Кіраўнік украінскай выведкі: «Я б хацеў паглядзець, як прэзідэнту Францыі параілі б здаць Марсэль»
Кірыл Буданаў — адзін з галоўных дарадцаў Зяленскага. Ён стаў кіраваць выведкай Украіны ўжо ў 34 гады. Часопіс Forbes зрабіў вялікае інтэрв'ю з чалавекам, які «не думае, а ведае» пра ўсю сітуацыю на фронце.
Галоўныя вытрымкі з размовы Кірыла Буданава.
Вялікі наступ Расіі на ўсходнім участку фронту ўжо ідзе. Але не ўсе яго бачаць — такой якасці гэты наступ. У арміі РФ ёсць стратэгічная задача — да 31 сакавіка выйсці на адміністрацыйныя межы Данецкай і Луганскай абласцей. Гэта тое, пра што яны мараць, але ім не ўдасца гэта зрабіць. Новая хваля мабілізацыі ў Расіі пачалася, яна ўтоеная. Больш за 90% мабілізаваных у першую хвалю адправілі на фронт без навучання.
Саюзнікі раяць не марнаваць сілы ў Бахмуце —
З ваеннага пункту гледжання ў Бахмуце мы знясільваем расійцаў. Два месяцы расійскія групоўкі максімальна эканомяць артылерыйскія боепрыпасы. У нас таксама дэфіцыт. У Бахмуце войскі РФ перайшлі да іншай тактыкі: пяхота ідзе хваля за хваляй, артылерыя іх толькі падтрымлівае.
Расійская вытворчасць не паспявае за выкарыстаннем ракет. Таму частата і інтэнсіўнасць масіраваных абстрэлаў памяншаецца. Расія разбірае пыласосы і пральныя машыны на мікрасхемы для ракет. Гэта ганьба.
Украіне ў РФ дапамагаюць не толькі ўкраінцы: грошы робяць цуды.
Увесну будуць вырашальныя баі. Гэта пераломны момант. Цяпер, па аналогіі з футболам, лік 1:1, 70-я хвіліна матча.
Тры галоўныя паразы Украіны: Севераданецк, прарыў абароны ў раёне Валнавахі ў пачатку ўварвання, акупацыя Данбаса і Крыма ў 2014-м.
Тры галоўныя перамогі — адкінулі суперніка з Кіеўскага кірунку, контрнаступ ў Харкаўскай вобласці, вызваленне Херсона. Пасля вызвалення акупаваных тэрыторый трэба стварыць дэмілітарызаваную зону ля мяжы. Для завяршэння вайны ў нас адна ўмова — выйсці на межы 1991 года, астатняе будзем вырашаць потым.
Пры гэтым Буданаў дапускае, што выхад на межы 1991 года можа не азначаць спынення вайны.
— Можна перавесці вайну ў зусім іншы фармат, можна перайсці да пастаяннай абарончай аперацыі. Добры прыклад — Ізраіль, які пастаянна жыве ў стане вайны, праводзіць абарончую аперацыю на сваіх межах. Верагодней за ўсё, гэта прывядзе нас да вырашэння ўнутраных праблем на тэрыторыях, якія былі раней акупаваныя, гэта велізарны блок пытанняў, — адзначыў Буданаў.