Якога колеру Грыла?

У асобе італьянскага коміка Бепе Грыла, чый «Рух пяці зорак» на парламенцкіх выбарах зрабіў палітычную сенсацыю, палітолагі разглядзелі рэінкарнацыю Беніта Мусаліні. Але феномен Грыла наўрад ці прывядзе да новага паходу на Рым.



beppe_grillo.jpg

Бепе Грыла

Нарцыс, дэмагог, клоун, сабатажнік, анархіст і, нарэшце, новы дучэ. Такімі мянушкамі ўзнагародзілі Бепе Грыла напярэдадні дня галасавання палітычны істэблішмент і італьянская прэса. Нягледзячы на вербальныя атакі, «Рух пяці зорак» (M5S) не толькі не страціў у рэйтынгах, аднак атрымаў найбольшую фракцыю ў ніжняй палаце.

 

Трыумф коміка не астудзіў запал яго крытыкаў. Наадварот, у прэсе працягваюцца спрэчкі наконт феномену Бепе Грыла. Адзін з самых любімых заняткаў антыгрыпістаў — шукаць і знаходзіць асацыяцыі паміж ім і фашысцкім дыктатарам Беніта Мусаліні.

 

На адзінства прыроды абодвух палітыкаў, на іх думку, наводзяць нават нейкія вонкавыя рэчы. Напрыклад, у прэсе ахвотна цытуюць старажылаў, якія яшчэ памятаюць часы фашызму. Па іх словах, пачуўшы на мітынгах крыкі: «Бе-пе! Бе-пе!», спачатку думалі, што вярнуліся ў маладосць, калі натоўп пры з’яўленні Мусаліні скандаваў: «Ду-чэ! Ду-чэ!». Пранырлівыя журналісты нават знайшлі, што адна з прамоў Гітлера 1935 года вельмі падобная на спіч Бепе. Абодва кажуць пра тое, што «сацыялісты нарэшце мёртвыя».

 

Аднак ёсць і больш сур’ёзныя прычыны падазраваць Бепе ў тым, што ён парушае аўтарскія правы Беніта. Увага звяртаецца на тое, што Берлусконі і Грыла будуць ідэалогію сваіх праектаў на нянавісці да партыйнай і парламенцкай сістэмаў.

 

Як кажа Бепе Грыла, «партыі і парламент — гэта не рашэнне праблемы, а частка праблемы». У тым жа духу разважаў дучэ, калі казаў: «Ісціна ў тым, што людзі стаміліся ад дэмакратыі». У якасці альтэрнатывы партыям прапануецца фармат руху. Так, Мусаліні, калі ў сакавіку 1919 года заявіў пра стварэнне арганізацыі фашыстаў, таксама ўпарта называў сваю ініцыятыву рухам. Ён казаў, што ў фашызму не можа быць статуту, а фашысцкая праграма носіць цалкам «трансцэндэнтальны характар». Палітолагі вельмі проста тлумачаць любоў папулісцкіх і аўтарытарных палітыкаў да мадэлі «руху». Такая арганізацыя не мае дактрыны, што аўтаматычна надае іх лідарам дадатковыя функцыі гуру.

 

017737_beppegrillo.jpg

 

Пра тое, што «Рух пяці зорак» зацыклены на адной асобе, казаць не даводзіцца. Асноўныя прынцыпы і арганізацыйная інфраструктура M5S дзейнічаюць паводле дакументу «Антыстатут», які быў напісаны Грыла і адным інтэрнэтпрадпрымальнікам. Паводле «Антыстатуту», рух не мае офіснага памяшкання. Сустрэчы прыхільнікаў M5S могуць адбывацца выключна на мясцовым узроўні. Існуе толькі адзін орган, які мае права гаварыць ад імя ўсяго руху — гэта персанальны сайт Бепе Грыла. Падчас выбарчай кампаніі кандыдатам M5S было забаронена ўдзельнічаць у палітычных ток-шоў, а ў інтэрв’ю дазвалялася толькі пераказваць асноўныя пункты праграмы. Гэта тлумачылася тым, што, выступаючы перад журналістамі і палітычнымі апанентамі, можна стаць сябрам «карумпаванай эліты». Грыла — адзіны, хто мае права гаварыць з грамадскасцю, што, праўда, пасля выбараў ператварыла норму ў абсурд. Ніводны з 150 дэпутатаў, якія прайшлі па спісах руху, не мае права публічна выступаць перад СМІ.

 

Можна пабачыць паралелі, калі параўнаць сацыяльныя базы грылістаў і фашыстаў. І Мусаліні, і Грыла арыентуюцца на моладзь, якой і так дыскамфортна, а тым больш у часы крызісу (цяпер 35 працэнтаў італьянскай моладзі беспрацоўныя). Таму для абодвух палітыкаў характэрная агрэсіўная нігілісцкая логіка, якая знаходзіць падтрымку ў гэтай грамадскай групе. Як тут ні згадаць, што ў якасці сімвалу грылісты выкарыстоўваюць знак «V», што значыць італьянскі выраз: «Vaffa!» (аналаг вядомай англійскай лаянкі ‘F..k off!’). У сваім блогу Грыла рэдуцыруе комплекс грамадскіх праблемаў да ўзроўню прымітыўных бінарных адносін грамадзяніна і ўлады, якая таго грамадзяніна ашукала і павінна быць за гэта пакараная.

 

Як і фашыстам, Бепе характэрныя некаторыя нацыяналістычныя забабоны — нелюбоў да Еўропы, і асабліва немцаў, лідар якіх, Ангела Меркель, быццам, нясе адказнасць за скарачэнне сацыяльнай дапамогі ў Італіі. Падчас кампаніі ў Ламбардыі касцяком яго мясцовага штабу стала група новых правых «Casopound». У пошуках апраўдання лідар M5S заявіў, што «фашызм — гэта вельмі складаная з’ява». А «Casopound», па яго словах, «эксплуатуе фальклорную спадчыну фашызму».

 

Брытанскі часопіс «The Spectator» у адным са сваіх артыкулаў пра феномен Бепе Грыла прагназуе такую перспектыву: «Ласкава просім у фашысцкую будучыню».

 

Аднак ёсць і набор аргументаў «супраць» такога параўнання. Па-першае, сярод кансультантаў і саюзнікаў Бепе шмат вядомых левых, напрыклад, эканаміст, нобелеўскі лаўрэат Ёзэф Штыгліц або драматург, лаўрэат Дарыё Фо. Апошняга, дарэчы, Бепе нават думае прапанаваць на пасаду італьянскага прэзідэнта. Сам Грыла выйшаў з антыглабалісцкага руху, што, дарэчы, ахвотна ўзгадваюць цяперашнія антыглабалісты. Так, амерыканскі лева-ліберальны часопіс лічыць, што антыкарпаратыўны рух «Occupy Wall Street» у ЗША павінен шукаць спікера, падобнага да Бепе.

 

Па-другое, Італія не з’яўляецца манапалістам на пратэстны рух. У шматлікіх краінах Еўропы пад уплывам апатыі да парламентарызму назіраецца крызіс палітычнай рэпрэзентацыі. Больш таго, такі крызіс быў у Італіі пасля славутай антыкарупцыйнай аперацыі «Чыстыя рукі», вынікі якой дыскрэдытавалі палітычную эліту першай рэспублікі. Тады на фоне расчаравання ў старых палітыках на авансцэну і выйшаў Сільвіа Берлусконі. Па сутнасці, гэта ён абкатаў і стварыў у Італіі інстытут папулізму — прывучыў людзей да новага палітычнага стылю і этасу. У цэнтры гэтай формулы — моцная персона, якая не толькі дэманструе характар, аднак і ўмее добра прамаўляць. Так што Бепе Грыла проста працягнуў справу Сільвіа Берлусконі, з той, аднак, розніцай, што зрабіў стаўку не на тэлебачанне, а на інтэрнэт. Некаторыя называюць яго мадэль «віртуальным папулізмам». Кепска гэта або добра, аднак пры ўсім негатыве да фашызму не падобна.

 

Што тычыцца флірту з ультраправымі, дык варта згадаць яшчэ адно выслоўе Грыла. Калі на адной з сустрэч актывіст праварадыкальнага руху спытаў Бепе, ці лічыць ён сябе антыфашыстам, Бепе адказаў, што «антыфашызм не ў яго кампетэнцыі, а ўступленне сяброў M5S у антыфашысцкі рух не з’яўляецца табу, калі будзе дасягнуты кампраміс па канкрэтных пунктах праграмы». Гэта яўна жаргон не фашыста, а, хутчэй, палітычнага прагматыка.

 

Так што феномен Грыла наўрад ці прывядзе да новага паходу на Рым. Хутчэй, гэта будзе One-Man-Show (шоў аднаго чалавека), які да нейкага часу зможа эксплуатаваць пратэстныя настроі, не надаючы ім сістэмны выгляд. Ну а для самых песімістаў, якія баяцца адраджэння карычневай чумы, нагадаем славуты выраз Карла Маркса: «Гісторыя паўтараецца двойчы. Адзін раз у выглядзе трагедыі, а другі раз — як фарс». Прафесійны комік Бепе Грыла, хутчэй, падыходзіць для фарса.