знаходзіцца пад вартай у Грузіі з восені 2021 года. Яго затрымалі неўзабаве пасля таго, як ён нелегальна перасек мяжу краіны. Да гэтага былы прэзідэнт быў асуджаны ў Грузіі да турэмнага тэрміну па дзвюх крымінальных справах.
У зняволенні здароўе Саакашвілі, які некалькі разоў абвяшчаў галадоўку, пачало пагаршацца, пасля чаго яго перавялі з СІЗА ў бальніцу. У лістападзе 2022 года група незалежных лекараў заявіла, што ў палітыка ёсць як мінімум 10 дыягназаў, «не сумяшчальных з турэмным зняволеннем». У канцы студзеня 2023 года адвакаты Саакашвілі паведамілі, што ён пераведзены ў рэанімацыю ў крытычным стане.