365-ты дзень вайны ва Украіне. Апошнія навіны на гэты час
Год таму Расія напала на Украіну. Сабралі галоўныя навіны, якія датычаць вайны ва Украіне, на раніцу 23 лютага.
Расіяне рыхтуюць магчымыя правакацыі да гадавіны поўнамаштабнага ўварвання, хутчэй за ўсё, з мэтай абвінавачвання УСУ ў парушэнні тэрытарыяльнай цэласнасці. Пра гэта ў тым ліку сведчаць даныя разведкі, дзе зафіксаваны рух калон ваеннай тэхнікі без знакаў распазнавання і з салдатамі, апранутымі ў піксель, падобны на форму УСУ, у раёне мяжы з Чарнігаўскай вобласцю.
У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў загінулі два чалавекі, паведаміла АВА.
У Данецкай вобласці два чалавекі паранены, у Харкаўскай — трое параненых.
Генштаб Украіны агучыў арыенціровачныя страты РФ паводле стану на раніцу 23 лютага — асабовага складу каля 145 850 (+790 за апошнія суткі) чалавек.
Армія РФ асноўныя намаганні засяроджвае на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Шахцёрскім напрамках. За мінулыя суткі ўкраінскія абаронцы адбілі каля 90 нападаў арміі РФ на гэтых напрамках, паведаміў украінскі Генштаб у ранішняй зводцы.
У Генштабе адзначаюць, што ў сувязі з правалам наступу і значнымі стратамі пад Вугледарам асабовы склад «дабравольніцкага», так званага «казацкага атрада», які быў аддадзены ў 155-ю брыгаду марской пяхоты Ціхаакіянскага флоту, адмаўляецца ад далейшага ўдзелу ў наступленнях.
* * *
Буданаў заявіў у інтэрв'ю «Украінскай праўдзе», што не чакае чагосьці незвычайнага 23-24 лютага: «Давайце так: нічога незвычайнага не будзе. Звычайныя спробы... Плануецца невялікі ракетны ўдар. 23-24 — у іх дзве даты. Паверце мне, мы такое перажылі ўжо больш за 20 разоў».
Буданаў таксама лічыць, што Расія хоча хутчэй скончыць вайну: «Там таксама ёсць недурныя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія разумеюць, што часу няма ні ў каго. Чым даўжэй гэта будзе працягвацца, тым больш і хутчэй прыйдзе поўнае разбурэнне і Узброеных сіл, і эканомікі».
Таксама кіраўнік вайсковай разведкі Украіны пацвердзіў, што ў асяроддзі Пуціна ёсць агенты ГУР. «Паколькі сітуацыя ў РФ пагаршаецца з кожным днём, знаходзіць людзей, якія ідуць на супрацоўніцтва, становіцца лягчэй», — дадаў Буданаў.
* * *
Прэм'ер Іспаніі Педра Санчэс прыбыў з візітам у Кіеў. Санчэс павінен наведаць Ірпень і Бучу, а таксама сустрэцца з Зяленскім.
* * *
Брытанская разведка лічыць, што Расія можа рыхтавацца да чарговага наступу ў раёне Вугледара, але наўрад ці мае ўдарную сілу, здольную на прарыў. Аналітыкі адзначаюць, што адказнасць за Вугледарскую аперацыю, хутчэй за ўсё, дагэтуль нясе расійская Усходняя групоўка войскаў. Яе камандуючы Рустам Мурадаў, верагодна, знаходзіцца пад моцным ціскам, каб палепшыць вынікі пасля рэзкай крытыкі з боку расійскай нацыяналістычнай супольнасці з-за папярэдніх няўдач. Аднак наўрад ці Мурадаў валодае неабходнай ударнай сілай.
Разведка таксама адзначыла, што ў апошнія 48 гадзін працягваюцца цяжкія баі ў раёне Бахмута, дзе ўкраінскія сілы захоўваюць шляхі забеспячэння адкрытымі на захадзе, нягледзячы на паўзучае акружэнне Расіі цягам апошніх шасці тыдняў.
* * *
Расійскія бамбавікі Ту-95 з аэрадрома «Энгельс-2» пад Саратавам, які некалькі разоў падвяргаўся ўдарам беспілотнікаў, маглі перамясціць на аэрадром стратэгічнай авіяцыі ў Мурманскай вобласці. У прыватнасці, у лютым на аэрадроме з'явілася сем дадатковых Ту-95, а ўсяго на аэрадроме зараз размешчаны 11 Ту-95, два Ту-160 і два самалёты-запраўшчыкі Іл-78. Журналісты лічаць, што гэта можа сведчыць аб актыўным выкарыстанні гэтага аэрадрома для будучых нападаў на тэрыторыю Украіны.
* * *
На працягу пяці месяцаў 98 польскіх паліцэйскіх удзельнічалі ў звышсакрэтнай місіі ва Украіне па размініраванні вызваленых тэрыторый, піша «Wirtualna Polska». Усе яны ўжо вярнуліся дадому. Выданне адзначае, што ва ўкраінскай арміі няма дастатковай колькасці сапёраў, каб хутка справіцца з размініраваннем. Не могуць гэтага рабіць і ваенныя сапёры з краін НАТА, паколькі гэта будзе расцэнена Расіяй як правакацыя. Таму было вырашана адправіць паліцэйскіх піратэхнікаў. З усіх чальцоў групы «ATLAS», да якой звярнуўся Кіеў, адгукнулася толькі Польшча. Астатнія краіны палічылі місію занадта небяспечнай.
Спачатку місія павінна была доўжыцца тры месяцы, аднак у снежні была працягнута яшчэ на два. Польскія паліцэйскія працавалі ў Кіеўскай вобласці — адной з першых задач была расчыстка тэрыторыі аднаго з аэрапортаў пад Кіевам. Палякі прыбралі ўсяго каля 2000 небяспечных прадметаў. Акрамя іншага яны ачысцілі дарогі і палі ад процітанкавых і проціпяхотных мін. За амаль пяць месяцаў працы ні адзін з польскіх паліцэйскіх не пацярпеў.
* * *
Новы міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус «зламаў стрыманасць Берліна» ў пытанні паставак зброі Украіне, заявіў намеснік міністра замежных спраў Андрэй Мельнік у інтэрв'ю «УП»: «Спадар Пісторыус зусім іншага фармату, чым спадарыня Ламбрэхт. Ён, думаю, хоча ўвайсці ў гісторыю менавіта як той, хто зламаў гэтую стрыманасць Берліна. І мы бачым, што менавіта дзякуючы яго лідарскай пазіцыі ўнутры ўрада гэты лёд пачынае раставаць».
* * *
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што канцэпцыя «гістарычных меж» можа быць выкарыстана Расіяй для апраўдання агрэсіі супраць любой суседняй дзяржавы. У тым ліку і ў дачыненні да Малдовы, указ аб павазе тэрытарыяльнай цэласнасці якой Пуцін ужо скасаваў. Акрамя таго, канцэпцыю такіх «гістарычных меж» можна прыкласці і да краін Цэнтральнай Азіі, што не маюць агульнай мяжы з Расіяй, але маюць тэрыторыі, якія некалі належалі або Савецкаму Саюзу, або Расійскай імперыі.
Аналітыкі звярнулі ўвагу, што перад выступленнем на стадыёне 22 лютага Пуцін выдаў указ аб адмене ўказа ад траўня 2012 года аб пазіцыі Расіі адносна тэрытарыяльнай цэласнасці Малдовы, у якім гаварылася, што РФ будзе цвёрда прытрымлівацца прынцыпаў Статута ААН, якія патрабуюць развіцця сяброўскіх адносін паміж дзяржавамі на аснове роўнасці, павагі іх суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці.
Адмена ўказа 2012 года не азначае, што Пуцін мае намер напасці на Малдову цяпер — для гэтага яму не хапае вайсковага патэнцыялу. Аднак гэта паказвае на эскалацыю яго намаганняў па падрыве малдаўскай дзяржавы, лічаць у ISW.
Мінабароны РФ заявіла, што Кіеў нібыта рыхтуе «ўзброеную правакацыю» супраць Прыднястроўя, Расія «ўважліва адсочвае» сітуацыю на мяжы Украіны з «ПМР» і «гатова да рэагавання на любыя змены абстаноўкі».
* * *
Швейцарскі майстар па святле Геры Хофштэтэр з 22 па 27 лютага ў рамках арт-туру «Ушанаванне памяці. Святло для надзеі» па гарадах Украіны падсвеціць будынкі і помнікі да гадавіны поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Пра гэта паведаміла Мінкультуры Украіны.
Паводле korrespondent.net, www.eurointegration.com.ua, www.pravda.com.ua, www.ukrinform.ua