Камуністычная партыя Кітая прызначыла Сі Цзіньпіна на трэці тэрмін
Завяршыўся з'езд Камуністычнай партыі КНР. Дэлегаты прызначылі Сі Цзіньпіна на пасаду кіраўніка яшчэ на 5 гадоў.
Камуністычная партыя Кітая завяршыла свой з'езд, які праводзіцца два разы на дзесяцігоддзе, ухваліўшы папраўкі ў Канстытуцыю, якія дазваляюць Сі Цзіньпіну застацца на трэці тэрмін, паведамляе агенцтва «Reuters».
У новы Цэнтральны камітэт партыі, які складаецца з 205 членаў, не ўвайшлі цяперашні прэм'ер-міністр Лі Кэцян і былы кіраўнік партыі Гуандун Ван Ян, які разглядаўся як патэнцыйная замена на пасадзе прэм'ера.
Аналітыкі заявілі, што новы кабмін, верагодна, будзе ўкамплектаваны людзьмі, блізкімі да Сі Цзіньпіна.
«Галоўная тэма гэтага з'езду, як відаць з канстытуцыйнай папраўкі і дакладу, — статус Сі Цзіньпіна», — сказаў Чэн Ган, старшы навуковы супрацоўнік Усходнеазіяцкага інстытута Сінгапура. — Пасля гэтага з'езду аўтарытэт Сі Цзіньпіна вырасце яшчэ больш. У будучыні мы ўбачым вялікую канцэнтрацыю ўлады вакол Сі Цзіньпіна».
І Лі Кэцяну, які ў сакавіку сыдзе з пасады прэм'ера, і Ван Яну, які ўзначальвае Кітайскую народную палітычную кансультатыўную канферэнцыю, па 67 гадоў, і таму яны маюць права прапрацаваць яшчэ пяць гадоў у Пастаянным камітэце. Але ніводзін з іх не мае сувязей з Сі Цзіньпінам, які, верагодна, увядзе ў Пастаянны камітэт чатырох новых асоб.
Палітолаг з Пекіна, які пажадаў застацца ананімным, бо ён не ўпаўнаважаны мець зносіны са СМІ, сказаў, што Лі Кэцян быў адзіным праціўнікам Сі Цзіньпіна ў Пастаянным камітэце:
«Мяркуючы па ўсім, Сі Цзіньпін вольны рабіць усё, што захоча. Гэта азначае, што ён больш не сутыкаецца з супрацівам або стрымліваннем. Уся будучая палітыка будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з яго воляй».
Таксама ў суботу Камуністычная партыя Кітая ўхваліла папраўкі да Канстытуцыі, накіраваныя на ўмацаванне асноўнага статусу Сі Цзіньпіна і яго кіруючай ролі ўнутры партыі.
Сярод паправак два палажэнні вызначаюць Сі Цзіньпіна як «асноўнага лідара партыі» і замацоўваюць яго ідэі ў якасці кіруючых прынцыпаў будучага развіцця Кітая. Яны гарантуюць «ключавы статус» Сі Цзіньпіна ў партыі і цэнтралізаваную ўладу партыі над Кітаем.
Іншая папраўка замацавала ў Канстытуцыі «развіццё баявога духу, умацаванне баяздольнасці».
Галасаванне праводзілася ўзняццем рук у велізарнай Народнай зале, дзе вялікая частка пасяджэнняў з'езду праходзіла за зачыненымі дзвярыма.