Святлана Ціханоўская заклікае беларускую дыяспару выйсці на мітынгі 24 лютага
Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў, якія жывуць у розных краінах свету, далучыцца да мітынгаў пратэсту ў гадавіну пачатку вайны ва Украіне, 24 лютага. Таму што ў самой Беларусі кошт пратэсту цяпер стаў занадта высокім.
«24 лютага 2022 года пачалася жудасная вайна, у якой рэжым Лукашэнкі прымае ўдзел. Праз яго суагрэсарам стала беларуская дзяржава, але не беларусы. Беларусы не падтрымліваюць гэтай вайны, — адзначае Святлана Ціханоўская ў заяве. — Пакуль Лукашэнка даваў тэрыторыю Беларусі для расійскіх самалётаў і салдатаў, беларусы спынялі эшалоны з ваеннай тэхнікай і дасылалі звесткі ў «Беларускі Г*юн». Беларусы працягваюць валанцёрыць ва Украіне і ваяваць у шэрагах УСУ.
Заўтра будзе год, як ідзе вайна, якой не мусіць быць ні дня. І беларусы пра гэта не забываюцца. У нашай краіне, дзе за жоўта-блакітныя стужачкі даюць суткі, а за песню гурта «Океан Ельзи» заводзяць крыміналку, немагчыма выйсці на вуліцу з нацыянальнымі сцягамі Украіны і Беларусі.
Але гэта можна зрабіць за мяжой. Таму заўтра беларусы выйдуць у Аўстрыі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Ірландыі, Італіі, Латвіі, Літве, Нарвегіі, Польшчы, Фінляндыі, Францыі, Чарнагорыі, Швецыі, Эстоніі і іншых краінах свету. Далучайцеся і вы!»
Святлана Ціханоўская прапануе беларусам у замежжы адшукаць (хто яшчэ гэта не зрабіў) суполку іх краіны ці горада, знайсці там інфармацыю, куды беларусы збіраюцца пайсці ў гэты дзень, а таксама абмеркаваць з землякамі пікеты каля амбасад Беларусі — і далучыцца да іх.