Колькі ў Еўропе можа быць расійскіх шпіёнаў і чаму яны правальваюцца

У чым прычыны апошніх шпіёнскіх скандалаў і ці чакаюць нас новыя? Распавядае Радыё Свабода са спасылкай на  «Настоящее время». 

spy_1.jpg


Пад якім прыкрыццём працуюць у Еўропе супрацоўнікі расійскіх спецслужбаў і колькі іх, распавёў тэлеканалу «Настоящее время» чэскі журналіст і аналітык Ондржэй Кундра, аўтар кнігі «Агенты Пуціна. Як расійскія шпіёны крадуць нашы сакрэты».
— Расійскія шпіёны могуць працаваць у краінах Еўропы, уключаючы Чэхію, па-рознаму. Могуць дзейнічаць пад дыпламатычным прыкрыццём пры пасольстве. У Празе, напрыклад, велізарная па колькасці расійская амбасада, і частка людзей з дыпламатычнымі пашпартамі на самай справе — расійскія шпіёны. Іншыя ж могуць мець легальную працу, так што ніхто не можа вызначыць, чым яны займаюцца ў рэальнасці. Гэта значыць, яны не трапілі сюды ў якасці дыпламатаў, а ўжо доўга тут пражываюць, стварылі сям’ю, маюць нармальную прафесію, а на самай справе жывуць паралельным шпіёнскім жыццём.
Ёсць прыклад былога расійскага шпіёна Робэрта Рохарджа, які працаваў турэмным псіхолагам у Чэхіі. У яго была сямʼя, хобі, свае інтарэсы нейкія, і ў той жа час ён шпіёніў на карысць Расіі — збіраў інфармацыю пра высокапастаўленых палітыкаў і вайскоўцаў.
Улічваючы, што расійскія шпіёны ў Еўропе працягваюць займацца сваёй дзейнасцю, у пэўнай ступені можна казаць пра тое, што яны адчуваюць сябе ў бяспецы. У той жа час гэта рызыкоўная праца, і ў любы час яны могуць быць раскрытыя. У гэтым сутнасць шпіянажу. Вядома, у невялікіх краінах Еўропы службы контрвыведкі не валодаюць настолькі буйнымі рэсурсамі і фінансамі, каб сачыць за ўсёй дзейнасцю расійскіх спецслужбаў.
Тлумачэнняў, чаму расце колькасць раскрытых расійскіх шпіёнаў, даволі шмат. Адно з іх палягае ў тым, што расійскія спецслужбы ў апошнія гады выкарыстоўваюць настолькі агрэсіўныя метады, у тым ліку ўнутры ЕС, што ўрады многіх краін вымушаныя актыўна абараняцца супраць расійскіх шпіёнаў. Менавіта таму столькі раскрытых агентаў. Многія былі звольненыя, дэпартаваныя назад у Расію ці патрапілі пад суд, як, напрыклад, у Эстоніі.
Апошняй кропляй у гэтым сэнсе быў замах на Сяргея Скрыпаля ў Вялікабрытаніі, да якога былі датычныя супрацоўнікі ГРУ. Гэтае злачынства выклікала шырокі адпор не толькі ў гэтай краіне, але і ў іншых, дзе вырашылі, што не дазволяць, каб такія рэчы адбываліся.
Дакладную колькасць расійскіх шпіёнаў, якія працуюць у Еўропе або Чэхіі, мы, вядома, ведаць не можам. Ёсць толькі пэўныя здагадкі. Вялікабрытанія называла лічбу — каля 30 чалавек, якія працуюць пры пасольстве. У Чэхіі ў амбасадзе працуе ўсяго каля 120 чалавек, і, па здагадках нашых службаў, як мінімум траціна з іх з'яўляюцца сакрэтнымі агентамі.
Чарнагорыя, Вялікабрытанія, ЗША, Эстонія, Швейцарыя, Нідэрланды — краіны, дзе ўсяго за апошнія пару гадоў супрацоўнікам расійскіх спецслужбаў выстаўлялі абвінавачванні ў шпіянажы.