Кіеў абвясціў пра пастаўкі смяротнай зброі ад дзесяці заходніх краін
Кіеў атрымлівае зброю, у тым ліку смяротную, больш чым ад дзесяці заходніх краін, заявіў цяпер ужо былы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Украіны Валерый Чалы. Чыноўнік прызначаны ў пятніцу, 10 ліпеня, амбасадарам у ЗША.
"Мы зброю атрымліваем, у тым ліку і смяротную, і ніхто суверэннай Украіне не можа гэтага забараніць. Іншая справа, што не прынята афішаваць пералік краін, але гэта больш за дзесятак дзяржаў толькі з Еўропы. У нас з імі розны ўзровень ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, і на дадзеным этапе яно развіваецца", — распавёў ён у інтэрв'ю выданню "Зеркало недели".
Ён таксама пералічыў віды тэхнікі, якія Украіна атрымлівае ад ЗША. Паводле яго слоў, Вашынгтон прадастаўляе "сродкі сувязі, прыборы начнога бачання, медыцынскае абсталяванне, контрбатарэйныя радары, браняваныя баявыя машыны, рабатызаваныя сістэмы, у тым ліку размініравання, дадзеныя касмічнай разведкі".
Чалы сцвярджае, што Украіна мае магчымасці "вельмі хутка атрымаць патрэбныя аб'ёмы зброі", нават не маючы іх у дадзены момант на тэрыторыі краіны. "Трэба разумець, што мусім быць гатовымі да любой сітуацыі. І таксама трэба разумець, што Украіна, якая аддала 1 240 ядзерных боегаловак, павінна мець права атрымаць, калі спатрэбіцца, хоць бы тысячу "Javelin", — заявіў ён.
Аргументуючы неабходнасць у заходняй зброі, Чалы адзначыў, што "Украіна самастойна з адной з самых узброеных армій свету не справіцца". Для гэтага, лічыць ён, "неабходна прыняць нейкія прэвентыўныя рашэнні".
Увесну Кіеў неаднаразова заяўляў пра тое, што краіны Захаду згодныя пачаць пастаўкі смяротнага ўзбраення. Аднак тады размова ішла толькі аб планах, а з заявы Чалага вынікае, што пастаўкі ўжо ідуць.
Летась Парашэнка падчас свайго візіту ў ЗША папрасіў Вашынгтон аб ваеннай дапамозе. Пазней кангрэс ЗША ўхваліў пастаўкі смяротнай зброі. У адміністрацыі Барака Абамы заявілі, што казаць пра гэта пакуль заўчасна. Па словах прадстаўніка Белага дома, прэзідэнт ЗША ў пачатку сакавіка абмяркоўваў просьбу Кіева з калегамі з Францыі, Германіі, Італіі, Вялікабрытаніі і Савета Еўропы, у выніку чаго ўсе прыйшлі да высновы, што трэба працягваць вырашаць праблему шляхам перамоваў.