Літва святкуе Дзень незалежнасці

Літва святкуе Дзень незалежнасці. Краіна першай сярод савецкіх рэспублік абвясціла сваю незалежнасць ад Савецкага Саюза. У сувязі з гэтым, у сталіцы запланаванае ўрачыстае шэсце.

Вільня. Фота jackmac34/pixabay.com/Public Domain CC0

Вільня. Фота jackmac34/pixabay.com/Public Domain CC0

11 сакавіка 1990 года Вярхоўны Савет Літоўскай Рэспублікі абвясціў пракламацыю “Аб аднаўленні незалежнасці Літвы”.

“Вынікам гэтага стала адраджэнне летувіскай дзяржавы. Гэта быў дзень свабоды”, — сказаў Польскаму радыё старшыня летувіскага парламента Віктарас Пранцкеціс.

Раніцай у Вільні адбылося пасяджэнне парламента Летувы, а апоўдні былі ўрачыста паднятыя дзяржаўныя сцягі трох краін Балтыі.

Апрача таго цэнтральнымі вуліцамі Вільні запланаванае традыцыйнае шэсце з нагоды Дня незалежнасці Літвы з удзелам палякаў з Польскага дыскусійнага клуба. Такім чынам, яны нагадваюць, што сярод падпісантаў Акту аб незалежнасці былі таксама прадстаўнікі польскай меншасці — Чэслаў Акінчыц, Збігнеў Бальцэвіч і Медард Чобат (Medardas Čobotas).

Шэсце ўжо некалькіх гадоў з’яўляецца альтэрнатывай для маршу нацыяналістаў, якія запланаваны ў Вільні ў другой палове дня.

www.radyjo.net