Год вайны. Якая яго цана для Беларусі?
Рэжым у Беларусі абапіраецца на дзве рэчы — жахлівыя рэпрэсіі і Маскву. Аслабне Масква — і рэсурс беларускай дыктатуры рэзка падсядзе.
Але зыход гэтай вайны пакуль цяжка прадказаць. Ці здолее беларускі кіраўнік адплысці далей ад расійскага «Тытаніка», калі той пачне тануць? Пра гэта разважае палітычны аналітыкАляксандр Класкоўскі на «Позірку».
Год таму ўдарам з беларускай тэрыторыі Расія паспрабавала ўзяць Кіеў. У выніку распачаты раніцай 24 лютага «бліцкрыг» ператварыўся ў зацяжную, ганебную для яе вайну, у якой рэжым Аляксандра Лукашэнкі аказаўся саўдзельнікам агрэсара. Пры гэтым кіраўніку Беларусі пакуль удаецца ўхіляцца ад таго, каб пасылаць свае войскі ў бой супраць украінцаў.
Больш за тое, беларускія ўлады нават займелі некаторыя дывідэнды ад статусу практычна адзінага саюзніка РФ. Але гэта абарочваецца ўсё больш моцнай эканамічнай і палітычнай прывязкай да Крамля.
Палітычны мэйнстрым Захаду схільны лічыць, што Лукашэнка практычна страціў самастойнасць, канчаткова ператварыўся ў маскоўскую марыянетку. Сам правадыр беларускага рэжыму адчувае сябе дыскамфортна і спрабуе адзначыцца ў ролі патэнцыйнага міратворца.
Эканоміка выстаяла, але коштам яшчэ больш моцнай прывязкі да Масквы
На сёння ўжо відавочна, што расійская падтрымка дапамагла ўладам Беларусі змякчыць удар заходніх санкцый за саўдзел у агрэсіі. Апакаліптычныя прагнозы шэрагу экспертаў не апраўдаліся: ВУП за мінулы год упаў толькі на 4,7%. Гэта непрыемна, але не катастрафічна для рэжыму. Запас эканамічнай трываласці захоўваецца. Чыноўнікі казыраюць «гістарычна высокім» станоўчым сальда знешняга гандлю — каля 4,5 млрд долараў.
Мінск атрымаў танны (128,52 долара ЗША за 1000 куб. м) газ на 2023-2025 гады (а памятаеце, раней «пад ялінкай» заўсёды разгараліся баталіі вакол яго цаны?). Таксама ўдалося дамагчыся адмоўнага акцызу для сваіх НПЗ (што павышае іх рэнтабельнасць), адтэрміноўкі выплаты даўгоў.
Лукашэнка радасна ўхапіўся за ідэю імпартазамяшчэння. Беларусь атрымала пад гэтую марку крэдыт у 105 млрд расійскіх рублёў. У прыватнасці, Мінск прапануе сваю мікраэлектроніку і нават гатовы выпускаць штурмавікі Су-25.
Беларускія мікрасхемы, як прызнае Лукашэнка, больш грувасткія, чым лепшыя сусветныя ўзоры. Але Масква — праз санкцыі, сыход заходніх фірмаў — цяпер не ў той сітуацыі, каб круціць носам. Так што многія беларускія тавары — і для ваенных, і для цывільных патрэбаў — усходнія суседзі адрываюць з рукамі.
Дзякуючы Маскве Беларусь, якая страціла ладны кавалак гандлю з Еўропай і амаль увесь гандаль з Украінай, часткова выратавала свой экспарт. У прыватнасці, калій цяпер ідзе ў Кітай вагонамі і марскім шляхам праз Расію. Там нават расшчодрыліся на перадачу Мінску прычала пад Санкт-Пецярбургам (порт Бронка).
Але ўсё гэта даецца цаной узмацнення залежнасці ад Расіі. На яе прыходзіцца ўжо больш за 60% знешняга гандлю. Цяпер фатальна ўзмацняецца і транзітная залежнасць. Мінск вымушаны выконваць 28 саюзных праграм, накіраваных на яшчэ большую, у тым ліку інстытуцыйную, прывязку беларускай эканомікі да расійскай.
Вайна прыспешыла працэс «саюзнай інтэграцыі», якая пагражае інкарпарацыяй. Любому новаму ўраду Беларусі будзе вельмі цяжка вырвацца з гэтай пятлі.
У Беларусі гаспадараць расійскія генералы
Асабліва сумна выглядаюць справы з ваенным суверэнітэтам і знешняй палітыкай (ад праславутай шматвектарнасці засталіся рожкі ды ножкі).
Лукашэнка хоць і з'яўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым, але фактычна на беларускай тэрыторыі гаспадараць расійскія генералы. Цяпер пад выглядам разгортвання сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў яны нацягваюць тут сваіх «мобікаў», а заўтра (ну, не літаральна заўтра, для стварэння ўдарнага кулака патрэбны час) могуць зноў пайсці ў наступ на Украіну з поўначы.
Незалежныя аналітыкі сыходзяцца ў меркаванні, што калі Уладзімір Пуцін паставіць пытанне рубам, то кіраўнік Беларусі воляй-няволяй пашле на вайну і сваё войска.
Разам з тым папулярны тэзіс, што Крэмль у гэтым пытанні так ужо выкручвае рукі, можна аспрэчыць. Калі б вельмі-вельмі хацеў, то ўжо б выкруціў.
Пуцін жа відавочна дэманструе сваё добрае стаўленне: прыляцеў у снежні ў Мінск, зрабіў шмат дарагіх падарункаў фінансава-эканамічнага кшталту. На чарговы канфлікт заклятых саюзнікаў цяперашняя карціна не падобная. У часы канфліктаў Масква закручвала вентыль.
Верагодна, Лукашэнка дагэтуль дастаткова пераканаўча даводзіў крамлёўскаму візаві, што лепш выкарыстоўваць Беларусь як плацдарм, палігон і пастаўшчыка да зарэзу патрэбнай Расіі прадукцыі, чым хутка ператварыць беларускія сілы спецыяльных аперацый (а больш баяздольных падраздзяленняў амаль і няма) у фарш на ўкраінскім фронце. Так, і яшчэ ж, сябар Валодзя, мы прыкрываем тваю спецаперацыю ад подлага натаўскага нажа ў спіну! І потым, уступленне ў вайну, трэба сказаць шчыра, можа пахіснуць унутраную сітуацыю на нашым астраўку стабільнасці.
Зразумела, што Пуцін, ступень рацыяналізму якога да 24 лютага мінулага года многія аналітыкі моцна перабольшвалі, у любы момант можа адмахнуцца ад гэтых довадаў і сказаць саюзніку: не, брат, хопіць выслізгвацца і ў тыле адседжвацца! Ідзём разам на рашучы штурм!
Для супраціву ж імперскаму націску ў Лукашэнкі ўсё менш рэсурсаў.
Апазіцыя — без моцных рычагоў, рэжым жорстка абмежаваны ў манеўры
Пры гэтым няшмат магчымасцей, каб прадухіліць уступленне Беларусі ў вайну, і ў штабоў палітычнай апазіцыі, якія пасля падзей 2020 года заснаваны за мяжой. Ужо не кажучы аб магчымасцях змяніць рэжым.
Ва ўмовах вар'яцкіх рэпрэсій, калі страх у грамадстве зашкальвае, рэалізаваць план «П*рамога», арганізаваць нейкую партызанскую барацьбу нерэальна, што, увогуле, прызнаюць і ў Аб'яднаным пераходным кабінеце пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай. Беларускі добраахвотніцкі полк імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер ваюе на баку Кіева, абяцае потым і родную краіну вызваліць ад дыктатуры. Але на сёння гэтая перспектыва зыбкая і няпэўная.
Пры гэтым відавочна, што ПКК не толькі ратуе гонар Беларусі на полі бою супраць імперыі, але і стаў ужо палітычным феноменам. Іншая справа, што суперніцтва за сімпатыі палка (палітычны ветэран Зянон Пазняк мае намер стварыць у альянсе з ПКК Савет Бяспекі — новы апазіцыйны цэнтр) пагражае толькі ўзмацніць супярэчанні сярод палітычнай эміграцыі.
У сваю чаргу, Кіеў заігрывае з ПКК і дэ-факта ігнорыць Ціханоўскую. Лукашэнка ж, выкарыстоўваючы стаўку ўкраінскага кіраўніцтва на рэалпалітык, спрабуе весці з ім сваю гульню (нядаўна прагаварыўся наконт тайнага пакта аб ненападзе).
Зрэшты, Крэмль гэтую гульню таксама адсочвае і вуснамі міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова прачытаў хітраму беларускаму партнёру закамуфляваную натацыю.
Крамлёўская пуга, ярлык суагрэсара, а таксама палітычны тэрор унутры краіны (спыніць які правадыр не рашаецца) рэзка абмяжоўваюць і магчымасці манеўравання Мінска на заходнім кірунку. Хоць сёй-той у Еўропе (успомнім нядаўні візіт у Мінск кіраўніка венгерскай дыпламатыі Петэра Сіярта) не супраць празандзіраваць глебу.
Але мінулі часы, калі Лукашэнка спрытна разгойдваў геапалітычныя арэлі. Цяпер парог уваходжання ў дыялог з Захадам для таксічнага беларускага кіраўніка неверагодна высокі.
Зыход вайны можа адкрыць акно магчымасцей для перамен
Такім чынам, хоць гэтая вайна грымнула для многіх нечакана, шматгадовая гульня Лукашэнкі з імперыяй вядзе да прадказальнага фіналу. Ён начыста прайграўся ў імперскім казіно. Вайна ж стала магутным каталізатарам пагібельнага працэсу паўзучай інкарпарацыі, павялічыла прорву паміж пануючым у Беларусі рэжымам і дэмакратычным светам.
Акрамя ўсяго іншага, моцна пацярпела рэпутацыя беларусаў (імідж якіх так узвысілі магутныя пратэсты 2020 года), пагоршылася стаўленне да іх украінцаў, у наяўнасці — дыскрымінацыя за мяжой. Трэба аддаць належнае камандзе Ціханоўскай і іншым дэмакратычным сілам, якія даказваюць свету, што рэжым Лукашэнкі і народ Беларусі — не адно і тое ж.
Кіраўнік жа, якому напэўна не дае спакою прывід Гаагі, і ў цяперашняй форс-мажорнай сітуацыі дэманструе віртуозную выкрутлівасць. Калі рэжым Пуціна пад уплывам паражэння ва Украіне захістаецца, то яго саюзнік, напэўна, пастараецца адплысці далей ад расійскага «Тытаніка», які атрымаў прабоіну.
Перамога Украіны адкрыла б акно магчымасцей і для тых, хто хоча змяніць рэжым у Беларусі. Таму што ён абапіраецца на дзве рэчы — жахлівыя рэпрэсіі і Маскву. Аслабне Масква — і рэсурс беларускай дыктатуры рэзка падсядзе.
Але зыход гэтай вайны пакуль цяжка прадказаць. Заканчваецца першы яе крывавы год, і другі абяцае таксама шмат крыві.