«У Беларусі павінна быць парламенцкая мадэль кіравання»

Палітолаг Андрэй Казакевіч разважае над тым, што сыходу Лукашэнкі для Беларусі недастаткова — трэба мяняць усю сістэму.

Андрэй Каззакевіч. Фота: facebook.com

Андрэй Каззакевіч. Фота: facebook.com


— Каб грамадства саспела да разумення новага палітычнага ладу, павінна быць шырокая і доўгая дыскусія па гэтых пытаннях. Таму што зразумела, што звычайныя людзі не маюць часу вывучаць канстытуцыйнае права або корпацца ў нейкіх дэталях Канстытуцыі, — разважае пра будучыню палітычнага ладу Беларусі палітолаг Андрэй Казакевіч у эфіры «М*ланка». — У сувязі з тым, што ў беларускім грамадстве такой глыбокай дыскусіі не было ўсе апошнія дзесяцігоддзі, то, вядома, уяўленні досыць адрывістыя.
Паводле слоў Казакевіча, многія проста хочуць змяніць Лукашэнку і не думаюць пра тое, што можна мяняць саму сістэму, бо не ўяўляюць, якім чынам гэта рабіць.
— Але, калі мы гаворым пра пратэсна настроеных людзей ці пра тых, хто актыўна падтрымлівае дэмакратычныя сілы, а таксама калі паглядзець на дыскусію па гэтым пытанні ўнутры саміх дэмакратычных сіл у апошнія гады, то складваецца кансенсус, што ў Беларусі павінна быць парламенцкая мадэль кіравання.
Можа быць, парламенцка-прэзідэнцкая, — працягвае сваю думку Казакевіч. — Але ў любым выпадку прэзідэнт павінен быць слабым і не мець сур'ёзных паўнамоцтваў. І, перш за ўсё, ён не павінен кантраляваць урад.
Палітолаг тлумачыць, што гэта найбольш важная і адметная рыса паміж рознымі мадэлямі — пытанне, хто кантралюе выканаўчую ўладу. І кансенсус, паводле Казакевіча, цяпер складваецца такім чынам, што выканаўчую ўладу павінен кантраляваць парламент.
Ён удакладняе:
— Кансенсус я маю на ўвазе па выніках тых публічных дыскусій, якія былі апошнія два гады, па выніках працы грамадскай Канстытуцыйнай камісіі і па тых выказваннях, якія рабілі розныя палітыкі шырока: і Латушка, і Цапкала, і Офіс Ціханоўскай.
Прапануецца менавіта такая мадэль, але з невялікімі варыяцыямі або з нейкімі выключэннямі і дапаўненнямі. Але, так ці інакш, калі мы гаворым пра альтэрнатыўную палітычную сістэму, то яна будзе пабудаваная менавіта на гэтых прынцыпах.
Андрэй Казакевіч перакананы, што беларускае грамадства да гэтага ўжо абсалютна гатовае. Хоць ён і кажа, што нельга выключаць нейкі адкат і нейкую стомленасць ад дэмакратыі.
— Але ў цэлым я не бачу праблем для беларускага грамадства для пераходу да такой формы кіравання. Усё-ткі ёсць гатоўнасць прытрымлівацца правілаў, ёсць гатоўнасць удзельнічаць у палітычным жыцці. І, арыентуючыся на тое, як адбываліся падзеі ў 2020 годзе, а таксама прымаючы пад увагу сусветны досвед, няма ніякіх падстаў сцвярджаць, што беларусы не гатовыя да дэмакратыі.
Паводле «Салідарнасці»